«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Акцёр Мікалай Стонька восем гадоў іграў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. У лістападзе 2020 года пасля забойства Рамана Бандарэнкі і рэпрэсій супраць калег ён запісаў праніклівы відэазварот «Я выходжу» з тлумачэннямі, чаму не можа працягваць працаваць у тэатры. Стонька звольніўся і праз месяц з’ехаў з Беларусі.

У Варшаве акцёр далучыўся да «Купалаўцаў», а таксама грае ў незалежных праектах, здымаецца ў польскім кіно і рэкламе. «Наша Ніва» пагутарыла з ім пра цэнзараў у РТБД, сённяшні лёс тэатра, новага міністра культуры, адрозненні ў індустрыі за мяжой і ролі кадэбэшнікаў.

Мікалай Стонька. Фота: Marek Zimakiewicz

Мікалай Стонька — нарадзіўся ў вёсцы Дзераўная ў Стаўбцоўскім раёне. Пасля сканчэння школы паступіў ва Універсітэт культуры на рэжысуру, але на трэцім курсе асэнсаваў, што гэта «не яго» і перавёўся ў Акадэмію мастацтваў на акцёрскі факультэт. Яшчэ ў студэнцтве прыглянуўся тагачаснаму мастацкаму кіраўніку РТБД Валерыю Анісенку разам з Іллём Ясінскім і такім чынам трапіў у тэатр, у якім праслужыў восем год. Першай роллю ў РТБД для Мікалая стаў Кастусь Каліноўскі ў спектаклі «Каласы пад сярпом тваім».

Здымаўся ў фільмах «Перасуд», «Чарнобыль», «Мухтар», «Выбліск», кароткаметражцы «Маланка» і іншых. У эміграцыі разам з «Купалаўцамі» сыграў у спектаклях «Плошча перамогі» і «Гусі-людзі-лебедзі» (па Альгерду Бахарэвічу), «Сфагнум» (па Віктару Марціновічу), «Рамантычнасць» (па Адаму Міцкевічу). У Teatrze Powszechnym грае ў спектаклі Nastia, а на пару з Аляксеем Сапрыкіным — у польскамоўным праекце «Канец паўкабана» па п’есе Гэльмута Кайзaра. Таксама Мікалай нядаўна засвяціўся ў кліпе спевака ApSent «Можна я з табой?», гэта англамоўная версія вядомай песні.

«Наша Ніва»: Бачылі, што вас сёння прадстаўляе акцёрскае агенцтва VERESS, якое пазіцыянуе сябе як адзінае мужчынскае ў Польшчы. Можаце распавесці, як вы да яго далучыліся і на якіх умовах супрацоўнічаеце?

Мікалай Стонька: Як я да іх трапіў, гэта вельмі цікавая гісторыя. Калі толькі пераехаў, пачаў казаць знаёмым, якія ўжо даўно жылі ў Польшчы, што шукаю нейкую дадатковую працу. Тады яшчэ была пандэмія, так што з гэтым было складаней. Адзін са знаёмых, барбер з 10-гадовым стажам, згадаў, што да яго ў цырульню прыходзіць акцёр. Ён прапанаваў даць яму мае кантакты, маўляў, патэлефануй-паразмаўляй — можа, ён табе дапаможа.

Мы сустрэліся, і новы знаёмы распавёў, як у Польшчы агулам адбываюцца працэсы: што без агента ніхто не працуе, сам па сабе акцёр не ходзіць на кастынгі. Таксама ён расказаў, што збіраецца адкрыць уласнае агенцтва. Мы заставаліся ў кантакце, і год таму ён сапраўды адкрыў агенцтва, і ўжо недзе праз паўтара месяца патэлефанаваў мне і запрасіў да іх у каманду. Згуляла тое, што ў яго не было ніводнага акцёра, які б размаўляў па-беларуску, па-руску і па-англійску, плюс ведаў бы і польскую мову. Я вельмі ўзрадаваўся. 

Дзякуючы агенцтву я ў гэтым годзе зняўся ў дзвюх рэкламах — М-банка і піва Blanc 1664. Плюс у мяне з’явілася больш кіношных праектаў. Так, для новага польскага серыяла «Перашыек» шукалі рускамоўных акцёраў. Там я сыграў кадэбіста, гэтакага салагу, на якога натыкаецца галоўная гераіня.

Наконт грошай: усё залежыць ад праекта. За кожны праект, у які мяне ўзялі, я плачу агенцтву некалькі працэнтаў, калі гэта кіно, напрыклад. У рэкламе стаўкі ўжо зусім іншыя.

Акцёр падчас здымак фільма «Дарога дадому» пра Другую сусветную вайну.

«НН»: Як вам цяпер эмацыйна даюцца ролі сілавікоў, спецслужбістаў?

МС: У маім выпадку я карыстаюся магчымасцю паказаць праўдзівы твар гэтых людзей праз усю інфармацыю, якую атрымаў з перажытых за апошнія гады падзей.

«НН»: Раскажыце, як вы з’язджалі з Беларусі?

МС: Днямі было роўна чатыры гады эміграцыі. На шчасце, не было такога, як у маіх сяброў: калі раніцай патэлефанавалі — і праз дзве гадзіны чалавек ужо з заплечнікам едзе.

Я рады, што выехаў без паспеху, у мяне быў час, каб нармальна сабраць дакументы, рэчы. Хаця на мяжы здарылася трохі непрыемная гісторыя. У машыне мы ехалі ўтрох, і ў нас правяралі тэмпературу цела, бо гэта быў час пандэміі. У кіроўцы яна аказалася нармальная, у другога пасажыра — таксама, а ў мяне 37,8. То-бок мне маглі забараніць выезд толькі праз гэта. Але потым мы адчынілі фортку, праветрылі машыну, і ўжо было нармальна. Можа, нервы сваволілі так.

Недзе праз месяц пасля майго ад’езду я атрымаў ад сястры паведамленне, што да маці прыязджалі трое супрацоўнікаў, хутчэй за ўсё, з КДБ, шукалі мяне. Пыталіся, дзе я, пры тым што ў маіх сацыяльных сетках на здымках ужо стаяла лакалізацыя Варшава.

«НН»: Апошнім часам з РТБД, дзе вы адпрацавалі шмат год, далятаюць выключна сумныя навіны — затрыманні і звальненні акцёраў, збяднелы рэпертуар на гэтым фоне. Як вы сёння на гэта рэагуеце?

МС: РТБД перажываў вельмі шмат розных этапаў за час свайго існавання.

Мы неяк размаўлялі з сябрамі на гэты конт і заўважылі пэўную заканамернасць. Я не буду называць прозвішчы, каб нікога не пакрыўдзіць (у асноўным, былых і цяперашніх кіраўнікоў), але заўсёды было так: спачатку ўзлёт, потым падзенне. Потым зноў усё супер і заняпад. І так па коле. І вось цяпер мы на адзнацы заняпаду зноў.

Чакаем паляпшэнні, высокі прафесійны ўзровень і што там будзе шмат таленавітых акцёраў і рэжысёраў, а тэатрам будуць кіраваць сумленныя людзі. Але будуць яны кіраваць, калі ўлада зменіцца і ў краіне.

«НН»: Вы акурат заспелі час уздыму РТБД. Як у тэатры абыходзілі цэнзуру?

МС: Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Ірына Дрыга (у свой час — начальніца ўпраўлення ў галоўным ідэалагічным упраўленні Адміністрацыі Лукашэнкі, пасля — першая намесніца міністра культуры — «НН») з сяброўкамі. 

Маглі сказаць, які тэкст прыбраць ці які рэквізіт. Альбо папрасіць зрабіць спадніцу даўжэйшую ў актрысы. Маглі забараніць выкарыстоўваць пэўныя колеры. Але ў асноўным у іх былі вельмі банальныя заўвагі. Галоўнага сэнсу, які потым счытвалі гледачы, цэнзары не разумелі. Цэнзура была такая, што пад’ядала, канечне, спектакль, але ў той жа момант рабіла яго мацнейшым для тых гледачоў, якія прыходзілі не толькі пачуць напрамую, але ўбачыць нешта глыбейшае.

«НН»: Заўважылі для сябе нейкую розніцу ў працы польскіх і беларускіх тэатраў і таго, як здымаюць кіно ў нас і за мяжой?

МС: Я звярнуў увагу, што медыйныя акцёры тут хутчэй ідуць на кантакт. Ніхто не думае, што вось гэты чалавек зорка — ваў, а гэты толькі пачынае сваю кар’еру. Усе імкнуцца зрабіць камандную працу класна, на высокім узроўні, а не паказаць персанальна сябе лепей за ўсіх.

Фота: Marek Zimakiewicz

«НН»: Падчас працы ў Беларусі вы перасякаліся з новым міністрам культуры Русланам Чарнецкім. Якія ўражанні засталіся?

МС: У нас былі сумесныя рэпетыцыі, калі мы рабілі спектакль «Ноч для жанчын». На пляцоўцы ён якраз лічыў сябе зоркай, меркаваў, што ён мегакруты, гэта адчувалася. Нават калі Руслан памыляўся, і рэжысёр прапаноўваў яму зрабіць нешта інакш, усё роўна ён адстойваў сваю пазіцыю. Але гэта распаўсюджаная з’ява ў многіх акцёраў.

Спектакль «Ноч для жанчын». Руслан Чарнецкі — у цэнтры. Мікалай — крайні злева. Фота: bobr.by

Парадак ён у культуры дакладна не навядзе, хаця я чуў, як некаторыя казалі, маўляў, можа, добра, што ён акцёр, можа, гэта дапаможа культуры? Але мяркую, што не. Якую класную ідэю ён можа прапхнуць, калі ўсё вакол пад цэнзурай і на дыктатуры? Што ў рэжыме можна стварыць? Тым больш чалавеку, які ўжо сам падтакваў гэтаму самаму рэжыму.

Ніколі б не падумаў, што ён абярэ такі шлях. Ён падаваўся адэкватным, але, канечне, я не ведаў яго як чалавека ў жыцці, толькі на сцэне.

«НН»: У вас ёсць польскія карані, можаце распавесці пра гэтую частку сваёй ідэнтычнасці?

МС: Калі коратка, то ў акце аб нараджэнні бацькоў напісана, што яны ў мяне па нацыянальнасці — палякі. Як маці казала, калі ў 1958 годзе яна нарадзілася, то ў бабулі пыталіся: як запісваем? І мая бабуля, якая каталічка, як і дзядуля (у яго ўсе родныя выехалі на той момант у Польшчу), запісалі, што маці — полька. З боку бацькі там таксама падобная сітуацыя была.

Канечне, у мяне ўжо было напісана, што я беларус, але ў мяне вельмі шмат родных у Польшчы.

«НН»: Польскія карані неяк адбіваліся на выхаванні?

МС: Асаблівасць звязаная з рэлігіяй, таму што ўсе ў маёй сям’і — каталікі. І калі я паступіў у Мінск, то першы раз сутыкнуўся з тым, што сярод 18 студэнтаў каталікамі былі толькі я і яшчэ адна дзяўчына, астатнія — праваслаўныя. У школе ж і ў маёй вёсцы ўсё было наадварот, таму мне здавалася, што ўсе вакол — каталікі (пасміхаецца).

Бабуля мяне навучыла ўсім малітвам па-польску, потым ужо іх перарабілі на беларускую. І толькі тады, дарэчы, я зразумеў, што я там казаў.

«НН»: У адным інтэрв’ю вы расказвалі, што яшчэ ў 2006 годзе ў вас дома вісеў бел-чырвона-белы сцяг, які павесіў старэйшы брат. Але маці яго зняла пасля званка з дэканата з пагрозамі, што брата могуць адлічыць, бо ён займаецца «не тымі справамі». У 2020-м, калі вы далучыліся да пратэстаў, вас таксама стараліся адгарадзіць ад гэтага ў сям’і?

МС: У сітуацыі з братам маці тады проста хацела, каб ён атрымаў адукацыю, каб яго не ўзялі ў армію, і каб ён потым добра зарабляў. Сцяг у нас правісеў дома год, можа, і толькі калі ўзнікла рызыка адлічэння, маці яго схавала.

За мяне яна таксама турбавалася. Кожны раз званіла, пыталася, ці дома я. Маці проста перажывала, каб мяне не забралі.

Мікалай падчас пратэстаў-2020. Фота з асабістага архіву

«НН»: Калі вы толькі пераехалі ў Варшаву, то першы час працавалі даглядчыкам у музеі. Многія творчыя людзі паралельна з праектамі падпрацоўваюць на «звычайных» працах. А як цяпер у вас?

МС: Мы нядаўна на гэтую тэму пажартавалі ў перапынку рэпетыцыі «Паўкабана», што мы працуем дзесьці яшчэ, каб працаваць у тэатры. Паказы ў тэатры і праекты то ёсць, то няма.

У канцы снежня, перад каталіцкімі Калядамі адчыняецца новая кавярня Bochena Koncept. Я там буду працаваць як барыста. Штосьці новае для мяне, але з іншага боку — дадатковая практыка польскай мовы.

Сваю апошнюю тэатральную ролю ў спектаклі «Канец паўкабана» — гісторыю пра перапляценне жывёльнага і чалавечага ў пастаноўцы рэжысёра Юрыя Дзівакова — Мікалай называе самай складанай. «Калі зрабілі першае чытанне, я зразумеў, што нічога не ведаю ў польскай мове, бо там яна не сённяшняя, са складанымі абаротамі. Але праца з тым тэкстам дапамагла мне выйсці на новы ўзровень у прафесіі, зрабіць некалькі крокаў наперад». Фота: асабісты архіў

«НН»: У візітцы для РТБД на пытанне, хто такі Мікалай Стонька, вы ў выніку адказалі, што чалавек, акцёр, беларус. Што сюды дадалося ці плануецца дадаць?

МС: Першае, што прыйшло ў галаву — я ўжо тры гады як хросны, які не бачыў сваёй хрэсніцы жыўцом. Хацелася б, каб гэта змянілася.

Акрамя таго, спадзяюся, што праз год пяць выйду на такі ўзровень валодання польскай мовы, што можна будзе працаваць у польскім тэатры і кінаіндустрыі, зарабляць і ўтрымліваць сябе ў фінансавым плане так, каб не працаваць недзе яшчэ не па прафесіі. Пакуль на гарызонце не відаць пераменаў у самой Беларусі, трэба развівацца тут.

Фота: Marek Zimakiewicz

nashaniva.com