Апошнім часам легалізацыя ў Літве для беларусаў ускладнілася: некаторым не працягваюць дазволы на жыхарства, ёсць нават адмовы ў наданні статусу бежанца. Гэта прывяло да таго, што беларусы, якія эмігравалі ў Літву, усё часцей пакідаюць гэту краіну, вялікая частка з іх пераязджае ў Польшчу. MOST паразмаўляў з беларусамі, які нядаўна з’ехалі з Вільні ў польскія гарады, пра прычыны паўторнай эміграцыі, стаўленне простых літоўцаў да беларусаў і палітыку Літвы.
«Страшна падумаць, што было б, калі б я ўсё ж падаўся на ўцекача ў Літве»
Яўген Караулаў — беларускі палітычны актывіст. У лютым 2022 года ён прыехаў у Вільню, каб абараніць дыплом ЕГУ, і застаўся там жыць. Вясной таго ж года Яўген зрабіў часовы ВНЖ для пошуку працы. Гэты дакумент дазваляў адкрываць ІП, чым беларус і скарыстаўся, каб весці легальную палітычную дзейнасць.
— Мне страшна падумаць, што было б, калі б я вырашыў падацца на ўцекача ў Літве. Зараз, калі пачалася гэтая палітычная дыскрымінацыя, мяне маглі б, я думаю, нават дэпартаваць у Беларусь, бо на радзіме я вучыўся на вайсковай кафедры і маю званне лейтэнанта запасу, — разважае ён.
Рэдакцыі MOST невядомыя такія выпадкі. У спецслужб Літвы з’яўляліся прэтэнзіі да грамадзян Беларусі і Расіі, якія служылі ў арміі па кантракце або навучаліся ў ваенных навучальных установах, то-бок планавалі стаць кадравымі вайскоўцамі.
Пры падачы на ВНЖ для пошуку працы пытанняў да вучобы Яўгена на вайсковай кафедры ў літоўцаў не было. Наогул, прызнаецца ён, за той год, што ён пражыў у краіне — да лютага 2023 года — праблем і дыскрымінацыі ён не адчуў — ні ад простых літоўцаў, ні ад дзяржавы.
Але ў 2023 годзе палітыка Літвы да беларусаў змянілася. За той год больш за 1300 грамадзян Беларусі былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бяспецы — гэта прыкладна ў 15 разоў больш чым у 2022 годзе.
Таксама былі распрацаваныя спецыяльныя анкеты, якія беларусы павінны запаўняць пры атрыманні літоўскага ВНЖ. Сярод іншага ў іх пытаюцца пра службу ў войску, а таксама пра тое, каму належыць Крым, і пра стаўленне да вайны ва Украіне.
«У Літве рэдка хтосьці з кімсьці вітаецца, тут вельмі маленькая камунікацыя»
Пераехаць у Польшчу Яўген вырашыў яшчэ да таго, як пачалася палітычная дыскрымінацыя, бо яму «стала вельмі сумна». Беларусу цяжка давалася літоўская мова, таму знайсці сяброў было складана. Да таго ж, па словах хлопца, «літоўцы ў прынцыпе вельмі закрытыя людзі».
— Я ўжо больш за год пражыў у Польшчы, а нядаўна быў у Літве і заўважыў такую розніцу. У Польшчы табе амаль усё кажуць «дзень добры» ў ліфце, у краме і гэтак далей. У Літве ж рэдка хтосьці з кімсьці вітаецца, тут вельмі маленькая камунікацыя. На мой погляд, у Літве ўсе такія халодныя. Магчыма, гэта звязана з іх гісторыяй, савецкай акупацыяй.
Гаворачы пра адрозненні дзвюх краін, беларус адзначае палітычную культуру. Калі польскія палітыкі спрачаюцца «ледзьве не на смерць», то літоўскія палітычныя дыскусіі праходзяць больш спакойна і цывілізавана.
У той жа час літоўскія навіны, на думку Яўгена, вельмі негатыўныя — там пастаянна кажуць пра інфляцыю і іншыя праблемы. У Польшчы ж наадварот — пра новыя сацыяльныя выплаты, крэдыты на жыллё з нізкімі працэнтамі.
— Такое адчуванне, што польскі ўрад проста раздае людзям грошы, а ў Літве быццам бы перманентны крызіс.
«У Літве хвалююцца, што зноў запануе руская мова і ніхто не будзе вучыць літоўскую»
Пераехаўшы ў Польшчу, Яўген без праблем атрымаў статус бежанца. Пасля гэтага ён бачыў у навінах, што ў Літве ў беларусаў пачаліся праблемы з ВНЖ, у тым ліку з-за службы ў войску. Па словах хлопца, за апошні час з Літвы ў Польшчу пераехалі шэсць яго знаёмых — былых студэнтаў і айцішнікаў. Яшчэ чацвёра плануюць пераезд.
Яўген перакананы, што Польшча не будзе ставіцца да беларусаў так, як Літва. Перш за ўсё таму, што палякаў 40 мільёнаў, а літоўцаў менш за тры — таму ўмоўныя 100 тыс. беларусаў для вялікай Польшчы не настолькі небяспечныя, як для невялікай па памерах Літвы.
— Літва стагоддзямі намагалася захаваць літоўскую мову, і для яе гэта каштоўнасць, таму літоўцы складана перажываюць такія моманты, — працягвае ён. — У Літве хвалююцца, што зноў запануе руская мова і ніхто не будзе вучыць літоўскую. І я разумею гэтыя хваляванні, асабліва як чалавек, які размаўляе на мове, якую нават уласная дзяржава не падтрымлівае. Я згодны з тым, што раз прыехаў у іншую краіну, то трэба вучыць яе мову. Але я б прапанаваў праводзіць палітыку, якая б гэта заахвочвала: бясплатныя моўныя курсы ці штосьці накшталт гэтага.
Па словах Яўгена, у палякаў такога хвалявання няма. У якасці доказу хлопец нагадвае, як у польскім Беластоку нядаўна мясцовыя ўлады выдзелілі вялікія грошы на развіццё Цэнтра беларускай культуры.
«Мой муж працаваў у Дэпартаменце аховы пры МУС»
Алеся (імя змененае ў мэтах бяспекі) разам з мужам пераехала ў Літву ў чэрвені 2021 года. Пара баялася пераследу з боку беларускіх уладаў. Вільню выбралі, таму што кампанія, у якой працавала дзяўчына, мела ў гэтым горадзе галоўны офіс і пагадзілася на рэлакацыю.
Па словах Алесі, у Літве было цудоўна. Разам з ёй працавалі людзі, якія добра размаўлялі па-руску, а ўсімі пытаннямі легалізацыі займаўся працадаўца. Беларуска не можа ўспомніць аніякіх непрыемных выпадкаў, звязаных с дыскрымінацыяй ці прыніжэннем па нацыянальнай прыкмеце, нават пасля пачатку вайны ва Украіне.
Думкі пра пераезд узніклі, калі Алеся прачытала ў чаце беларусаў Вільні, што мужчыне з Беларусі анулявалі літоўскі від на жыхарства і прызналі яго пагрозай нацыянальнай бяспецы. Прычынай была яго прафесія і месца працы — такія ж, як і ў мужа дзяўчыны.
— Мой муж працаваў у Беларусі электраманцёрам у Дэпартаменце аховы пры МУС, — тлумачыць беларуска. — Таму гэты допіс у чаце стаў для нас проста гіганцкім чырвоным сцягам.
Некаторы час пара думала, што, раз літоўцы прызналі кагосьці пагрозай, значыць было за што. Але калі такіх выпадкаў станавілася ўсё больш, з’явілася падазрэнне, што справа можа быць не ў беларусах.
Алеся выбрала Польшчу, таму што там можна было праз бізнэс-інкубатар уладкавацца ў тую ж кампанію, дзе яна працавала ў Літве. Таксама дзяўчына трошкі ведала польскую мову, бо вучыла яе раней.
Пераезд зацягнуўся на паўгода: трэба было ўладзіць праблемы са здароўем. Пасля гэтага пара пераехала ў Кракаў.
— Але мы не адчувалі, каб змянілася стаўленне простых літоўцаў да нас, — успамінае беларуска. — Памятаю, калі ляжала ў шпіталі перад ад’ездам, мяне спыталі, чаму я размаўляю па-руску. Я адказала, што іншаземка, а літоўскую не вывучыла, бо збіраюся адсюль з’язджаць. Гэта максімум быў, з якім мы сутыкаліся.
«Па менталітэце літоўцы больш падобныя да беларусаў»
Па словах Алесі, пакуль ніхто з яе знаёмых не з’ехаў з Літвы. Яна б таксама гэтага не зрабіла, калі б не сітуацыя з месцам працы мужа. Дзяўчына адзначае, што Літва вельмі прыемная краіна, хаця б у плане добра наладжанага безасабовага ўзаемадзеяння з дзяржавай. У адрозненні ад Польшчы, там вельмі шмат спраў можна вырашыць, не выходзячы з дому, праз інтэрнэт.
— А па менталітэце літоўцы, як мне падалося, больш падобныя да беларусаў, — запэўнівае дзяўчына. — Можа, яны трохі і закрытыя, але калі ты пачаў перад імі раскрывацца, то яны і самі патрохі раскрываюцца перад табой і пачынаюць прыязна да цябе ставіцца. Ад Літвы і літоўцаў у мяне засталіся самыя прыемныя пачуцці і ўспаміны.
Палякі ж, па словах беларускі, адразу адкрытыя да ўзаемадзеяння і заўсёды «нажадаюць чалавеку ўсяго добрага, нават калі ён проста зайшоў купіць пончык».
Алеся разумее, чаму літоўцы так моцна непакояцца пра сваю нацыянальную бяспеку. Яны вельмі доўга змагаліся за незалежнасць, за захаванне сваёй балцкай культуры і мовы. І таму, калі пасля пачатку вайны да іх прыехала шмат украінцаў, а з эканамічных прычын яшчэ і беларусаў, то «славян у краіне стала замнога».
— У Літве ж балцкага насельніцтва і трох мільёнаў не будзе, плюс з іх не ўсе размаўляюць па-літоўску, — тлумачыць беларуска. — Таму я магу зразумець, што мы для іх можам уяўляць пагрозу — мы не будзем інтэгравацца ў літоўскае грамадства так, як яны ад нас гэтага чакаюць. Паміж сабой мы ўсё роўна будзем размаўляць па-беларуску ці па-руску.
Польшча ж, наадварот, не ўспрымае беларусаў як пагрозу, як чужых культурна. Некаторыя палякі могуць лічыць нашых землякоў «сваімі», іншыя — блізкімі па культуры і менталітэце. Да таго ж інтэграцыя ў польскае грамадства праходзіць значна прасцей — беларусу вывучыць польскую мову і карыстацца ёй у жыцці значна прасцей за літоўскую.