У Вільні адкрылася выстава беларускага мастака Уладзіміра Голуба

“Нестарэючы час” – выстава беларускага мастака Уладзіміра Голуба пад такой назвай адкрылася ў Вільні 12 красавіка. Вернісаж прайшоў у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча, там было выстаўлена каля 30 прац творцы, якія адлюстроўваюць містычны сусвет, дзе пераплятаюцца рэалістычныя і фантастычныя элементы.

Як кажа мастак Уладзімір Голуб, для яго ўся беларуская культура ў нейкім сэнсе сюррэалістычная і містычная.

– Нічога дзіўнага – усе казкі страшныя. А хочацца неяк ад гэтага крыху адысці. Атрымліваецца, што хочацца шукаць светлае, чагосьці пазітыўнага. А з другога боку, у маёй маладосці фантастыкай з’яўлялася тое, што мы засвойвалі іншыя светы, удасканальваліся і г.д. А сёння прыйшоў час, калі ўсе глядзяць у адваротны бок – сярэднявечча, ведзьмакі, неандэртальцы можа яшчэ далей, такі дысананс атрымаўся ўнутраны.

Уладзімір Голуб – сучасны беларускі мастак, які эміграваў з Беларусі ў Літву шмат год таму і жыве цяпер у Вільні. Ён стварыў свой сімволіка-алегарычны свет, населены Духамі Прыроды, чэрпаючы натхненне ў выявах заходнеславянскай міфалогіі.

Карціны мастака можна таксама набыць як падчас самой выставы, так і праз каталог у інтэрнэце.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

racyja.com