Зуй-Вайцяхоўская: сатыра – гэта магчымасць падтрымаць людзей

Алена Зуй-Вайцяхоўская. Фото: Irina Ignatjuk/DW

У Варшаве паказваюць тэатральны праект, створаны польскімі, беларускімі і ўкраінскімі жанчынамі і прысвечаны расійскай агрэсіі ва Украіне. Пра ўражанні гледачоў і свой досвед вайны DW распавяла Алена Зуй-Вайцяхоўская.

Беларуская спявачка і акторка Алена Зуй-Вайцяхоўская, вядомая многім дзякуючы песні “Шчучыншчына”, з’ехала з Беларусі спачатку ва Украіну, а праз паўгады вымушаная была бегчы з Украіны ў Польшчу. У інтэрв’ю DW яна распавяла пра досвед вымушанай эміграцыі і свае новыя праекты: сатырычны серыял пра жонак мабілізаваных расіян, электронны альбом беларускіх песень, прэм’ера якога адбылася 1 лістапада, і антываенны жаночы перформанс у Польшчы.

“Гумар быў адказам на тое, што адбываецца”

DW: Калі дзякуючы “Шчучыншчыне” прыйшла твая папулярнасць, былі розныя каментары, у тым ліку ад тых, хто не зразумеў, што гэта гумар. Табе не было шкада, што цябе прынялі не ў тыя шэрагі?

Алена Зуй-Вайцяхоўская: Не, гэта было класна, гэта падкрэслівала тое, што гэта ўсё мае сэнс, што людзі насамрэч жывуць у нейкай рэальнасці, дзе яны згубіліся, дзе не разумеюць, што да чаго, успрымаюць за чыстую манету. Што гэты нонсэнс, гратэск стаў настолькі нармальным у Беларусі, што ўжо няма чаму здзіўляцца. Для мяне асабіста гэта азначала толькі тое, што роля атрымалася. 

– Апроч “Шчучыншчыны”, была яшчэ песня, з якой ты хацела трапіць на “Еўрабачанне”.

– Так, “Дзекаць і цекаць”. Яе можна знайсці паглядзець, ёсць адмысловы кліп, які мы знялі з камандай “ЧынЧынЧэнэл”, рэжысёрам Андрэем Кашперскім.

– Што было ў адказе ад “Еўрабачання”?

Шчыра сказаць, я не памятаю. Памятаю, што мы не прайшлі.

– Гумар да цябе сам прыйшоў ці гэта быў асэнсаваны выбар?

Гумар на той момант быў нашым адказам на тое, што адбываецца ў краіне. Не толькі гумар, канешне. Сатыра была магчымасцю падтрымаць людзей, каб у іх з’явіўся момант, калі яны могуць і пасмяяцца.

“Патрыярхат здымае з цябе адказнасць”

– Ці магчыма і цяпер размаўляць з публікай праз гумар?

– У нас далей існуе канал. Зусім нядаўна на ім выйшаў новы мінісерыял, які называецца “Белгоспсихоз”, раю зайсці паглядзець на”ЧынЧынЧэнэл”. Ёсць таксама мінісерыял “Давай его дождемся”, дзе мы з рэжысёркай і акторкай Нэлай Агрэніч спрабавалі сябе ў якасці сцэнарыстак.

– Там ты – Ангеліна Лістапад, і гэта “падрабязная інструкцыя для жонак мабілізаваных”. Ты пачынаеш са словаў “сардэчна запрашаем у свет, дзе можна быць проста жанчынай”. Пра які свет ідзе гаворка?

 Як нам падаецца, гэты персанаж – пра тое, як прапаганда бачыць ролю жанчыны ў грамадстве. Гэты патрыярхат – гісторыя пра тое, што жанчына павінна ўмець гатаваць, рабіць усё па дому і гэтага дастаткова. Яна здымае з сябе ў гэты момант адказнасць, яна не павінна больш ні ў чым удзельнічаць.

– Ты можаш сказаць, што вымушаны пераезд з Беларусі даў табе новы штуршок і новае развіццё ў тваёй творчасці?

Так, у нас ёсць музычны праект “Zui”, у Беларусі мы прысвячалі развіццю гэтага праекта не так шмат часу, як цяпер. У гэтым праекце я вакалістка і суаўтарка музыкі. Часам і аўтарка словаў, але часцей за ўсё аўтар словаў – Міхась Зуй, мой муж, актор, музыка і сцэнарыст. Калі мы ўжо перажылі пачатак і першы стрэс эміграцыі, пасля стрэс другой эміграцыі, з’явілася больш думак пра творчасць, і мы запісалі ўдваіх беларускі альбом. Гэта электронны альбом, усе песні на беларускай мове, адна песня – па-польску.

“Маем магчымасць са сцэны казаць даволі жорсткія і важныя рэчы”

– Вы з мужам творчыя людзі. Ці ёсць паміж вамі канкурэнцыя? Ці ёсць розніца, калі вы муж і жонка, а калі калегі?

Мы шмат працуем дома, шмат чаго рэпетуем, музыку запісваем дома. “Шчучыншчына” была запісаная дома на камп’ютар, нават не на мікрафон. Мы з Мішам разам 16 год – у нас ужо не пааддзяляеш: тут творчасць, а тут – муж. Гэта ўжо нешта трэцяе.

– Ты пакінула радзіму ды ўсё, што табе там было дорага. Разам з гэтым ты пакінула сваіх гераінь, якіх ты грала на сцэне тэатра. Ці знайшла ты для сябе новых гераінь у Польшчы? 

Я цяпер прыймаю ўдзел у тэатральным праекце, у перакладзе на беларускую ён называецца “Маці. Песня падчас вайны”. Гэта праект польскай рэжысёркі, заснавальніцы фундацыі “Хор жанчын”, яна перыядычна робіць пастаноўкі на важныя грамадскія тэмы. У праекце прымаюць удзел дзяўчаты з Украіны, Беларусі і Польшчы – усяго 21 акторка на сцэне. Можна сказаць, што гэта антываенны перфоманс, мы маем магчымасць са сцэны казаць даволі жорсткія і важныя рэчы, пра якія людзі ў Еўропе або не ведаюць, або не ўспрымаюць сур’ёзна.

– Як рэагуе публіка?

У сярэдзіне сцэны, калі мы кажам пра тое, як мы бачым пазіцыю Еўропы, бо шмат у каго з еўрапейцаў стаўленне, што гэта не іх вайна і не іх гісторыя, што у іх свае праблемы, ваенная траўма, мы падыходзім блізка да гледачоў і пытаемся “Вы разумееце? Вы разумееце?” І адзін чалавек устаў і сказаў па-польску “Не разумеем. Да пабачэння” і сыйшоў. Гэта адзіная сітуацыя, якую я памятаю, калі чалавек так устаў і выйшаў.

“Патрабавалі, каб вывелі расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі”

– Перад пераездам ва Украіну ці быў такі перыяд, калі ты сядзела і чакала, што па цябе могуць прыйсці?

Так, у мяне была падрыхтаваная дамова з адвакатам. […] Гэты перыяд цягнуўся прыкладна тры тыдні. Я не магла ночыць дома – мы ночылі ў сяброў, а дадому я прыходзіла толькі збіраць рэчы. Ночыць я там не магла проста псіхалагічна, таму што разумела, што з раніцы могуць прыйсці.

– А ты дзяцей рыхтавала да таго, што могуць прыйсці і забраць цябе?

– Так. Калі я зразумела, што такое можа здарыцца, мы былі ў Брэсце, паехалі да маёй бабулі. Мы з сяброўкай і дзецьмі сядзелі ў кавярні, і я вымушаная была прыдумаць такую гісторыю: што здымаюся ў фільме і што гэта такая спецыфічная дамова ў мяне з рэжысёрам, што фільм могуць пачаць здымаць нечакана, што сюды могуць прыехаць людзі, якія могуць жорстка размаўляць, магчыма, нават забяруць мяне кудысьці, і па кантракце я павінна буду паехаць, “каб вы не палохаліся, гэта проста такая роля ў мамы”. Дзякуй Богу, гэтую ролю я не сыграла і спадзяюся, што не сыграю ўжо.

– Ва Украіну вы з’ехалі ў 2021 годзе, так?

Так, гэта быў пачатак верасня 2021 года. Калі мы прыехалі ва Украіну, мы выбіралі паміж Львовам і Кіевам. Па розных абставінах вырашылі паехаць у Львоў. Там мы шчасліва пражылі каля шасці месяцаў, пакуль не здарылася 24-га (24 лютага 2024 года. – Рэд.).

– Як вы гэта сустрэлі?

Ужо была такая атмасфера ў горадзе… Людзі ўвесь час размаўлялі пра тое, што, магчыма, нешта будзе адбывацца. Але львавяне, якіх мы бачылі, да апошняга казалі, што нічога не будзе. “Можа, там недзе нешта, але тут у нас дакладна нічога не будзе”. 22 лютага я была на дэманстрацыі пад расійскай амбасадай, сабралася беларуская суполка. Мы стаялі з пікетамі, плакатамі – патрабавалі, каб вывелі расійскія войскі з тэрыторыі Беларусі. І тады ўжо нешта адчувалася ў паветры.

З 23-га на 24-га я на ўсялякі выпадак спала ў пакоі разам з дзецьмі, увесь час перыядычна правярала тэлефон. Заснула толькі пад раніцу і прачнулася ад таго, што тэлефон на вібрацыі пачаў вар’яцець. Адкрываю тэлефон, гляджу навіны і адразу бачу паведамленне “Што ў вас там адбываецца?” Мы ўжо ведалі, дзе знаходзіцца бомбасховішча. Дзеці спалі ў вопратцы, не ў куртках, але ў тым, на што можна было хуценька накінуць курткі і бегчы ў бомбасховішча. Мы тлумачылі ім гэта тым, што ўначы могуць быць трэніровачныя сірэны. Мы не казалі пра тое, што пачалася вайна.

– Пасля гэтага вам трэба было пакідаць таксама і Украіну. Я ведаю, што вы стаялі на памежжы трое сутак. Што ты адчувала?

 На другі-трэці дзень да нас падыходзілі ўкраінцы: бабулечкі, якія прыносілі ежу, нам падцягвалі электрычнасць з дома, каб паставіць чайнік, каб нас накарміць. Памятаю, як недзе а 5-6 раніцы прыехаў мужчына і прывез такую вялікую выварку з кіпнем. 

– Пасля ўсіх падзей, якія з табой і тваёй сям’ёй адбыліся, ці стала ў цябе ў жыцці менш гумару?

Дзякуй Богу, мне падаецца, гумар я не губляю. Гэта тое, што дапамагае. Мне падаецца, я заўсёды была чалавекам з пачуццём гумару. Гэта магчымасць рабіць лепшымі дні або хвіліны для кагосьці. Я да гэтага часу гэта раблю.

Ірына Ігнацюк, dw.com