2024-ы — год Васіля Быкава. 19 чэрвеня — 100-годзьдзе пісьменьніка, якім можа ганарыцца кожны беларус. Пра сустрэчы і размовы зь ім, пра тое, які сьлед пакінулі ягоныя кнігі ў асабістых лёсах і лёсе ўсяго народу, у праекце «Радыё Свабода» «Наш Быкаў» узгадваюць і разважаюць сябры, паплечнікі, чытачы.
Першай пра Быкава ўспамінае старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла.
Васіля Быкава я бачыла першы раз у 1992 годзе ў Менску, калі езьдзіла ў якасьці старшыні Канадзкага фонду дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, на канфэрэнцыі «Сьвет пасьля Чарнобылю». Але пасябравалі мы ў Празе, калі нашая беларуская грамада разьмясьціла Васіля Быкава з жонкай Ірынай і мяне ў тым самым гатэлі ў цэнтры гораду. Бачыліся мы штодзённа на розных імпрэзах, на спатканьнях з чэскімі палітыкамі, на ўрачыстасьці, калі разам садзілі дрэва для Беларусі над ракой Вэлтавай. Але найлепшыя моманты былі, калі спадар Васіль мне званіў раніцой, каб запрасіць на сьняданьне, якое ўжо было прыгатаванае спадарыняй Ірынай. Шмат нагаварыліся мы тады, шмат чаго расказалі яны мне, а я ім, пакуль ня трэба было ісьці «на працу». Сьнедалі мы так, здаецца, кожны дзень.
Апошняе спатканьне было ў 2003 годзе, калі мы сьвяткавалі нашае нацыянальнае сьвята разам з усёй грамадой праскіх беларусаў у цудоўнай люстраной залі Клемэнтынуму Праскага ўнівэрсытэту. Тады мы зьвярталіся да прысутных, і мне дакладна запомніліся словы Васіля Быкава пра БНР: «Восемдзесят пяць гадоў таму беларусы зьдзейсьнілі цуд. Запалілі яны кволую сьвечку надзеі. Пры яе сьціплым сьвятле яны змагаліся, як маглі, з бальшавіцкаю навалай, з фашыстоўскаю акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што ўкараніліся ў гаротным народзе. Мы ўсьцешаныя, што гэтая сьвечачка гарыць і дасюль, і хоць яе зыркі агеньчык часам капціць і ня грэе, але ён дае спадзеў шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю, — тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця».
Падчас гэтага побыту ў Празе мы зь Сяргеем Навумчыкам таксама адведалі спадарства Быкавых у іх маленькай кватэры, зрабілі некалькі здымкаў пры стале, пры якім спадар Васіль яшчэ працаваў. Ня ведалі, што будуць яны гістарычнымі. Бо апошнімі перад выездам Быкавых у Менск.
Пасьля паехалі ўсе разам у рэстаран, паабедалі. Пра хваробу не гаварылі. Не ўяўляла, што больш не пабачымся.
Вельмі ўдзячная за здымак, які Сяргей зрабіў па дарозе, вяртаючыся з рэстарану. Вісіць у мяне на сьцяне. Кожны дзень яго бачу.