28 кастрычніка Святлана Ціханоўская, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета, пачала візіт у Ісландыю, дзе ў Рэйк’явіку праходзяць мерапрыемствы сесіі Паўночнай Рады. Удзел у іх бяруць кіраўнікі ўрадаў, міністры замежных справаў і парламентарыі скандынаўскіх краінаў. Таксама на мерапрыемствы былі запрошаныя два адмысловых госця – Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Ціханоўская адкрыла праграму сустрэчаў размовай са спікерамі парламентаў Ісландыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Фарэрскіх і Аландскіх астравоў, а таксама Грэнландыі. Беларуская лідарка звярнула ўвагу на сітуацыю з палітзняволенымі і парушэннямі правоў чалавека, а таксама заклікала паспрыяць вырашэнню пытанняў легалізацыі беларусаў за мяжой. Сярод іншага абмяркоўвалі падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя.