Музыка Аляксандр Памідораў захварэў — і просіць дапамогі

Музыка Аляксандр Памідораў апошнія гады даваў канцэрты і рабіў грузчыкам. Але праз праблемы са здароўем пакуль не можа зарабляць.

Музыка з’ехаў з Беларусі ў снежні 2021 года.

Цяпер Памідораў сур’ёзна захварэў — двухбаковы сярэдні атыт, праз што ён не чуе нармальна.

«А тое, што чую, не мае нічога агульнага з тым, як яно мусіць гучаць. Апроч таго, з’явіліся праблемы з суставамі ног, і зараз я не магу выконваць фізічную працу, якой зарабляў на жыццё апошнія чатыры гады — як у Беларусі, так і за мяжой.

А праз праблемы з вушамі, я не змагу выступаць з канцэртамі бліжэйшым часам. Мне трэба аплаціць арэнду жылля, набыць лекі і хаця б базавы набор прадуктаў, каб падтрымліваць сілы.

Лекі, якія я прымаю, не самыя дарагія, але іх даводзіцца набываць рэгулярна — а гэта каля €35 у тыдзень. Антыбіётыкі пакуль не купляў, але яны будуць даражэйшыя. Наведванні лекараў каштуюць больш за €50 за візіт, і мне трэба прайсці абследаванне ў некалькіх спецыялістаў: лор, стаматолаг і траўматолаг-артапед. Гэта ўжо выліваецца ў прыстойную суму — каля €1000 на медыцыну, калі ўлічыць усе неабходныя візіты».

Аляксандр дзеліцца, што на арэнду жылля аддае ў месяц €450, і ў яго ўжо ёсць запазычанасць за мінулы месяц. Хапае і іншых выдаткаў.

Таму ён вырашыў звярнуцца па дапамогу — сабраць каля €3000, каб пакрыць самае неабходнае (жыллё, лячэнне, ежу і праезд).

«Мне сапраўды вельмі няёмка прасіць, але іншага выйсця няма», — дзеліцца музыка.

Збор для Аляксандра Памідорава адкрыты на «Байсол».

nashaniva.com