Гурт родам з Гродна Autonomicon супольна з гуртом Аум! прэзентавалі новы альбом Bestiarium. «Насычаны метафарамі, разнастайны і нестандартны, пранізлівы і сумны — і дужа прыгожы», — так піша пра яго музычны крытык Аляксандр Чарнуха.
Альбом створаны на грунце антыфольку, але з шматлікімі цытатамі і музычнымі міксамі. «Напрыклад, шыкоўная трып-хопавая песня „Кахаць“ — з дабавым сінтэтычным басам, сырой перкусіяй і гіпнатычным вакалам. Ці індустрыяльны гімн „Оленёнок Бэмби“ з магутным тэкстам», — піша музычны крытык. Тэксты песняў альбома заслугоўваюць увагі – у іх і інтравертныя рэфлексіі на глабальныя тэмы, і маніфэстацыі і плакатныя хайлайты, а часам яны гучаць як дзіцячыя песні для дарослых.
«Bestiarium — гэта няўтульнае і прывабнае адначасова музычнае падарожжа па ўнутраным і знешным свеце. У гэтай пяшчотнай музыцы прыхаваная такая чорная трывога, што можна заблукаць у ёй і доўга шукаць выйсце».
Гэта чацвёрты супольны рэліз гэтых двух гуртоў, і самы аб’ёмны. У альбоме 12 кампазіцый уключна з intro. У запісу бралі ўдзел чатыры чалавекі. Аўтары песень і тэкстаў – Дзяніс Трусаў і Ілля Пячынін, яны жа на вакале ў розных кампазіцыях. Яшчэ адзін вакаліст — Ariel. Ігар Адасік — на перкусіі. Аранжыроўкай, запісам і афармленнем займаўся Ілля Пячынін.
Autonomicon — эксперыментальны гурт школьных настаўнікаў
Гурт паходзіць з Гродна, яго заснавалі тры школьныя настаўнікі ў 2004 годзе. Пазней музыканты раз’ехаліся і знаходзяцца ў Польшчы, Германіі і В’етнаме. Раней музыкі выпусцілі сем поўнафарматных альбомаў. Апошні – «Slow mob» — выйшаў у 2021 годзе.
«Пад знешняй абалонкай з мінімалістычнага лоу-фай хаваецца насычаны і эклектычны праект, у якім можна знайсці ноткі шугейза і дарк-фолка, нойза і псіхадэліі», — пісаў пра праект крытык Дзмітрый Безкаравайны.
Музыканты атрымлівалі як высокія, так і даволі нізкія ацэнкі ад крытыкаў. Лідар гурта — Дзяніс Трусаў, сын гродзенскага даследчыка архітэктуры Ігара Трусава і пісьменнік. Ён напісаў алюзію на Хантэра Томпсана «Бовь и мерть в Хротне».