Слёзы, смех, сум, жаль, горыч і боль. Такія пачуцці выклікаў у гледачоў спектакль “Цесля”. Яго прэм’ера па-беларуску прайшла ў Вільні 24 сакавіка. У Арт-прасторы VILEIŠIO18 адбыліся нават дзве пастаноўкі запар. На першай прысутнічалі палітык Святлана Ціханоўская і спецпрадстаўніца Літвы ў беларускіх справах Аста Андрыяўскене.

Гэты спектакль адлюстроўвае лёс шматлікіх беларускіх сем’яў, падзеленых і ў часе, і ў прасторы апошнімі падзеямі ў Беларусі.
Сваімі ўражаннямі і пачуццямі пасля спектаклю падзяліліся беларускія гледачы.
– Усе з Беларусі, якія перажылі 2020 год, яны тут ужо з нейкай агульнай калектыўнай траўмай. А такія імпрэзы як сеансы калектыўнай псіхатэрапіі, мне падаецца. Таму што, магчыма, яшчэ не ўсе ўсвядомілі той вопыт, які перажылі ў 2020 годзе, і па гэты дзень працягваем. Балюча на самой справе глядзець на ўсё гэта, таму што шматлікія знаёмыя ў падобнай сітуацыі. Вельмі блізкая тэма.

У спектаклі была задзейнічана беларуска-расейска-літоўская творчая каманда. Галоўную ролю цеслі выканаў беларускі акцёр з трыццацігадовым досведам Сяржук Тоўсцікаў. А тыпаж беларускай раённай чыноўніцы выдатна адлюстравала акцёрка Эмілія Пранскутэ:
– Вельмі добра, што людзі не саромяцца выказваць свае эмоцыі ў залі, калі ім смешна, то яны смяюцца, не запавольваюцца. Нам падабаецца гэтая рэакцыя, яна бывае нечаканай, але гэта так і павінна быць у тэатры. І не заўсёды ты ведаеш, якая будзе рэакцыя, бываюць парадаксальныя рэакцыі. Кранае нас таксама, калі мы адчуваем, што нездарма мы нешта робім, што кагосьці гэта кранае. Вельмі цудоўна, што адгукаецца людзям. Гэта наша мэта была, каб адгукалася, у нас у саміх адгукаецца гэта тэма
Спектакль “Цесля” ў Вільні быў прысвечаны Дню Волі. Адзначаць Дзень Волі беларусы Вільні пачнуць сёння, 25 сакавіка а 9.00 з уздымання нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга каля Сейма Літвы. Святочныя ўрачыстасці будуць доўжыцца ў гэты дзень да позняга вечара і скончацца ля амбасады Беларусі запальваннем знічак на алеі славы, вольным мікрафонам і выступам музыкаў.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:






