Нямецкая акупацыя ў гады Другой сусветнай вайны цяжкім катком прайшлася па вёсцы Мікалаеўка ў Светлагорскім (тады — Парыцкім) раёне. За гады вайны тут разбурылі 68 дамоў з 70, а з 215 жыхароў акупанты забілі 65. Праз 55 гадоў пасля вызвалення Беларусі ад нацыстаў жыхарам Мікалаеўкі зноў давялося сутыкнуцца з акупацыяй — прычым ніякай вайны тады не было. Роўна 25 гадоў таму, 30 чэрвеня 1999 года, вёску штурмам узяў вайскова-спартыўны клуб з Расіі, які ўзняў над ёй сцяг ваенна-марскога флоту гэтай краіны. Расказваем пра тыя падзеі.

З мецэнатаў у агрэсары

У канцы чэрвеня 1999 года сургуцкі бізнесовец Анатоль Селівончык прывёз у Светлагорскі раён больш за сто падлеткаў з вайскова-спартыўнага клуба «Беркут». Паездка планавалася як паход па месцах баявой і партызанскай славы і была прымеркаваная да 55-й гадавіны вызвалення Беларусі з-пад нямецкай акупацыі.

Селівончык быў арганізатарам і спонсарам гэтай паездкі. Светлагорскі раён для гэтага мерапрыемства прадпрымальнік абраў невыпадкова. Тут, у вёсцы Гамза Мікалаеўскага сельсавета, была яго малая радзіма.

З’ехаўшы ў Сургут яшчэ ў 1978 годзе, Селівончык пабудаваў там паспяховы бізнес. Але не забываў і пра Беларусь. У 1990-я ён купіў аўтобус роднай Гамзе, даваў грошы на фільм пра вялікага князя Вітаўта, на беларускія кнігі і мемарыяльныя дошкі беларускім дзеячам. Таксама Селівончык спансараваў аднаўленне нацыянальнай святыні — крыжа Еўфрасінні Полацкай. Пры гэтым расійскі бізнесовец з беларускімі каранямі падтрымліваў інтэграцыю Беларусі і Расіі.

Фатаграфія Анатоля Селівончыка на сцяне ў яго доме ў Сургуце. Фота: nashaniva.com

У чэрвені 1999 года з Селівончыкам у Беларусь прыехала 120 (або 125) расійскіх падлеткаў ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў. А таксама два дзясяткі былых армейскіх сяржантаў, якія мелі досвед баявых дзеянняў у Афганістане і Чачні. Арганізатары паездкі планавалі сустрэчу з ветэранамі, ускладанне вянкоў да помнікаў часоў вайны і мемарыяльны марш да Мінска на 3 ліпеня. Разынкай паездкі мусіла стаць «ваенна-патрыятычная» гульня «Зарніца».

«Зарніцу» прыдумалі ў СССР у 1964 годзе. Падчас такіх гульняў школьнікі-піянеры праводзілі нешта накшталт вайсковых вучэнняў, імітуючы ўдзел у баявых дзеяннях. Звычайна яны праводзіліся на тэрыторыі вайсковых частак з удзелам вайскоўцаў. З дапамогай «Зарніц» дзяцей у гульнявой форме прывучалі да асаблівасцяў вайсковай службы і выхоўвалі ў іх любоў да савецкай радзімы.

Селівончык вырашыў абысціся без паслуг вайскоўцаў і вайсковых частак. Каб праверыць маладых «байцоў» у баявых умовах, ён арганізаваў аперацыю па захопе сапраўднай беларускай вёскі.

Ранняй раніцай 30 чэрвеня Анатоль Селівончык прыехаў да старшыні Мікалаеўскага сельсавета і папярэдзіў яго, што збіраецца пагуляць у вёсцы ў «Зарніцу». Ён запэўніў, што гэта будзе дзіцячая гульня, якую не варта ўспрымаць сур’ёзна. Зрэшты, да мясцовых жыхароў інфармацыя пра «Зарніцу» ад старшыні не дайшла.

Акупацыя Мікалаеўкі

На досвітку 30 чэрвеня юныя расійскія беркутаўцы ўзялі Мікалаеўку штурмам. Аперацыя праводзілася нібы па падручніку тактыкі. Перад штурмам «байцы» перакрылі ўсе дарогі, потым паветра напоўнілася гукамі стрэлаў, выбухамі, у неба ўзвіліся сігнальныя ракеты. На ўскраіне вёскі з’явіліся ўзброеныя людзі ў камуфляжы, з размаляванымі тварамі і ў масках. Што ўзброеныя яны былі не баявой зброяй, а пнеўматычнай вінтоўкай і газа-дробавымі аўтаматамі, вяскоўцы не ведалі.

Удзельнікі штурму ўрываліся ў дамы з аўтаматамі наперавес і пагрозамі змушалі людзей выходзіць на вуліцы. Тых, хто супраціўляўся, білі прыкладамі, надзявалі на іх кайданкі, «душылі» слезацечным газам з балончыкаў. Тых, хто не падпарадкоўваўся, выштурхоўвалі на двор сілай. Адно з расійскіх выданняў параўнала дзеянні выхаванцаў вайскова-патрыятычнага клуба з паводзінамі салдат вермахта падчас Другой сусветнай вайны.

Уварванне расіян з вайскова-патрыятычнага клуба «Беркут» у вёску Мікалаеўка Светлагорскага раёна 30 чэрвеня 1999 года. Скрыншот відэа

Галоўная бухгалтарка мясцовай гаспадаркі Валянціна Правасуд расказвала, як удзельнікі захопу вёскі ўварваліся да яе на працу: «Да мяне ў кантору забеглі некалькі чалавек з аўтаматамі. Я спалохалася і схавалася пад стол. Мяне груба выцягнулі адтуль, звязалі рукі, а потым вывелі на дарогу». Паводле бухгалтаркі, напоўнагадовыя «захопнікі» былі п’яныя.

Мясцовая жыхарка Надзея Фурс так успамінала ўварванне: «Каля васьмі гадзін раніцы да нас у двор уварваліся людзі ў чорнай форме, з чорнымі хусткамі на галовах і з аўтаматамі. Твары таксама запэцканыя нечым чорным. Мы з мужам ішлі на агарод. Муж ішоў першым. Бандыты запатрабавалі некуды з імі пайсці. Іх камандзір, са шклянымі вачыма, нёс нейкую лухту, і нельга было зразумець, чаго ён патрабуе. Ён пачаў біць мужа аўтаматам у грудзі. Я выскачыла наперад і пачала крычаць: „Хто вы такія і што вам трэба?“ Яны апырскалі мужа і мяне з газавага балончыка слезацечным газам. Мужа моцна штурхнулі, ён паваліўся і стукнуўся галавой аб сцяну. Бандыты забеглі ў дом і падпалілі там дымавую шашку».

Некаторыя жыхары беларускай вёскі спрабавалі супраціўляцца з дапамогай рыдлёвак і вілаў — іх атакавалі і ўтаймоўвалі слезацечным газам. Паводле відавочцаў, аднаго з вясковых дзяцей азвярэлыя захопнікі прывязалі да слупа — і напхалі яму між пальцаў пораху з мэтай падпаліць.

Пад кіраўніцтвам сваіх камандзіраў падлеткі-беркутаўцы зняволілі і старшыню сельсавета разам з кіраўніком калгаса. Апошняга падчас затрымання збілі. Потым захопнікі пратрымалі два дзясяткі палонных жыхароў вёскі (у тым ліку дзяцей) каля гадзіны на школьным стадыёне.

Пасля «бліцкрыгу» ў вёску зайшла другая група расійскіх падлеткаў на чале з самім Селівончыкам, якая падняла над сельсаветам побач з дзяржаўным сцягам Беларусі Андрэеўскі сцяг расійскага ваенна-марскога флоту. Захопнікі патлумачылі мясцовым жыхарам, што яны — выхаванцы дзіцяча-юнацкай вайскова-спартыўнай школы выжывання. А ўсё, што здарылася — не больш чым гульня ў «Зарніцу», мэта якой — пазбавіць Мікалаеўку непрацоўнага элементу і алкаголікаў. Пасля гэтага Селівончык дазволіў вызваліць захопленых беларусаў і распарадзіўся ў якасці кампенсацыі выдаць кожнаму пацярпеламу мужчыну бутэльку гарэлкі.

Расіяне паспелі яшчэ прайсціся маршам па вёсцы і адысці ў свой лагер — і толькі тады ў Мікалаеўцы з’явіліся беларускія сілавікі, якія пачалі разбірацца ў тым, што адбылося.

Тры гады за захоп вёскі — з датэрміновым вызваленнем

Удзельнікі штурму Мікалаеўкі паспелі згарнуць лагер і рушылі да Бабруйска, дзе планавалі дамовіцца з мясцовымі ўладамі, каб паўтарыць свой поспех і захапіць яшчэ які-небудзь аб’ект. Наступную ноч яны правялі ў казарме адной з вайсковых частак. Раніцай браму гэтай часткі перакрылі супрацоўнікі міліцыі. Селівончык спачатку паспрабаваў дамовіцца і прапанаваў сілавікам гарэлку. А потым загадаў пратараніць браму і амапаўцаў, якія стаялі за імі, грузавым аўтамабілем. Толькі пасля гэтага самога Селівончыка і яго сяржантаў-«афганцаў» затрымалі.

Выхаванцаў клуба і іх настаўнікаў-сяржантаў у выніку дэпартавалі ў Расію, а самога Селівончыка адправілі ў Гомельскі следчы ізалятар. Яму выставілі абвінавачанне ў арганізацыі ці актыўным удзеле ў дзеяннях, якія прывялі да парушэння грамадскага парадку.

Знаходзячыся ў СІЗА, Селівончык паспеў зладзіць двухтыднёвую галадоўку пратэсту і напісаць дзясяткі скаргаў у разнастайныя арганізацыі, у тым ліку ў расійскую амбасаду і беларускаму генпракурору. Ён скардзіўся на шматлікія парушэнні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, дапушчаныя ў дачыненні да яго. Руская праваслаўная царква хадайнічала наконт вызвалення прадпрымальніка пад падпіску пра нявыезд — імаверна, у якасці падзякі за яго дабрачынную дзейнасць. Але гэтае хадайніцтва суд адхіліў.

Пасля першапачатковае абвінавачванне з Селівончыка знялі. Замест арганізацыі або актыўнага ўдзелу ў групавым парушэнні грамадскага парадку яго абвінавацілі ў злосным хуліганстве, супраціве супрацоўнікам міліцыі і незаконным пазбаўленні волі. У лютым 2000 года пачаўся суд, на якім мужчына адмаўляўся адказваць на пытанні суда, кідаўся на краты, абражаў суддзю і ўласную адвакатку (яе ён назваў «замбаваным чалавекам»). Таксама на судзе бізнесовец пагражаў жыхарам Мікалаеўкі, якія выступалі сведкамі, і абзываў іх «шызакрылымі аленямі».

За працэсам пільна сачылі супрацоўнікі расійскай амбасады ў Мінску, якія хацелі, каб судовае разбіральніцтва засталося выключна крымінальным, а не перарасло ў палітычны працэс.

Абарона Селівончыка сцвярджала, што прадпрымальнік не браў непасрэднага ўдзелу ў гвалце над вяскоўцамі. Але ў судзе пацвердзілася, што арганізатарам гвалту быў менавіта бізнесовец, які асабіста запусціў сігнальную ракету для пачатку захопу вёскі. Таксама Селівончык інструктаваў выхаванцаў клуба, як менавіта арыштоўваць людзей і браць іх у палон. Яму ж дакладвалі пра ход «аперацыі».

Суд над Анатолем Селівончыкам у 2000 годзе. Скрыншот відэа

Пацярпелымі ад «Зарніцы» прызналі 19 беларусаў, а сведкамі выступілі больш чым паўсотні. Хадзілі чуткі, што з жыхарамі Мікалаеўкі «працавалі» даручэнцы Селівончыка, каб тыя за грошы адклікалі свае заявы.

Сам Селівончык віны не прызнаў. Больш за тое, ён абвінаваціў следчых, пракурора, адваката і суддзю ў тым, што яны «не патрыёты і павінныя адказаць». Праз дзіўныя паводзіны прадпрымальніка для яго нават арганізавалі судовую экспертызу — якая, зрэшты, прызнала яго прытомным, хоць і ахопленым жаданнем павышанай увагі да сваёй асобы.

3 красавіка 2000 года чалавека, які арганізаваў захоп беларускай вёскі і паказальна выціраў ногі аб беларускую сістэму правасуддзя, асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. А ўжо ў верасні таго ж года вызвалілі па амністыі. Нагадаем, што ў сучаснай Беларусі значна большыя тэрміны даюць за данаты дабрачынным арганізацыямі, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі».

news.zerkalo.io