
Першая прэс-канферэнцыя вызваленых палітзняволеных з удзелам Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай нарабіла шуму: абыякавых сярод тых, хто яе паглядзеў, здаецца, не засталося.
Адны накінуліся на палітычных лідараў з крытыкай: маўляў, нельга было пасля ўсяго перажытага дзякаваць Лукашэнку і тым больш дэманстраваць пазіцыю «не ўсё так адназначна» па вайне ва Украіне (яшчэ і знаходзячыся на яе тэрыторыі). Другія ж абаранялі ўчорашніх вязняў: людзі пяць гадоў правялі ў рэжыме інфаблакады, дайце ім час.
Член каманды Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў лічыць, што канферэнцыя прайшла абсалютна нармальна.
«Спрэчку раздзьмувалі выключна ў фэйсбуку, Ігар Лосік той жа асобна, а таксама ў СМІ, якія шчыльна сочаць за тым жа фэйсбукам. Мне падаецца, што гэта досыць штучная з’ява: большасці людзей у Беларусі было абсалютна ўсё роўна, як і ўкраінскай аўдыторыі, бо ва ўкраінскіх СМІ ніхто так не крытыкаваў», — пракаментаваў «Нашай Ніве» Іван Краўцоў.
Краўцоў заўважае, што за пяць гадоў у мігранцкім асяроддзі сфармаваўся досыць радыкальны погляд на тое, як павінен паводзіць сябе апазіцыйны беларускі палітык і на якія кропкі ціснуць, а на якія — ні ў якім разе.
«Нас усё гэта (падобныя каментары і рэакцыі — НН), па праўдзе кажучы, не вельмі моцна турбуе. Нас значна больш турбуе, каб яны прыйшлі ў парадак і вызначыліся з тым, чым яны далей у жыцці будуць займацца. Гэта куды больш важная рэч — каб яны знайшлі сабе прадуктыўную будучыню».
Варта адзначыць, што на другі дзень пасля вызвалення падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і Марыя Калеснікава, і Віктар Бабарыка выказалі сваю салідарнасць з Украінай.
«Мы вас падтрымліваем. Мы не ўяўляем, як гэта неймаверна складана, калі ў стане вайны, адбываецца такая масаваная атака і агрэсія з боку Расіі, як цяжка вам з гэтым спраўляцца і вы ўсё адно знаходзіце магчымасць нас падтрымліваць», — сказала падчас таго званка Марыя Калеснікава.
Бабарыка, у сваю чаргу, сказаў Зяленскаму: «Усе мы адзіныя ў ацэнцы гэтай пазіцыі: вы пакутуеце, вы зазналі агрэсію, і вы цалкам маеце рацыю: свабода і жыццё людзей, якія аддалі за яе жыццё — найважнейшае. І яна павінна перамагчы».
