«Народная Воля» сустрэлася на Літаратурным фестывалі памяці Міхася Стральцова, які сёлета праходзіў у Вільнюсе. Гасцей прытуліў Саюз пісьменнікаў Літвы, прычым са сваім мінімальным удзелам. Усе пляцоўкі былі аддадзены беларускім паэтам і перакладчыкам, палова з якіх прыехала на фестываль здалёку, не з-за літоўска-беларускай мяжы. Уладзімір Някляеў, які пагадзіўся адказаць на мае пытанні, прыляцеў з польскага Уроцлава, дзе перабывае, так бы мовіць, у доўгатэрміновай творчай камандзіроўцы.
– Уладзімір Пракопавіч, дзесяць Стральцоўскіх фестываляў прайшлі ў Мінску і былі заўважнымі культурнымі падзеямі ў жыцці беларускай сталіцы. Але – з’язджаюць людзі, з’ехаў і фестываль. Мне здаецца, найбольш гэтаму здзівіўся б сам Стральцоў, калі б даведаўся пра паэтычны фестываль яго імя на выгнанні.
– Ён бы меў права не толькі здзівіцца, але і абурыцца. Я разумею – у Беларусі ідзе змаганне з палітычнымі апанентамі, але Міхась Стральцоў ніякіх адносін да палітыкі не меў за ўсё жыццё. Стральцоўская творчасць – гэта чыстая паэзія. І Літаратурная прэмія імя Міхася Стральцова была створана, каб адзначыць высакароднасць, рыцарства і сумленне ў беларускай паэзіі. На нашых вачах усё гэта вымятаецца з Беларусі, што, як мінімум, недальнабачна. Пры ўсім тым, што сёння адбываецца ў краіне, я бачу, што ва ўладзе ўсё ж засталіся людзі, якія разумеюць, што краіна Беларусь павінна мець будучыню. Але беларуская будучыня немагчымая без такіх постацей, як Стральцоў. Некалі вядомы эканаміст Аляксандр Мар пісаў, што базісам для эканомікі ёсць культура. Таму выкідванне Стральцоўскага фестывалю з культурнага жыцця Беларусі – гэта выкідванне вялікага каменю з таго падмурка, на якім павінна будавацца новая Беларусь.
– Па-свойму паказальна, што замест Стральцоўскага фестывалю, які чамусьці не падабаецца ўладам, не ўзнікае нейкага другога. Вось хай бы прыўладны Саюз пісьменнікаў замест Стральцоўскага арганізаваў пяць сваіх фестываляў. Дык жа нічога не робіцца.
– Ну так, хай бы старшыня згаданага табою саюза Алесь Карлюкевіч, які, дарэчы, абазнаны ў культуры беларускай, прапанаваў сваю дапамогу. Добра, мы не можам правесці фестываль дома, дык правядзіце вы! Мы можам падключыцца, а не – то проста пастаім збоку. Але сапраўды нічога не робіцца, ніякіх сустрэчных рухаў. Карлюкевіч, відаць, баіцца агалцелай антыбеларушчыны, якую развялі расійскія паслугачы у нашай краіне. Яны вырашылі, што прыйшоў іх час, яны нарэшце могуць закапаць Беларусь і на яе месцы ўсталяваць свой “русский мир”. На ўсё беларускае – мову, гісторыю, культуру – налятае “русскомирская” зграя і плюндрыць, і плюндрыць. І людзі ва ўладзе, у якіх цепліцца беларускасць, яны проста баяцца. Бо сёння ў Беларусі пішуцца даносы, на падставе якіх людзі ідуць за краты. Гэта, я лічу, проста 1937 год у самым разгары.
– Сумна гэта канстатаваць, але ў замежжы ўжо ўзнікае нейкая паралельная Беларусь, дзе ёсць усё сваё – тэлебачанне, тэатр, пісьменнікі, музыкі, мастакі, свае прадстаўнічыя грамадскія арганізацыі. Ці гэта часова, і з цягам часу нашы суайчыннікі расцярушацца па свеце?
– Для мяне няма і не будзе ніякай паралельнай Беларусі.
Ёсць адна Беларусь, яна знаходзіцца там, дзе я нарадзіўся і дзе я пакладуся ў зямлю.
Вядома, людзям трэба неяк часова жыць і на чужыне. Той жа Лявон Вольскі ладзіць у замежжы канцэрты, купалаўцы паказваюць спектаклі.
Я ж таксама, хоць і не эмігрант, ездзіў пісаць свае кнігі і ў Швецыю, і ў Фінляндыю. Летась у Польшчы прэзентаваў сваю кнігу “Гэй Бен Гіном”, а сёлета мяне запрасілі пажыць у літаратурнай рэзідэнцыі ва Уроцлаве, дзе выходзіць мая новая кніга.
У свой час мне даводзілі, што Беластоцкае Падляшша – гэта запасны аэрадром для беларусаў. Але там ідзе паланізацыя, і гэты працэс натуральны. Вось нядаўна адбыўся прыкры выпадак з Беларускім ліцэем у Гайнаўцы. 50 вучняў напісалі заявы, што не хочуць вывучаць беларускую мову, бо яна ім не спатрэбіцца…
– Па вашых адчуваннях, колькі адсоткаў беларусаў пры спрыяльных умовах вернуцца на радзіму?
– Дай Бог, каб адсоткаў пяцьдзясят… Бо калі чалавек знаходзіць сваю нішу ў Польшчы, Нямеччыне ці Амерыцы, калі яго сям’і там цёпла і ўтульна, то навошта яму вяртацца ў выстуджанае гняздо?
Гэта вялікая бяда для Беларусі, эміграцыя пасля 2020 года нанесла ёй вялізныя інтэлектуальныя страты. Гэта ўжо зразумелі і ўлады.
– Ці не запозна? Ды і склад камісіі па вяртанні выклікае пытанні.
– Не толькі склад камісіі. Вось я стаўлю сябе на месца чалавека, які хоча вярнуцца. Мне без ніякіх гарантый прапануюць вярнуцца і пакаяцца перад той камісіяй, а над ёю – яшчэ нехта, і за ім апошняе слова. Ён зірне ў свой спісачак: ага, ты засвяціўся там і там, ты нам не падыходзіш… Хто ж у такіх варунках паедзе? Адзіны нармальны шлях вырашэння гэтай праблемы – амністыя для ўсіх. Тыя, хто з’ехаў, ні ў чым не вінаваты. Выходзячы на вуліцы ў 2020-м, яны шукалі справядлівасці, вынікі выбараў былі яўна сфальсіфікаваны. Дык жа і вы падыдзіце да іх справядліва…
– Акрамя страт інтэлектуальных гэта яшчэ і вялікія грошы, якіх не далічваецца дзяржаўны бюджэт. Напрыклад, толькі адна кампанія “Wargaming” у выглядзе падаткаў сплачвала ў бюджэт больш, чым увесь Заводскі раён Мінска.
– Ніхто ніколі ў палітыцы грошы не лічыў. Вось мне ўвесь час даводзілі – Расія ніколі не пойдзе вайной на Украіну, бо гэта эканамічна нявыгадна. Але ў сваіх геапалітычных намерах Расія ніколі не лічыла грошай. Не шкадуе і цяпер – на зброю, на прапаганду. У прорву вайны кінута ўся расійская эканоміка. Тыя самыя падыходы, мяркую, і ў Беларусі. Але гэта гібельны шлях.
– Вы згадалі пра свае выступленні ў Польшчы, на якіх быў прэзентаваны раман “Гэй Бен Гіном”. Наколькі цікавяцца тыя, хто з’ехаў, беларускай літаратурай?
– Для кагосьці з пісьменнікаў было б шчасцем – праехаць Польшчу ад краю да краю і на сустрэчах у Кракаве, Уроцлаве, Гданьску і Беластоку пабачыць поўныя залы беларусаў. Мне ж гэта асаблівай радасці не прынесла. Мае чытачы па ўсёй Польшчы – што гэта такое? І ўсе яны былі ў роспачы – а што нам рабіць, а калі мы вернемся ў свае хаты? Гэта было год таму. А вось нядаўна была ў мяне сустрэча – ужо менш падобных пытанняў. Людзі ўжо пачалі знаходзіць свае нішы, пра якія мы гаварылі раней.
– З двух дзясяткаў удзельнікаў Стральцоўскага фестывалю ці не палова сёння жыве за мяжой. Пры такой тэндэнцыі хутка ў Беларусі пісьменнікаў не застанецца…
– Таму што адносіны да іх проста абыякавыя – у лепшым выпадку. У горшым іх чакае турма, дзе сёння знаходзяцца сябры ліквідаванага ўладай Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Бяляцкі, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч, адкуль нядаўна выйшаў Мікола Папека. А пісьменнікі ў цывілізаванай краіне – гонар і годнасць нацыі. І там дзяржава імі апякуецца.
Дарэчы, у маім рамане “Гэй Бен Гіном” ёсць такі дыялог Сталіна з Купалам. Купала кажа: можна кагосьці прызначыць міністрам ці сакратаром ЦК, але паэтам прызначыць нельга, паэтам можна толькі нарадзіцца. На што Сталін адказвае: вы памыляецеся, таварыш Купала, вы сталі народным паэтам Янкам Купалам таму, што мы вас прызначылі… Пісьменнік у нармальнай краіне ўплывовая фігура. Скажам, чаму сёння Літва прэтэндуе на гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага? Таму што Юсцінас Марцінкявічус у свой час напісаў свае вядомыя драматычныя паэмы “Міндаўгас”, “Кроў і попел”, і напісанае ім стала гісторыяй Літвы. У нас Караткевіч спрабаваў гэта зрабіць. І напачатку ж пайшло – краіна замкаў, рыцарская Беларусь… Але ж потым усё гэта было спынена.
– Пасля Караткевіча ў гэтым кірунку ішоў Мікола Арочка, згадайма яго паэмы “Курганне”, “Крэва”, “Каранацыя Міндоўга”, ды і вашы паэмы можна ўспомніць. Дзе вам лепш пішацца – у Мінску, Крэве ці Уроцлаве?
– Адназначна – у Крэве, там простая незвычайная энергетыка. Часам мы не разумеем, што на нас уздзейнічае гранітная падушка зямлі, колькасць сонечных дзён. Дык вось, Крэва – месца, дзе самае файнае, што можа быць у прыродзе, супадае з самым файным, што ёсць ува мне. Я там меней сплю і высыпаюся, я там ніколі не ўпадаю ў дэпрэсію. У Крэве я ўсім задаволены, мяне там нічога не раздражняе. Аднойчы туды са мною прыехала адна замежная дзіва. Ідзём па вуліцы, а перад намі карова “блінец спякла”. Што з той дзівай было, Божа мой! А мне гэта абсалютна нармальна. Бо потым той каравяк збіраецца і нясецца на агарод, з якога мы ямо смачныя памідоры. У Крэве пахаваны ўсе мае продкі, там побач з бацькамі я пакінуў месца і сабе.
– Але ж пад многімі вашымі творамі пазначана зусім не Крэва…
– Так сталася, што раман “Гэй Бен Гіном” я пісаў у Швецыі, раман “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” – у Фінляндыі. А летась мне фундацыя “Калегіум Еўропы Усходняй” прапанавала папрацаваць над новай кнігай ва Уроцлаве. Я згадзіўся па вельмі простай прычыне. У Беларусі за кратамі сядзяць 30 маіх блізкіх сяброў. Ніхто з іх нічога не ўкраў, нікога не забіў, сядзяць ні за што. І я нічога не магу зрабіць дзеля таго, каб яны выйшлі. І мяне гэта прыгнятае. Дома я магу толькі не спаць начамі, ускокваць, курыць, рваць нервы і сэрца садзіць. У такім стане вельмі цяжка пісаць.
– А над чым вы працуеце ў зацішным, далёкім ад Беларусі Уроцлаве?
– Пішу новы раман, у якім спрабую прааналізаваць час, калі на нас звалілася незалежнасць. Адзін з герояў рамана называе гэта Божым умяшаннем. А чаму ў 2020-м сталася так, а не інакш? І герой далей разважае: Бог даў нам у 1991 годзе Незалежнасць, але мы ёю належным чынам не скарысталіся. І вось настаў 2020 год – мы з кветкамі ідзём, нас мільён, і Бог з неба нам намерваецца скінуць свабоду. Але Ён успомніў, што скінуў незалежнасць марна. І тут ён падумаў – не, хлопцы і дзеўкі, вы і са свабодай зробіце тое ж самае, таму прайдзіце праз барацьбу, праз выпрабаванні, пазмагайцеся за сваю свабоду.
– Ці перакладаецца за мяжой ваша проза? Скажам, той жа раман пра Янку Купалу “Гэй Бен Гіном”?
– Пачалі палякі перакладаць, але пакуль незразумела, чым справа закончыцца.
Увогуле, з перакладамі беларускай літаратуры справа дрэнная. Як той жа Купала перакладзены, напрыклад, на рускую? Гэта проста жах!
Я некалі рускаму паэту і перакладчыку Юрыю Кузняцову даводзіў, што Купала – геніяльны паэт. А ён здымаў з паліцы купалаўскі том па-руску, і – мне проста не было што запярэчыць! Праўда, Кузняцова я “прабіў” Багдановічам, яго радкамі: “І чаму мы спяшаемся так, / напружаючы ўсе свае сілы, / калі ціха паўзучы чарвяк / нас дагоніць ля самай магілы”. У Кузняцова вока загарэлася: “Сколько, ты говоришь, этому пацану лет было?”. І неўзабаве сам пераклаў той верш Багдановіча.
– Па-польску вашу паэзію выдатна пераствараў Чэслаў Сэнюх, яго ўжо няма. А ў другіх атрымліваецца?
– Не заўсёды. Вось паэт Багдан Задура (жывы класік) пачаў перакладаць паэму “Індыя”. Першую частку пераклаў і спыніўся, прызнаўся, што не можа выцягнуць тыя метафары, якія ёсць у паэме. Яшчэ Адам Паморскі перакладае. Але я тымі перакладамі асабліва не пераймаюся.
Гэта раней мне хацелася славы, прычым паўсюль. Сёння ўжо не хочацца. Я пішу дзеля таго, каб не звар’яцець. Калі я сыходжу ў свет літаратуры, то адыходжу ад нашай жахлівай рэальнасці. А яшчэ пішу таму, што мне гэта падабаецца рабіць.
– Беларусь мае двух нобелеўскіх лаўрэатаў – Святлану Алексіевіч і Алеся Бяляцкага. Але ж нездарма кажуць, што Бог троіцу любіць…
– На наша жыццё і двух Нобеляў дастаткова. Наўрад ці ў бліжэйшы час беларусы зноў яго атрымаюць. Асабліва цяпер, калі Беларусь мае ў свеце імідж хаўрусніка агрэсара. Да нас адносіны вельмі змяніліся. Асабліва з боку ўкраінцаў. Раней яны мне найчасцей самі тэлефанавалі і на мае 10 слоў у адказ гаварылі 100. Цяпер жа толькі і можна пачуць: вы, беларусы, такія-сякія, што вы зрабілі, каб нам дапамагчы? А што я магу зрабіць? Танк рускі ім прыгнаць?.. Стаўленне да Беларусі вельмі пагоршылася.
– Адмаўляючыся ад вылучэння на Нобелеўскую прэмію, Ганна Ахматава заявіла: “Паэт – гэта той чалавек, якому нічога нельга даць, і ў якога нічога нельга забраць”. Вы згодны з такой думкай?
– Згодны. Скажам, я не абыдзены ўзнагародамі – і прэміі мне давалі, і медалі, і ордэн. Ужо і не памятаю ўсіх узнагарод і дзе тыя жалезкі з паперкамі валяюцца. Але памятаю, што я напісаў паэмы “Паланез” і “Ложак для пчалы” – вось мае ўзнагароды. І не ад партыі ці ўрада. Не ад новай ці старой дзяржавы. Ад Бога. Вось гэтага сапраўды нельга забраць. Таму я да гэтай пары пішу, чакаючы міласці Божай. І што мяне самога здзіўляе – сёлета мне будзе 77 гадоў, а я вось нядаўна напісаў паэму “Вар’ятня”. Перачытаў і самому не верыцца, бо там такі выкід энергіі, як быццам мне 27. Ніхто апроч Бога не дапамог бы яе стварыць. Я пачухаў патыліцу, паклікаў суседа, і мы выпілі – за Бога і за паэзію, гукнуўшы “Жыве Беларусь!”.
– У Купалы ёсць праграмны верш “За ўсё” з такімі радкамі: “Для Бацькаўшчыны беднай, / для ўпаўшых яе сіл / складаў я гімн пабедны / сярод крыжоў, магіл”. У паэта ёсць нейкі абавязак падтрымліваць аптымізм у сваім народзе?
– Я доўгі час думаў, што ёсць. А цяпер думаю, што памыляўся.
Неяк Міхась Стральцоў, даведаўшыся, што я еду ў Маскву, папрасіў мяне перадаць гасцінец ад яго маскоўскім перакладчыкам (у яго тады ў “Молодой гвардии” кніжка выходзіла). Я кажу – навошта, цябе там і так любяць! А Стральцоў: “Валодзя, не стварай ілюзій, з імі потым вельмі цяжка развітвацца”. Так і я не хачу ствараць ілюзіі людзям.
– Я маю на ўвазе не ілюзіі, а тое, што і ў Бібліі лічыцца грахом упадаць у адчай і беспрасветны смутак.
– Гэта тое самае. Людзі разлічваюць, што заўтра нехта чароўнай палачкай узмахне, і скончацца рэпрэсіі і вайна. Не, гэта надоўга. Рымская імперыя распадалася амаль пяць стагоддзяў. І разлічваць, што праз год-другі Расія, ядзерная дзяржава пры вялізных рэсурсах, раптам рухне, гэта проста нерэальна. Нас чакае доўгая і ўпартая барацьба Еўропы і ўсяго цывілізаванага свету з імперскім злом. Я ўжо не думаю, што мне давядзецца дажыць да перамогі. Але я веру ў яе. Гэта мая асабістая вера. Але я не буду спяваць “гімн пабедны”, ствараючы людзям ілюзіі. Ілюзіі – не самае лепшае, што паэт можа падараваць свайму чытачу.