Лёс нашай бацькаўшчыны, будучыня мовы перадусім залежаць ад тых, хто застаецца ў Беларусі, піша nashaniva.com. Але вось што нам кажа досвед дыяспары ХХ стагоддзя.
Пасля Другой сусветнай вайны ў Вялікабрытаніі апынулася нямала беларусаў з былой Заходняй Беларусі, якія да вайны мелі польскае грамадзянства. Для брытанцаў гэтыя людзі былі саюзнікамі ў вайне з нацызмам, многія служылі ў арміі генерала Уладзіслава Андэрса. Таму Лондан даў ім прытулак і грамадзянства. Вяртацца ж на радзіму ім было проста фізічна небяспечна.
Згуртаванне Беларусаў у Вялікай Брытаніі ў 1948 годзе налічвала 369 сяброў. Для параўнання, паводле перапісу 2001 года ў Вялікабрытаніі жыло 1154 чалавекі, народжаныя ў сучаснай Беларусі, у 2011-м — 4406.
Іх было няшмат, але яны былі вельмі актыўныя. Многія з нашых суайчыннікаў, што пасля вайны апынуліся ў «вольным свеце», былі свядомымі беларусамі. Актыўна займаючыся рознымі формамі нацыянальнай дзейнасці на радзіме, не хацелі яны гэтага кідаць і ў выгнанні. Але для таго, каб такая праца была эфектыўная, патрэбныя лідары і структуры.
Беларусам Вялікабрытаніі ў гэтым плане пашанцавала, бо тут працавалі энергічныя ўніяцкія святары. Іх лідарам быў Чэслаў Сіповіч, які, пераехаўшы ў Вялікабрытанію ў 1948 годзе з Рыма, стварыў у ціхім квартале паўночнага Лондана Беларускую каталіцкую місію — рэлігійны асяродак, вакол якога круцілася і грамадскае жыццё. З часам да Сіповіча далучыліся іншыя святары: Леў Гарошка, Аляксандр Надсан і адпушчаны пасля смерці Сталіна з савецкага ГУЛАГа Язэп Германовіч.
Bibliotheca Alboruthena
Чэслаў Сіповіч і Леў Гарошка былі апантанымі кнігалюбамі. Маючы багатыя прыватныя кнігазборы, яны паклалі іх у аснову беларускай бібліятэкі, створанай у канцы 1950- х і даступнай для агульнага карыстання.
Кнігазбор займаў вялікі пакой на другім паверсе ў Марыян-хаусе — «Марыйным доме» — будынку Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. (Святары-марыяне змянілі назву дома з «Бельведэр» на «Марыйны дом» у 1954 годзе.) У 1960 годзе бібліятэка ўжо называлася Bibliotheca Alboruthena, мела сваю пячатку і каталог.
Святары актыўна скупалі старадрукі, першыя выданні беларускіх аўтараў і розныя іншыя цікавінкі. Пасля вайны іх было нямала ў букіністычных кнігарнях па ўсім свеце, трэба было толькі мэтанакіравана займацца выяўленнем і закупкамі. І ўжо ў 1968 годзе бібліятэка налічвала ў сваіх зборах 6500 кніг.
Усебеларускі краўдфандынг
15 мая 1971 года бібліятэка афіцыйна аформілася ў асобную ўстанову — Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны. Гэта адбылося пасля таго, як святарам удалося набыць выстаўлены на продаж дом, што месціўся праз дарогу ад Марыян-хауса. Купля была вельмі своечасовай, бо магчымасці самога Марыян-хауса ўжо зусім не адпавядалі патрэбам захавання такой вялікай калекцыі: пад цяжарам паліц банальна праламалася падлога.
Каб набыць новы дом, біскуп Сіповіч абвясціў кампанію па зборы сродкаў. Іх збіралі сярод беларусаў па ўсім свеце. Лонданскія святары аддавалі значную частку сваіх заробкаў, каб выплаціць пазыку за будынак, а дзясяткі суродзічаў рабілі ахвяраванні і пакідалі бібліятэцы грошы ў спадчыну. Было разуменне таго, што сур’ёзны навукова-акадэмічны асяродак на Захадзе для паўнавартаснага беларускага жыцця за межамі СССР жыццёва неабходны. Беларускі пісьменнік з Польшчы Сакрат Яновіч назваў лонданскую бібліятэку «акном да беларускай культуры на Захадзе».
«З усіх праектаў i пачынанняў біскупа Сіповіча Бібліятэка імя Францішка Скарыны сталася найбольш трывалай i даўгавечнай, — пісаў айцец Аляксандр Надсан. — Яна і цяпер стаіць як помнік любові аднаго чалавека да свайго народа i Бацькаўшчыны — любові, якую не змаглі знішчыць ці аслабіць гады жыцця на чужыне».
Нягледзячы на ахвярнасць многіх беларусаў, фінансавае становішча бібліятэкі доўга было няпростым. І толькі ў 1980-я гады прадпрымальны беларус-бухгалтар дапамог зрабіць удалыя інвестыцыі, якія стварылі для ўстановы больш-менш надзейную грашовую падушку.
Звалі гэтага чалавека Павел Асіповіч. Ён быў старшынёй Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі і сузаснавальнікам Англа-беларускага таварыства.
Аляксандр Надсан
Найбольшы росквіт Скарынаўскай бібліятэкі звязаны з іменем айца Аляксандра Надсана (1926—2015) — самага маладога са святароў Каталіцкай місіі ў Лондане, які пасяліўся ў Вялікабрытаніі ў 1946 годзе.
Пры ім бібліятэка набыла прыблізна палову сваіх старадрукаў, то-бок выданняў, што пабачылі свет да ХІХ стагоддзя. Усяго такіх выданняў у Скарынаўцы каля дваццаці: невялікі фрагмент скарынавых Кніг Царстваў, два Статуты Вялікага Княства Літоўскага, «Апісанне еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гваньіні, «Сабраніе прыпадкаў» супрасльскага друку і іншыя.
Як святар, айцец Надсан, адведваючы беларускія асяродкі, двойчы аб’ехаў вакол свету. І ніколі не вяртаўся з гэтых паездак з пустымі рукамі: суродзічы пастаянна перадавалі праз яго свае назапашаныя скарбы ў Скарынаўку.
«Беларусы былі разумныя»
Рэгулярным карыстальнікам беларускай бібліятэкі цягам многіх гадоў быў Гай Пікарда (1931—2007) — чалавек энцыклапедычных ведаў, юрыст паводле адукацыі, знаўца музыкі і кулінарыі. Па словах Джыма Дынглі, аднаго з першых сяброў Апякунскай рады бібліятэкі, Пікарда адкрыў свету скарбы беларускай царкоўнай музыкі. Яму ж належыць аўтарства першага англамоўнага турыстычнага даведніка па Мінску. Пікарда выдатна адчуваў беларускую мову, ведаў нашу гісторыю і звычаі і неверагодна прыгожа гаварыў пра іх па-англійску. Вывучаючы Беларусь, гэты чалавек, які сцвярджаў, што ў яго жылах цякла брэтонская і ірландская кроў (але магчыма, гэта была яго прыдумка, выглядае, што ён быў французам і англічанінам па паходжанні, магчыма, з дамешкам яўрэйскай крыві), пакінуў запавет, каб пасля смерці ягоны прах пахавалі ў Мінску — і сапраўды ён знайшоў спачын каля Чырвонага касцёла.
Таксама многія гады працавала з фондамі бібліятэкі Вера Рыч (1936—2009) — журналістка, паэтэса і таленавітая перакладчыца. Сёлета, дарэчы, спаўняецца 50 гадоў першай і дагэтуль найбольш поўнай англамоўнай анталогіі беларускай паэзіі — «Як вада, як агонь» (Like Water, Like Fire) — у перакладзе Веры Рыч. Пасля смерці адна частка яе праху была пахаваная ў беларускай царкве ў Лондане (дзень першага прыходу туды яна назвала галоўным днём свайго жыцця), а другая — ва ўкраінскім Каневе, непадалёк ад магілы яе ўлюбёнага паэта Тараса Шаўчэнкі.
Навукоўцы прыходзілі ў Скарынаўку не толькі самі, іх адмыслова адсочвалі ды запрашалі. Вось як Арнольд Макмілін, аўтар манументальнай «Гісторыі беларускай літаратуры: ад пачаткаў да сённяшняга дня» і яшчэ шасці манаграфій, з гумарам апісаў сваё знаёмства з беларускай дыяспарай:
«Беларусы былі разумныя: яны хутка даведаліся, што я пачаў працаваць над дактаратам пра беларускую літаратурную лексіку. Яны паслалі Гая Пікарда паглядзець, што я за птушка. Мы сустрэліся ў Белсайз Парку, ён і кажа: «Віно — важная справа, Арнольд». Мы пайшлі ў паб на некалькі кілішкаў. Потым, я думаю, ён даклаў, што я — не абсалютны вар’ят. У выніку я трапіў у бібліятэку, якая тады знаходзілася ў Марыян-хаусе. Бібліятэкарам быў а. Гарошка — даволі рэзкі чалавек, але ён вельмі дапамог мне знайсці патрэбныя тэксты XIX стагоддзя для маіх даследаванняў».
Агент Мальдзіс
Першым даследчыкам з БССР, які змог папрацаваць у Скарынаўскай бібліятэцы, стаў у 1980-я літаратуразнаўца Адам Мальдзіс. Ён тады быў супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Заадно беларускі даследчык нарэшце асабіста пазнаёміўся з Арнольдам Макмілінам, з якім яго звязвала рэцэнзія на першую англамоўную «Гісторыю беларускай літаратуры». Напісаць зусім станоўча пра працу «буржуазнага» даследчыка ў савецкія часы было немагчыма, таму Мальдзіс вынайшаў для яго працы адмысловую крытычную характарыстыку — «буржуазны аб’ектывізм». Але Макмілін становішча калег па той бок жалезнай заслоны разумеў, таму зла не трымаў. Пазнаёміўшыся ў Лондане, два прафесары моцна пасябравалі.
Савецкая цэнзура адбілася і на падарожных нататках Мальдзіса з двухмесячнай паездкі ў Вялікабрытанію. Іх фрагменты з’явіліся спачатку ў часопісе «Полымя», а пазней — у асобным раздзеле кнігі, складзенай з падарожных дзённікаў. Пасля першай публікацыі прафесар Мальдзіс атрымаў па галаве за добрыя ўзгадкі пра клопат суродзічаў у Брытаніі аб нацыянальнай культуры. І ў кніжным выданні тэкст быў адрэдагаваны так, што пасля азнаямлення з ім можна было падумаць, што ўсе тыя сустрэтыя Мальдзісам цудоўныя беларускія старадрукі, рукапісы і пазнейшыя выданні захоўваліся не ў Скарынаўцы, а ў Брытанскай бібліятэцы, а забаўныя размовы з Гаем Пікарда адбываліся толькі падчас прагулак па мясцінах і пабах, звязаных з жыццём і дзейнасцю ў Лондане Карла Маркса і Уладзіміра Леніна.
У незалежнай Беларусі прафесар Мальдзіс многія гады служыў «агентам» Скарынаўкі па закупках і падпісцы ў Мінску.
Новае жыццё
Ніхто не адмяняў супольную для ўсіх бібліятэк свету праблему: з эпохі друкаваных кніг і часопісаў давялося перамяшчацца ў час інтэрнэт-кнігарняў, электронных бібліятэк і архіваў. Цяпер бібліятэка алічбоўвае выданні і дакументы.
Пры ёй ёсць памяшканне, у якім могуць пажыць прыезджыя даследчыкі. Караліна Мацкевіч, доктарка біблістыкі і ініцыятарка многіх цікавых беларускіх праектаў у Лондане, заснавала кніжны клуб. Працу Апякунскай рады аднавіў выдатны брытанскі навуковец Джым Дынглі.
Праз бібліятэку імя Скарыны беларуская паваенная дыяспара паказала прыклад, як можна ствараць жывую культуру. Хоць, вядома, лёс нашай бацькаўшчыны, будучыня мовы перадусім залежаць ад тых, хто застаецца ў Беларусі.