Алег Латышонак: Слуцкае паўстанне мела агульнанацыянальны характар

З вядомым беларускім гісторыкам Алегам Латышонкам racyja.com паразмаўляла пра Слуцкае паўстанне, пра тое, як зараджалася традыцыя яго адзначэння і святкавання, пра сам змест паўстання і ягоных удзельнікаў.

РР: 27 лістапада – Дзень Герояў. Гэтае свята пачало адзначацца з 80-х гадоў перш-наперш у эміграцыйных колах. У Рэспубліцы Беларусь зараз афіцыйна яно не адзначаецца, толькі неафіцыйна. Гэта вельмі важнае свята. Чаму акурат з 80-х гадоў?

Алег Латышонак: Гэта не так. Свята першы раз было напачатку 30-х гадоў у Вільні адзначанае паводле ініцыятывы Сяргея Бусла – слуцкага паўстанца, які там вучыўся. І менавіта ўжо тады не ўсе прызнавалі гэтае свята, паколькі гэтае віленскае асяроддзе ніякага дачынення да Слуцкага паўстання не мела. Толькі з часам нараджалася разуменне важнасці гэтай падзеі. І ўжо ў пасляваенны перыяд сталі святкаваць гэта ў эміграцыі. Толькі шырэйшы набывала гэтае свята водгук. І яно набыло назву Дзень Герояў. Ужо ўспамінаем у гэты час не толькі слуцкіх паўстанцаў, але ўсіх, хто змагаўся са зброяй у руках за Беларусь.

РР: У Слуцкім збройным чыне прымалі ўдзел многія беларусы. Некаторыя гавораць, што было каля 10 тысяч узброеных чалавек. Што праўда, зброю мела можа пятая частка гэтых змагароў. Адкуль былі гэтыя людзі, якія змагаліся за Случчыну?

Алег Латышонак: У самой Слуцкай брыгадзе пераважалі жыхары Случчыны. Шмат прыбыло з Бабруйшчыны, з іншых беларускіх земляў, прыходзілі ў асноўным тыя, якія раней былі звязаныя з Беларускай вайсковай камісіяй, наогул з беларускім рухам. Таму можна сказаць, што Слуцкае паўстанне мела агульнанацыянальны характар. Калі ідзе пра беластачан, гэта быў Беластоцкі батальён маёра Міколы Дзямідава, які раней ваяваў у арміі генерала Булак-Балаховіча. І ён у самай існасці не быў атрадам слуцкіх паўстанцаў. А толькі ішоў па сваёй ініцыятыве на дапамогу Слуцкаму паўстанню.

РР: Які быў далейшы лёс случакоў? Вядома, што Макар Краўцоў – стваральнік гімну “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” загінуў у Беластоку ў пачатку 40-х гадоў.

Алег Латышонак: Мы не ведаем, калі ён загінуў. Можа адразу ў 39-м, калі арыштавалі. Сям’я атрымала звестку, што яго закатавалі ў Беластоцкай турме. Наогул лёс слуцкіх паўстанцаў быў незайздросны. Тыя, якія вырашылі перайсці на польскі бок фронту, былі інтэрнаваныя. І частка з іх была нават інтэрнаваная ў Беластоцкім лагеры для інтэрнаваных. І шмат хто з іх вярнуўся дахаты. І спачатку нават жылі нармальна. Але праз некалькі гадоў сталі іх усіх вылаўліваць і ссылалі альбо расстрэльвалі. Можна сказаць, што Случчына, як рэгіён, заплаціла страшэнную цану, паколькі Случчына была спацыфікавана. Тут не ідзе толькі пра ўдзельнікаў паўстання, але ідзе пра насельніцтва Случчыны, якое паўстанне падтрымлівала. І за тое заплаціла. Проста вываз са Случчыны меў шырокі маштаб, і нішчыліся і засценкі, і вёскі.

РР: Ці можна гаварыць пра міжнароднае значэнне Слуцкага збройнага чыну?

 Алег Латышонак: Я думаю, што адказ тут будзе адмоўны. Ён мае значэнне для беларусаў. Бо гэта першы раз, калі беларусы выступілі за сваю дзяржаву, як беларусы. Я лічу, што практычна Слуцкае паўстанне было адзіным самастойным узброеным выступленнем беларусаў за свабоду. Беларусы змагаліся і ў  сваім перакананні за свабодную Беларусь, але на баку іншых дзяржаў. Хацелі заваяваць з дапамогай іншых дзяржаваў незалежнасць. І тут няма ніякага нават следу, каб хто падбухторваў беларусаў у сваім інтарэсе. Гэта ёсць прыклад, калі ініцыятыва ідзе знізу. Проста насельніцтва выбірае сваё прадстаўніцтва і пачынае арганізоўваць сваю армію, сваё войска. І таму мы павінны гэтую падзею шанаваць. Гэта прыклад таго, што беларусы здольныя змагацца за сваю краіну, праліваць за яе кроў.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Юрка Ляшчынскі, racyja.com