Беларускія дэмакратычныя сілы ў Прышціне: супрацоўніцтва з Рэспублікай Косава

Цягам апошніх двух дзён дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі знаходзілася ў Прышціне, сталіцы Косава па запрашэнні Офіса Прэзідэнта краіны. З беларускага боку ў працоўным візіце ўдзельнічалі галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, дарадца па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька, дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве. Да таго ж, да дэлегацыі далучыўся Павел Лібер – заснавальнік лічбавай платформы «Новая Беларусь».

Галоўнымі мэтамі візіту сталі:

 📌 умацаванне супрацоўніцтва паміж дэмакратычнай Беларуссю і Рэспублікай Косава;

 📌 абмен досведам у сферах легалізацыі; 

 📌 выкарыстанне лічбавых інструментаў для камунікацыі з дыяспарай;

 📌 падтрымка незалежных журналістаў;

 📌 прасоўванне праекта новага беларускага пашпарта.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў сустрэліся:
– з кіраўніцай Офіса Прэзідэнта Косава Леартай Холлай;
– віцэ-мэрам сталіцы Фларыянам Душы;
– прадстаўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства замежных справаў;
– прэзідэнтам Гандлёвай палаты Косава;
– арганізацыяй Germin, якая працуе з дыяспарай;
– амбасадарам Албаніі ў Косава.

Што бакі абмеркавалі падчас сустрэчаў? 

Праграма для беларускіх журналістаў і блогераў: Косава гатова прымаць беларусаў і прадастаўляць ім умовы для працы – па прыкладзе праграмы для ўкраінскіх журналістаў.

– Міжпарламенцкае супрацоўніцтва: абмяркоўвалася стварэнне міжпартыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь» у парламенце Косава і магчымасць падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі структурамі. 

– Праграмы навучання па гуманітарнай бяспецы і размініраванні: магчымасць для беларускіх добраахвотнікаў прайсці навучанне ў Косава, каб удзельнічаць у будучых міратворчых місіях ва Украіне. 

– Новы беларускі пашпарт: дамовіліся правесці кансультацыі па тэме новага беларускага пашпарта – Косава мела пазітыўны досвед выдачы пашпартоў для грамадзянаў без дакументаў, якія цяпер прызнаныя большасцю краінаў свету.

– Падтрымка ІТ-сектара і бізнес-супрацоўніцтва. Гандлёвая палата Косава гатовая арганізаваць візіт беларускіх бізнес-асацыяцыяў і прадстаўнікоў прыватнага сектара для вывучэння магчымасцяў супрацоўніцтва і рэлакацыі.

– Абмен досведам працы з дыяспарай. Косава мае развітую сістэму працы з дыяспарай і гатова падзяліцца сваімі інструментамі. Прадстаўнікі «Новай Беларусі» падзяліліся сваім досведам у ангажаванні беларусаў за мяжой.

Незалежнасць Косава прызналі 120 краінаў свету, у тым ліку – большасць краінаў ЕС. Краіна прадстаўленая ў міжнародных структурах і з’яўляецца адной з самых дынамічных эканомік Балкан, а таксама адной з найбольш бяспечных краінаў рэгіёну. На міжнароднай арэне Косава выступае ў падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі, а таксама Украіны, асуджае рэжымы Лукашэнкі і Пуціна, і выступае за еўрапейскую інтэграцыю.

tsikhanouskaya.org