Менскі абласны суд вынес завочны прысуд у дачыненні 20 фігурантаў так званай «справы аналітыкаў Ціханоўскай» – беларускіх палітолагаў, эканамістаў, аналітыкаў і журналістаў. У справе адразу 20 абвінавачаных, якім прысудзілі ад 10 да 11,5 гадоў.
Кажа адзін з фігурантаў справы, палітолаг Павел Усаў:
– Канешне гэта паказвае тое, што сістэма не збіраецца змяняць курс, што сістэма будзе выкарыстоўваць любыя шляхі і інструменты для знішчэння сваіх ворагаў, да якіх яна залічвае ў прыватнасці і мяне. Мая сітуацыя лепшая ў параўнанні з сітуацыяй тых, хто знаходзіцца ў беларускіх вязніцах. Палітычных зняволеных катуюць у вязніцах і забіваюць.
Працэс па «справе аналітыкаў» праходзіў завочна, бо ўсе фігуранты справы знаходзяцца за мяжой. Менскі абласны суд прызнаў іх вінаватымі ў «змове з мэтай захопу ўлады і ўваходжанні ў склад экстрэмісцкага фарміравання». Справу разглядаў суддзя Уладзімір Арэшка.