22.11: У Вільні адбудзецца дабрачынны фестываль у падтрымку беларускіх палітвязняў

22 лістапада ў віленскім клубе LOFTAS музычная супольнасць Belarus Outside Sound System і Фонд салідарнасці BYSOL правядуць сумесны фестываль у рамках міжнароднай эстафеты салідарнасці «Voices Across Borders». Так арганізатары хочуць расказаць людзям па ўсім свеце пра палітычны крызіс і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Фестываль Belarus Outside Sound System X BYSOLidarity Relay далучаецца да эстафеты, каб прыцягнуць жыхароў Вільні да агульнай справы і сабраць сродкі на падтрымку беларускіх палітычных зняволеных.

На адной з найлепшых літоўскіх канцэртных пляцовак выступяць пост-панк дуэт Super Besse, які набыў сусветную вядомасць, і гіпна-поп артыстка Anastasia Rydlevskaya, а таксама беларускія дыджэі, добра вядомыя ў Вільнюсе — Stereobeaver, Kornej і Papa Bo Selektah. Патрапіць на мерапрыемства можна будзе за любое ахвяраванне ад 10 еўра. Сабраныя сродкі ў поўным аб’ёме будуць накіраваны на збор эстафеты салідарнасці «Voices Across Borders».

«Voices Across Borders» — гэта першая спроба знайсці падтрымку ў тым ліку і ў міжнароднай аўдыторыі, — паведамляюць ініцыятары эстафеты Фонд салідарнасці BYSOL. — Мы спадзяемся, што яна будзе паспяховай і стане штогадовай акцыяй салідарнасці з Беларуссю».

Belarus Outside Sound System X BYSOLidarity Relay — рух актыўных і прагрэсіўных прадстаўнікоў беларускай музычнай сцэны, мэта якога — стаць агентамі сацыяльных пераменаў, выкарыстоўваючы музыку як мяккую сілу.

Super Besse добра вядомыя сваім змрочным, меланхалічным, але ў той жа час зачаравальным гучаннем. Іх музыка спалучае ў сабе халодную энергетыку 80-х з сучасным мінімалізмам, што робіць кожны іх канцэрт унікальным і атмасферным. Іх выступленні вядомыя сваёй інтэнсіўнасцю і эмацыйнай глыбінёй, што кожны раз пакідае незабыўнае ўражанне на гледачоў.

Anastasia Rydlevskaya мастачка і спявачка, якая стварае цэлы сусвет, вытканы з юнгіянскіх, фальклорных і аўтабіяграфічных сімвалаў. Яе карціны ўвасабляюць песні, а музыка гучыць саўндтрэкам да палотнаў. Трэкі Анастасіі — гэта наватарская гіпна-поп электроніка з элементамі фольку, упрыгожаная шматслаёвымі вакальнымі партыямі.

Papa Bo Selektahадзін з самых папулярных беларускіх дыджэяў, ідэйны натхняльнік Belarus Outside Sound System. У сваіх сэтах ён злучае песні экзатычных плямёнаў, сэмплы акустычных інструментаў са шчыльным электронным грувам, сплятаючы ўсё гэта ў мудрагелісты музычны стракаты аўдыё-дыван.

Kornej дыджэй, музычны журналіст, бацька № 1 беларускага інтэрнэт-радыё Radio Plato. Яго дыджэйскія інтарэсы ахопліваюць некалькі вымярэнняў: ад пругкага даба да трапічнага рутса, ад бясхмарнага дыска да блокбастарнага хаўса. Але кожны раз гэта расслабленая або танцавальная атмасфера з пытаннем, якое інтрыгуе: what’s next?

Stereobeaver бацька № 2 беларускага інтэрнэт-радыё Radio Plato. Валодаючы цудоўным густам, што б гэта ні было, рутс-даб або бруклінскі хіп-хоп, ён — гуру грува і шчасця на танцпляцы. Адно мы ведаем напэўна: дыджэйскія сэты Stereobeaver прымушаюць вас адчуваць сябе добра.

budzma.org