Пачалася традыцыйная акцыя для дзяцей палітвязняў «Збяром дзіця ў школу»

Многія семʼі палітвязняў адчуваюць фінансавыя цяжкасці: адзін або абодва бацькі знаходзяцца ў зняволенні і не могуць забяспечваць сваіх родных на волі. Некаторыя семʼі палітвязняў па іх вызваленні выехалі за мяжу і там маюць цяжкасці з адаптацыяй. Наша дапамога ў падрыхтоўцы дзяцей да садку і школы палегчыць фінансавы цяжар для іх семʼяў.

Служба «Хуткай гуманітарнай дапамогі» абʼяўляе пра адкрыццё традыцыйнага збору для дзяцей палітвязняў «Збяром дзіця ў школу». Сёлета акцыя праходзіць для дзяцей школьнага і дашкольнага ўзросту.

У Службу «Хуткай гуманітарнай дапамогі» ўваходзяць фонды BYSOL і «Краіна для Жыцця», грамадская кампанія BY_Help і Ініцыятыва Dissidentby, а таксама партнёры — Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой і Асацыяцыя беларусаў Амерыкі.

Арганізатары збору заклікаюць прадэманстраваць салідарнасць і прыняць удзел усіх ахвотных. Галоўная ўмова — асабістая бяспека, таму ахвяруйце сродкі на гэты збор толькі ў тым выпадку, калі вы знаходзіцеся па-за межамі Беларусі.

Звярнуцца па дапамогу, каб сабраць дзяцей, могуць члены семʼяў палітвязняў, у якіх ёсць дзеці дашкольнага ўзросту, школьнікі 1-11 класаў, а хтосьці з бацькоў (або абодва) знаходзяцца або знаходзіліся ў зняволенні.

На кожнага дзіцяці мы прапануем выплату ў памеры 100 еўра. Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніць заяўку па 31 жніўня 2024 года. Звяртаем вашу ўвагу, што па сканчэнні тэрміну падачы заявак форма будзе закрыта.

Калі вы хвалюецеся за вашую бяспеку, то можаце звярнуцца ў любую з арганізацый «Службы хуткай гуманітарнай дапамогі» праз Telegram. Служба абавязкова звяжацца з вамі і ўдакладніць неабходную інфармацыю ў ліставанні.

Па выніках папярэдняга «Дзіцячага збору», у распараджэнні службы «Хуткай гуманітарнай дапамогі» засталося 6842 еўра. Гэтыя грошы скіраваныя на сёлетнюю акцыю «Збяром дзіця ў школу».

budzma.org