У камандзе Офіса Святланы Ціханоўскай адбыліся важныя перамены. Новым дарадцам беларускай лідаркі па прававых пытаннях замест Крысціны Рыхтэр стаў Леанід Марозаў. Беларускі юрыст, выкладчык і былы міжнародны сакратар Нацыянальнай моладзевай рады “РАДА” адказаў на пытанні racyja.com пра тое, як выглядае праца юрыдычнай службы Офіса, як выглядаюць асаблівасці правапрымянення беларускіх і міжнародных законаў у выгнанні, а таксама пра тое, ці варта быць юрыстам зараз у сучаснай Беларусі.
РР: Раскажыце, колькі прыблізна зваротаў ад беларусаў паступае штодня?
– Што датычыць Офісу і юрыдычнага аддзелу, то гэта месца, дзе шмат разнастайнай працы, якая патрабуе прававой, а часам міжнародна-прававой экспертызы. Я па сваёй спецыяльнасці юрыст-міжнароднік. Калі мы кажам пра прыярытэты юрыдычнага дэпартаменту і мае, то яны застаюцца нязменнымі. Гэта канешне міжнародная адказнасць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і канешне дапамога тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі ў Беларусі. У першую чаргу – гэта тыя, хто з’ехаў з Беларусі па палітычным прычынам.
Мы займаемся адвакацыяй нашых нацыянальных інтарэсаў. У прыватнасці, калі казаць практычна, то ў мінулым годзе юрыдычны дэпартамент працаваў з канцэпцыяй пераходнай справядлівасці, гэта пра кампенсацыю ахвярам палітычна-матываванага пераследу. Гэты дакумент можна знайсці на сайце Офісу Святланы Ціханоўскай. Цяпер, як мне падаецца, прыйшоў час зірнуць на другую частку гэтай працы. Адказнасць парушальнікаў і гарантыі не паўтарэння такой жа сітуацыі ў Беларусі. Простымі словамі, каб Беларусь зноў не скацілася назад у дыктатуру.
РР: У сваім інтэрв’ю вы заўважылі, што раней праводзілася шмат незаўважнай працы.
– Так, я гатовы пацвердзіць гэты факт. Працэнтаў 80 працы на жаль не бачныя. Спецыфіка маёй юрыдычнай працы такая, каб не выходзіць у паблік з нейкай інфармацыяй. Я і мае калі, якія працуюць са мной, прытрымліваюцца палітыкі не нашкодзіць. Напэўна з палітычнага пункту гледжання, я сябе не пазіцыяную палітыкам, я ўсё ж такі юрыст-міжнароднік. Галоўная мэта, як я кажу, мая і юрыдычнага дэпартаменту Офісу, дапамагчы грамадзянам Рэспублікі Беларусь. Тое, што пра гэта мала хто ведае, то гэта іншая справа.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле: