Фэст Святога Барталамея ў Вільні

Фэст Святога Барталамея прайшоў у нядзелю, 25 жніўня, у беларускім касцёле Вільні. Касцёл якраз названы ў гонар гэтага святога, які абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Месапатаміі ды Індыі. Апостал быў забіты ў сярэдзіне першага стагоддзя, з яго жыўцом садралі скуру. Святы Барталамей з’яўляецца апекуном шахцёраў і мяснікоў, таксама яго заступніцтва просяць пры нервовых і скураных хваробах.

Як кажа пробашч касцёла Святога Барталамея айцец Сяргей Мацюшонак, ён працуе тут усяго месяц, але лічыць, што фэст атрымаўся выдатны, дзякуючы ўсёй каталіцкай супольнасці:

–  Было мне складана, бо я не ведаў, на каго мне можна разлічваць, але людзі самі да мяне падыходзілі: “Ойча, не хвалюйцеся, гэта ў нас не ў першы раз, мы ўсё ведаем, мы ўсё ўмеем”. Святкаваць мы пачалі яшчэ ў суботу вельмі прыгожым канцэртам па-беларуску з арганамі, з камеральным хорам з цымбаламі, са скрыпкамі. Было вельмі прыгожа, таму, думаю, што  фэст у нас удаўся.

Павіншаваць беларускіх каталікоў Вільні прыйшлі і праваслаўныя беларускія парафіяне на чале з айцом Георгіем Роем:

– Мы дужа радыя і ўзрушаныя тым, што маглі быць на гэтай урачыстасці, павіншаваць каталіцкую беларускую грамаду Вільні з гэтым святам. І я лічу, што гэта вельмі добра, калі і праваслаўная грамада, і каталіцкая грамада будуць мець такія добрыя хрысціянскія стасункі і разам славіць нашага Госпада.

Праваслаўныя вернікі падаравалі беларускім каталікам кнігу “Іканапіс Беларусі”, дзе сабраныя самыя шанаваныя абразы Беларусі, вышываны льняны абрус, а таксама беларускі зефір асабіста айцу Сяргею Мацюшонку.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

racyja.com