БРЦ запусціў цікавы праект з AI: выдра-дэтэктыў Яся дапамагае чытачам арыентавацца на сайце

На сайце Беларускага расследавальніцкага цэнтра з’явіўся чат-бот «Яся» на базе штучнага інтэлекту. Гэта выдра-дэтэктыў, якая дапамагае карыстальнікам шукаць інфармацыю.

Для беларускіх медыяў гэта пакуль унікальны ШІ-праект, адзначае аўтар telegram-канала Easy AI Зміцер Смірноў, які прымаў удзел у распрацоўцы чат-бота.

Яся — гэта выдра-дэтэктыў. Яна хаваецца ў правым ніжнем куце сайта БРЦ. Пабачыць яе можна, калі націснуць на сінюю іконку з чорным капелюшом.

Вось што ўжо ўмее Яся:

  • хутка знайсці патрэбную інфармацыю — напрыклад, па канкрэтнай тэме, з канкрэтнымі персанажамі;
  • паказаць звязаныя з дадзеным матэрыялам тэмы;
  • коратка пераказаць змест лангрыда;
  • расказаць, якую інфармацыю чытач можа знайсці ў кожным раздзеле сайта;
  • пазнаёміць з камандай, рэдпалітыкай, стандартамі, метадамі працы;
  •  зрабіць падборку з самых папулярных матэрыялаў за любы перыяд часу.

Чат-бот працуе на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Карыстальнікі могуць абраць адзін з пунктаў меню для стандартных пытанняў або ўвесці ўласны запыт у радку ніжэй.

Аднак распрацоўшчыкі папярэджваюць, што «Яся» пакуль мае статус эксперыментальнага праекта і можа час ад часу памыляцца.

baj.media