27 студзеня распачалася зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ). Упершыню ў ёй узяла ўдзел дэлегацыя беларускай Каардынацыйнай рады.
У самой радзе гэта назвалі «значным і беспрэцэдэнтным крокам для краіны і ПАРЭ».
Каардынацыйную раду Беларусі запрасілі як прадстаўнічы орган дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці. У дэлегацыі ў Страсбуры працуюць сьпікерка КР Анжаліка Мельнікава, дэлегаты Павал Латушка, Аляксандра Мамаева, Маргарыта Ворыхава, Валер Мацкевіч і Павал Церашковіч.
Беларускія дэлегаты ўжо прынялі ўдзел у пасяджэньні камітэта ў палітычных справах і дэмакратыі ПАРЭ, камітэта ў юрыдычных справах і правах чалавека, а таксама прадставілі сытуацыю ў Беларусі на пасяджэньні палітычнай групы «Альянс лібэралаў і дэмакратаў за Эўропу».
Новавыбраны прэзыдэнт ПАРЭ, Тэодарас Русопуляс, таксама сустрэўся зь беларускай дэлегацыяй, і ў сваёй прамове ён выказаў падтрымку беларускаму народу. На гэтай сустрэчы абмяркоўвалі прыярытэты і шляхі супрацоўніцтва, праект рэзалюцыі аб нядаўніх выбарах у Беларусі, мэханізмы падтрымкі дэмакратычных структур і грамадзянскай супольнасьці Беларусі.
Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ўключыла ў парадак дня зімовай сэсіі пытаньне «Настойлівая неабходнасьць правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі». Яго разгляд заплянаваны на 30 студзеня, дакладчыкам значыцца дэпутат Сэйму Польшчы Рышард Пэтру.
Чакаецца прыняцьце адпаведнай рэзалюцыі асамблеі.
Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
- Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
- Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю.