Мінуў год са смерці мастака-палітвязня Алеся Пушкіна. Распавядаем пра замак у Ліве, недалёка ад Варшавы, дзе захоўваюцца яго работы.

Замак у Ліве

Замак у Ліве быў пабудаваны ў першай палове XV ст. на рацэ Лівец, якая тады служыла натуральнай мяжой між Мазовіяй і Вялікім Княствам Літоўскім, а цяпер раздзяляе рэгіёны Мазовія і Падляшша. 

Рака Лівец

Замак паўстаў на загад мазавецкага князя Януша І Старэйшага. Цяпер ля яго стаіць помнік князю, а таксама Боне Сфорца, якая валодала замкам у 1548–1556 гг. 

Помнік Ганне Мазавецкай з роду Радзівілаў на падворку замка ў Ліве

На падворку замка — таксама помнік Ганне Мазавецкай з роду Радзівілаў. Яна была маці апошніх князёў Мазовіі, пасля смерці якіх княства ўвайшло ў склад польскай Кароны. Упарадкоўвала замак у Ліве, дзе і памерла ў 1522 г.

Драўляная забудова ў Ліве

Першапачаткова замак стаяў троху наводдаль ад горада. Сёння Ліў хутчэй нагадвае вёску, а замак знаходзіцца ў межах населенага пункта. Туды можна дабрацца аўтобусам, што едзе каля палутара гадзін ад варшаўскага Палаца культуры і навукі. Практычна ў кожным польскім музеі адзін дзень на тыдзень — вольны ўваход. У Ліве такі дзень — серада.

Фасад барочнага палаца замка ў Ліве

Да нашых дзён захавалася замкавая вежа, фрагменты абарончых муроў і падвалы XV ст. У XVIII ст. ля вежы пабудавалі палац у стылі барока. З 1963 г. у абодвух будынках месцяцца экспазіцыі гістарычнага музея. 

Алесь Пушкін прыязджаў у Ліў у 2007 г. на мастацкі пленэр. У замку экспануецца пяць яго карцін: тры ў барочным палацы і дзве — у замкавай вежы.

На большасці твораў мастак выявіў легенду пра Жоўтую Даму — прывід нявінна забітай жанчыны. Вось адзін з варыянтаў гэтай легенды (пераклад з польскай Алены Ляшкевіч): 

Карціна Алеся Пушкіна ў экспазіцыі вежы замка ў Ліве

У Ліўскім замку некалі жыла Людвіка Кучынская, народжаная Шуйская, жонка ліўскага кашталяна Марціна Кучынскага. Раўнівы муж абвінаваціў яе ў флірце з маладымі прыдворнымі, хоць яна была ўжо немаладая і не асабліва прыгожая. Калі тры пярсцёнкі з дыяментамі, якія ён падарыў ёй, таямнічым чынам зніклі, яе абвінавацілі ў пералюбе і зачынілі ў вежы, таму што яе муж лічыў, што яна аддала каштоўнасці сваім палюбоўнікам. На наступны дзень на досвітку жонцы кашталяна адсеклі галаву на вялікім валуне ў замкавым двары. Неўзабаве пярсцёнкі знайшлі ў гняздзе сарокі на замкавым муры, што даказала невінаватасць пакаранай. З таго часу яна, Жоўтая Дама, стала з’яўляцца ў двары і ў залах замка, пераконваючы сустрэчных у сваёй невінаватасці. Прывід апрануты ў карычневую сукенку і мае жоўты каўпак з жоўтым вэлюмам, які спускаецца да зямлі — адсюль і яго імя.

Творы Алеся Пушкіна — сапраўдная візітоўка замка ў Ліве. Іх выяўвы ўпрыгожваюць сувеніры, бігборды, кнігі. Даведаўшыся пра смерць мастака, супрацоўнікі музея змясцілі на старонцы замка ў «Фэйсбуку» допіс (пераклад з польскай Алены Ляшкевіч):

З жалем паведамляем, што ў ноч з 10 на 11 ліпеня 2023 года ў Гродне памёр беларускі дзеяч, мастак і перформер Алесь Пушкін. У замкавай сядзібе, каля лесвіцы, што вядзе на першы паверх, — карціна аўтарства Пушкіна пад назвай «Апакаліптычнае бачанне». У 2007 г. мастак наведаў Ліўскі замак падчас пленэру, галоўнай тэмай якога былі легенды.

Кафля ў экспазіцыі замка ў Ліве

Акрамя карцін Алеся Пушкіна ў экспазіцыі замка ў Ліве можна пабачыць партрэт Тадэвуша Касцюшкі пэндзля невядомага мастака, карціну «Бітва пад Грунвальдам паводле Бучака, альбо Уваходжанне Польшчы ў Еўрасаюз», на якой мастак Кшыштаф Бучак пераасэнсоўвае палатно Яна Матэйкі, а таксама кафлю, зброю і нават арыгінальны пояс накшталт слуцкага, вытканы, як пазначана, у XVIII ст. «у Польшчы».

Неагатычны касцёл святога Леанарда пач. ХХ ст. у Ліве

Варта таксама прагуляцца па Ліве: тут цікавая драўляная архітэктура, шмат прыдарожных каплічак, помнік паўстанцам 1831 г., неагатычны касцёл святога Леанарда пач. ХХ ст.

Драўляная архітэктура Ліва

Палітвязень Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня 2023 г. у гарадзенскім шпіталі, куды яго даставілі ў цяжкім стане з турмы.

Драўляная архітэктура Ліва

Алена Ляшкевіч, budzma.org,
фота аўтаркі