Марш «Яе звалі Ліза», «Палітвязынка», «Нітка Зорка» Ваданосавай, падкаст «Дочкі‐Маткі». Найважнейшыя жаночыя праекты 2024-га

Ілюстрацыйны каляж

«Радыё Свабода» сабрала найцікавейшыя жаночыя ініцыятывы і праекты 2024 году пра беларусак і для беларусак.

Флэшмоб #Хопіцьгвалціць і марш «Яе звалі Ліза»

Марш “Яе звалі Ліза” ў Варшаве

Сёлета ў лютым пасьля гібелі беларускі Лізы ў Варшаве ў выніку жорсткага згвалтаваньня грамадзкая актывістка Наста Базар ініцыявала флэшмоб #Хопіцьгвалціць. Пад цэтлікам #хопіцьгвалціць людзі дзяліліся ў сацыяльных сетках сваімі гісторыямі і развагамі пра сэксуальны і гэндэрны гвалт. Таксама прайшоў марш «Яе звалі Ліза», у якім узялі ўдзел тысячы людзей.

«Палітвязынка»

Яўгенія Доўгая. Ілюстрацыйны каляж

Ініцыятыва «Палітвязынка» — мэдыйны праект, прысьвечаны палітзьняволеным беларускам, які стварыла журналістка Яўгенія Доўгая. Ужо некалькі гадоў «Палітвязынка» расказвае гісторыі палітзьняволеных жанчын. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», па стане на 20 лістапада 164 палітзьняволеныя жанчыны знаходзяцца за кратамі, праваабаронцам вядома пра 495 былых палітзьняволеных жанчын. У 2024 годзе на «Палітвязынцы» выйшла больш за 300 матэрыялаў пра палітзьняволеных жанчын, ініцыятыва дапамагла больш як 170 жанчынам і іх родным. У музэі Бэрлінскай сьцяны «Палітвязынка» адкрыла выставу пра палітзьняволеных жанчын. У жніўні Яўгенія Доўгая разам з паплечніцай Настай Захарэвіч атрымалі з рук Сьвятланы Ціханоўскай узнагароду за руплівасьць і настойлівасьць у падтрымцы жанчын у няволі. «Палітвязынка» займаецца адвакацыяй вызваленьня палітвязьняў. У рамках гэтай місіі прадстаўніцы ініцыятывы сустракаліся з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту ЗША, уладаў Францыі, Нямеччыны, Ізраілю і Польшчы.

«Палітвязынка» ў Instagram
«Палітвязынка» ў Facebook

Онлайн-лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту oliviahelp

Ужо другі год для беларусак унутры краіны і за мяжой працуе сэрвіс дапамогі пацярпелым ад хатняга гвалту oliviahelp.org. Сэрвіс надае бясплатную інфармацыйную, псыхалягічную, праўную дапамогу беларускім жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. З пачатку 2024 году спэцыялісткі лініі oliviahelp.org далі беларускам, якія апынуліся ў сытуацыі хатняга гвалту, ужо больш за 1500 кансультацыяў. Oliviahelp праводзілі апытаньне пра хатні гвалт пры дапамозе Chatham House.

Gender Gap на Эўрарадыё

Ірына Сідорская

Другі год у этэры Эўрарадыё ў праекце Gender Gap гендэрная дасьледчыца, доктар навук Ірына Сідорская «разбурае гендэрныя стэрэатыпы і абмяркоўвае іх уплыў». Ірына Сідорская таксама вядзе калёнку на сайце zerkalo.io на гендэрныя тэмы.

7 кніг ад жаночага выдавецтва «Пфляўмбаўм»

У жаночага выдавецтва «Пфляўмбаўм» 7 кніг у 2024 годзе. Зь іх у продажы зборнік паэзіі Наталкі Кучмель «Залатое», раман Віргініі Кульвінскайце «Як я была малалеткай» (пераклад зь літоўскай Сюзанны Паўкштэлы).
Чакаюцца з вытворчасьці:

  • Алок Вайд-Мэнан (ЗША) і Наста Манцэвіч, «Цела таксама архіў», зборнік эсэ і вершаў небінарных аўтара_к;
  • Гедрэ Казлаўскайце, «Чароўны час», зборнік паэзіі, пераклад зь літоўскай Уладзіслава Гарбацкага;
  • Югася Каляда, «Перамена месцаў», прыгодніцкі раман;
  • Бэла Шагал, «Запаленыя свечкі», успаміны;
  • Вольга Такарчук, «Кнігі Якуба», раман, magnum opus нобэлеўскай ляўрэаткі, пераклад з польскай Марыны Шоды.

«Джынсавы дзень» у падтрымку ахвяраў сэксуалізаванага гвалту

У красавіку вядомыя беларускі ўзялі ўдзел у міжнароднай акцыі «Джынсавы дзень» у падтрымку ахвяраў сэксуалізаванага гвалту. Тагачасная прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы і ініцыятарка службы «Адно вакно» Вольга Гарбунова заклікала далучыцца да акцыі: апублікаваць у сацсетках сваю фатаграфію ў джынсах з хэштэгамі кампаніі #джынсавыдзень і #denimdaybelarus, а таксама словы падтрымкі для пацярпелых ад сэксуалізаванага гвалту, сваю гісторыю, парады, якімі словамі лепш падтрымліваць пацярпелых, і/ці падзяліцца кантактамі службы для зваротаў. «Не вінаваць, а падтрымлівай» — такі быў галоўны пасыл гэтага флэшмобу.

Girls Power Belarus

Працягвае плённа працаваць у 2024 годзе ініцыятыва Girls Power Belarus, створаная яшчэ ў жніўні 2020 году падчас беларускіх пратэстаў, калі сілавікі чынілі жорсткі гвалт над жанчынамі. «Girls Power Belarus», які спачатку існаваў як актывісцкі праект, перафарматаваўся ў онлайн-часопіс, жаночае мэдыя, якое вядуць фэміністкі Беларусі. Піша пра жанчын, падтрымлівае жаночыя правы, змагаецца супраць дыскрымінацыі паводле полавай прыкметы.

«Мара», жаночая арганізацыя ў Рызе

Журналістка і грамадзкая дзяячка Наста Захарэвіч разам з паплечніцамі стварыла ў Рызе жаночую арганізацыю «Мара», у якой дапамагаюць жанчынам адаптавацца ў новай краіне і інтэгравацца ў яе, лабіруюць беларускія інтарэсы ў Латвіі, кансультуюць па пытаньнях, зьвязаных з атрыманьнем статусу ўцекача ў Латвіі. Улетку 2024 году «Мара» стала суарганізатаркай першай беларускай пляцоўкі на фэстывалі дыскусій «Лампа».

«Мара» ў Х
«Мара» ў Bluesky

Youtube-канал «Максимально»

Блогер и мэдыямэнэджар Максім Паршута разам з рэжысёркай і савядучай Алінай Мазавец працягваюць весьці ютуб-канал , «Максимально», дзе размаўляюць зь беларускамі пра іх жыццё. Сярод сёлетніх тэмаў каналу: «Чаму жанчыны баяцца гінэколягаў», «Галоўнае адрозьненьне фэм-стэндапу», «Што падарыць беларускай жанчыне», «Як беларускі выратаваліся ад аб’юзу», «Жыцьцё беларускіх айцішніц».

ISKRA, жаночае мікрамэдыя

Жаночае мікрамэдыя і кам’юніці ISKRA, у якім вы знойдзеце інфармацыю пра нефармальную адукацыю, а таксама «натхняльныя пасты і размовы ад і для беларусак». Сярод тэмаў — «Што значыць быць лідэркай», «Падборка магчымасьцей для беларусак», «Сындром самазванкі: у чым прычыны і як перамагчы» ды іншыя.

Майстэрня і відэапраект «Нітка Зорка» Кацярыны Ваданосавай

Кацярына Ваданосава, ілюстрацыйнае фота

Другі год вядзе ў беластоцкім хабе «Новая зямля» школу традыцыйнага строю рэканструктарка традыцыйных строяў, музыка, аўтарка вершаў і песень, журналістка і тэлевядоўца Кацярына Ваданосава. У школе вучацца людзі, якія хочуць уласнымі рукамі ствараць беларускае нацыянальнае адзеньне. Сёлета Кацярына распачала відэапраект «Нітка Зорка». Сярод тэмаў: «Што забаранялі насіць жанчынам часу паўстаньня Каліноўскага», «Беларускія сяляне-стылягі бяз гэтага не маглі», «Як „Лісты з-пад шыбеніцы“ вынесьлі з-за кратаў у ніжняй бялізьне» ды іншыя.

FASHION LUNCH, youtube-канал на тэму моды

Азнаёміцца з самымі папулярнымі сусьветнымі тэндэнцыямі вачыма беларускай дызайнэркі Вольгі Кучарэнкі (стрыечнай сястры Рамана Бандарэнкі) і стылісткі Ганны Прышывалкі можна на іх Youtube-канале FASHION LUNCH, дзе яны расказваюць пра сьвет моды — падзеі, апошнія навіны, гісторыю моды і знакавых асобаў.

Падкасты «Дочкі‐Маткі» і «Страшна ня страшна» на канале «Цёця Іра»

Youtube-канал «Цёця Іра» агулам варты ўвагі, але сэрыя «Дочкі-Маткі» зь вядучымі Дашай Гардзейчык і Ірынай Новік на ім — асабліва, бо гэта падкаст, дзе фэміністкі розных пакаленьняў дыскутуюць на розныя тэмы і шукаюць кансэнсусу. На гэтым жа канале ў падкасьце «Страшна ня страшна» Ірына Новік і псыхалягіня Вольга Вялічка разважаюць на тэмы страхаў, якія жанчын часта падсьцерагаюць у крытычныя моманты жыцьця. Спэктар пытаньняў для развагаў самы шырокі — сьмерць, хвароба, адзінота і шмат што яшчэ.

«Ласкатухі», падкаст-шоў беларусак Амэрыкі

Ласкатухі — гэта падкаст-шоў, дзе беларускі Амэрыкі «размаўляюць, балбочуць, ласкочуць і разважаюць на розныя тэмы, якія іх цікавяць і хвалююць». Сярод тэмаў — «Фэміністкі vs традыцыйныя жонкі», «Гендэрныя квоты. Ці патрэбны яны беларусам», «Прыгажосьць па-беларуску і па-амэрыканску. Якая яна» ды іншыя.

«Теперь классно!» — праект псыхалягічнай падтрымкі для матуль

Праект «nowcool.psy» прапаноўвае псыхалягічную падтрымку для матуль. Робяць яго псыхалагіня-кансультантка і сямейная псыхалягіня.

#НеСтыдно

Другі год працягваецца праект для жанчын у Instagram пра жаночае здароўе. Там шмат парадаў ад гінэколягаў і іншых дактароў, карысныя праграмы і боты пра жаночае здароўе.

«Уехавшие / Оставшиеся». Новае youtube-шоў ад аўтарак «Женщин тяжёлого поведения»

Аўтаркі Марына Ментусава, Анастасія Карасёва запусьцілі новае шоў «Уехавшие / Оставшиеся». У новым праекце яны ставяць за мэту наладжваць сувязь паміж беларускамі ўнутры краіны і ў эміграцыі. Адзін з выпускаў прысьвечаны здароўю беларусак — дэпрэсія, ЭКА, лібіда.

Стратэгічны фэм-форум

Сёлета ў Гданьску прайшоў 4-ты Стратэгічны фэм-форум, у якім узялі ўдзел прадстаўні:цы фэм-супольнасьці Беларусі, журналісткі, праваабаронцы, прадстаўнікі КВІР-кам’юніці. На форуме абмяркоўваліся мінулае, сёньняшні дзень і будучыня фэмінісцкай супольнасьці Беларусі, гендэрныя праблемы і магчымыя спосабы дасягненьня гендэрнай роўнасьці.

Гендэрныя квоты і гендэрны кірунак у АПК як вынік працы Фэм-групы ў КР

Фэм-група Каардынацыйнай рады была створаная ўвосень 2020 году. Сярод іншага, яна «працуе над тым, каб павялічыць прадстаўніцтва жанчын у асноўным і пашыраным складах Каардынацыйнай рады, быць уплывовымі ў прыняцьці рашэньняў унутры КР і працягнуць сваю дзейнасьць пасьля заканчэньня працы КР як пераходнага органу». У 2-м складзе Каардынацыйнай рады Фэм-група ў каапэрацыі і з падтрымкай каляжанак і калегаў з другіх фракцый ініцыявала і дамаглася ўвядзеньня гендэрных квотаў на выбарах у Каардынацыйную раду 3-га скліканьня. (У прасоўваньні квотаў бралі актыўны ўдзел таксама Тацяна Кавалёнак (партыя Разам), Паліна Бродзік (фракцыя «Грамадзянская салідарнасць»), Аляксандр Аўтушка-Сікорскі (фракцыя «Маладзёвы наступ»), Лізавета Пракопчык (фракцыя «Маладзёвы наступ»), Раман Кісляк (фракцыя “Адзінства па-над межамі”) – РС). Яшчэ адзін вынік працы Фэм-групы — зьяўленьне кірунку ў справе гендэрнай роўнасьці і ўразьлівых групаў у прадстаўніцтве па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, які ўзначаліла Юлія Міцкевіч.

Аналітычны агляд пра экалягічныя правы беларускіх жанчын у розных сфэрах

У аналітычным аглядзе апісваецца становішча жанчын Беларусі ў кантэксьце розных сфэр жыцьця, так ці інакш звязаных з рознымі практыкамі абыходжаньня з прыродай, доступам да спрыяльнага навакольнага асяродзьдзя. Вядома, што экалягічныя праблемы па-рознаму ўплываюць на мужчын і жанчын, аднак да гэтага часу было вельмі мала вядома пра тое, зь якімі канкрэтна экалягічнымі ўразьлівасьцямі і праблемамі сутыкаюцца беларускія жанчыны. Аўтаркі агляду спадзяюцца, што ён дапаможа лепш зразумець гендэрныя асаблівасьці экалягічнай (не)справядлівасьці Беларусі і будзе карысны як экалягічнай, так і фэмінісцкай супольнасьцям.

Зборнік «Карані / Лісьце»

Выдадзены зборнік «Карані / Лісьце» — вынік працы фэмінісцкай лябараторыі пісьма, арганізаванай архівам «Расьцяжэньне» і літаратурным зінам «Фігуры» для беларускіх пісьменьнікаў і пісьменьніц. Як адзначаюць выдаўцы, «мастацкія тэксты гэтага зборніка прысьвечаныя тэмам мовы, крытычнага асэнсаваньня сямейных наратываў і ўплыву імпэрый на гістарычную памяць, ствараючы разам аб’ёмную карцінку з розных жанравых, эстэтычных, эмацыйных і сьветапоглядных сыстэм. Забясьпечваючы прастору для шматгалосься аўтараў (-ак), гэтая кніга зробіць свой унёсак у дыскусіі пра мінулае, сучаснае і будучыню вольнай Беларусі».

Флэшмоб “Гвалт любіць цішыню”

Флэшмоб «Гвалт любіць цішыню» арганізавала служба «Адно акно» з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын і кампаніі «16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендэрнага гвалту». «Гвалт любіць цішыню» — такі слоган інфармацыйнай кампаніі сёлета быў прапанаваны ўдзельнікам флэш-мобу. Удзельніцы і ўдзельнікі яго разьмяшчалі на сваіх старонках у сацсетках сваю фатаграфію з пальцам ля вуснаў.

«Гісторыя беларускага сэксу»

Праект «Гісторыя беларускага сэксу» ў Instagram ад 2021 году робіць цалкам жаночая каманда «з фэмінісцкай лінзай».

«Іншыя гісторыі»

Падкаст «Іншыя гісторыі» робіць журналістка Дар’я Гардзейчык. Гэта гісторыі беларусак зь цікавым жыцьцёвым досьведам, якія цяпер у эміграцыі. «Пазбаўляемся ад стэрэатыпаў, задаём пытаньні, якія сорамна было задаць, падтрымліваем. Цешымся такімі рознымі і такімі прыгожымі людзьмі», — гаворыцца ў апісаньні падкаста.

«Стэндап-клюб імя Зоські Верас»

Стваральніца «Стэндап-клюбу імя Зоські Верас» — фэм-актывістка, праект-мэнэджарка, каардынатарка розных ініцыятываў Марні Вішнеўская. Фэм-стэндапы праходзяць у Літве, Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі ды іншых краінах.

«Зона камфорту», суполка для беларусак у рэлакейце і эміграцыі

Суполка «Зона камфорту» была створаная беларускамі дзеля таго, каб дапамагаць беларускам лягчэй спраўляцца зь пераездам, знаходзіць асяродзьдзе і актыўнасьці, якія дазваляюць расслабіцца, у бясьпечнай атмасфэры папрацаваць інтэлектуальна, паразважаць пра самаразьвіцьцё і пляны на будучыню. Пакуль што «Зона камфорту» больш актыўная офлайн у Варшаве. Сёлета праводзіліся рэлакейт-сьняданкі, колы падтрымкі, лекцыі, абмеркаваньні кніжак фікшн і нон-фікшн у кніжным клюбе ды іншае.

«Зона камфорту» ў Instagram

  • Сярод сёлетніх жаночых ініцыятываў варта адзначыць эка-фэм-фэшн ініцыятыву аб устойлівай модзе «sviadomy.shik» , а таксама беларускую наркафэм-ініцыятыву «Дарэчывы» — кам’юніці для жанчын з досьведам спажываньня псыхаактыўных рэчываў і іх блізкіх, жаночы мастацкі фэстываль ROAR WOMEN.

Ганна Соўсь, svaboda.org