«Гэтая сітуацыя пагражае ўсім беларускім незалежным медыям». BySol аб’явіў збор на аднаўленне працы «Маланкі»

Сайт malanka.media прыпыніў працу на нявызначаны тэрмін яшчэ 15 лістапада з‑за недахопу фінансавання. Telegram-канал не абнаўляецца з 14 лістапада, Youtube-канал і іншыя сацыяльныя сеткі выдання працягваюць працу.

Фота: mediamalanka

Праект malanka.media просіць дапамогі для аднаўлення працы сайта. Фонд салідарнасці BySol аб’явіў збор 20 тысяч еўра на аднаўленне працы выдання.

««Маланка» сутыкнулася з новым выклікам: недахопам фінансавання. Ключавы донар перастаў нас падтрымліваць без тлумачэння прычын. Мы шукалі выхады з гэтай сітуацыі, але ва ўмовах вымушанай эміграцыі варыянтаў не так шмат», — гаворыцца ў паведамленні на сайце фонду.

Рэдакцыя адзначае, што доўгі час спрабавала захаваць праект, шукалі спонсараў ды магчымасць манетызацыі. Але «экстрэмісцкі статус, недахоп фінансавання і выдаткі на падтрыманне інфраструктуры, якія растуць, аказаліся для нас непераадольнай перашкодай», патлумачыла рэдакцыя.

Заяўленая сума збору дазволіць «утрымліваць сайт цягам пяці месяцаў і выплачваць заробкі чатыром супрацоўнікам». Рэдакцыя спадзяецца, што пасля гэтага донарскае фінансаванне будзе адноўлена.

МАГЧЫМАСЦЬ ДАПАМАГЧЫ 

Павел Марыніч. Фота: Наша Ніва

Кіраўнік Malanka Media і стрымінгавай платформы Belarus Tomorrow Павел Марыніч падае праблему як глабальную для беларускіх медыяў ў выгнанні:

«Скончыліся грошы і калі будзе магчымасць фінансавання — не зразумела… І перспектыў ніхто не ведае. Гэтая сітуацыя пагражае ўсім беларускім незалежным медыям».

Літаральна напярэдадні рэдакцыя «Новага Часу» тэрмінова папрасіла падтрымкі. Тыднем раней адзіны беларускамоўны незалежны рэсурс Гомеля «Штодзень» аказаўся на мяжы закрыцця і таксама папрасіў дапамогі.

Якую тактыку выжывання ў надзвычайнай сітуацыі выбрала Malanka Media?

Паспрабуем за кошт данатаў пратрымацца да наступнага года, каб захаваць рэдакцыю. Спадзяюся, што ў наступным годзе сітуацыя зменіцца і нашая маленькая рэдакцыя сайта зможа працаваць без гэтых экстрэмальных сітуацый, — адзначыў Павел Марыніч.

Георгій Леўкавец, baj.media