Ліміт на бязмытныя пасылкі ў ЕАЭС могуць знізіць да 50 еўра

З’явіўся праект рашэння, у якім распісаны этапы зніжэння бяспошліннага парогу для тавараў электроннага гандлю ў краінах ЕАЭС.

Дакумент апублікаваны на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі. Раней з’явілася інфармацыя, што ЕЭК прапануе ў якасці базавага варыянту норму бяспошліннага ўвозу на ўзроўні €200, а затым паступова зніжаць яе.

У праекце рашэння распісаны механізм зніжэння бяспошліннага ліміту:

  • з 1 студзеня 2025-га па 31 снежня 2025 года ўключна — €200;
  • з 1 студзеня 2026-га па 31 снежня 2026 года ўключна — €100;
  • з 1 студзеня 2027-га па 31 снежня 2027 года ўключна — €50.

Нормы бяспошліннага ўвозу тавараў электроннага гандлю (прасцей кажучы, пакупак на замежным анлайн-шопінгу) у ЕАЭС знізіліся ў красавіку гэтага года ў два разы — да €200.

Наземным транспартам можна ўвозіць тавары для асабістага карыстання на суму да €500.

nashaniva.com