Ушачы – мястэчка, вядомае з ХVІ стагоддзя, некалі галоўны горад часткі Полацкага ваяводства, які ў 1758 годзе атрымаў Магдэбургскае права і які ўжо больш за восемдзясят гадоў мае статус усяго толькі гарадскога пасёлка. Знаходзіцца за 150 км ад Віцебска і за 200 км ад Мінска. Тут, на Ушаччыне, нарадзіліся празаік Васіль Быкаў, паэты Пятрусь Броўка і Еўдакія Лось, акцёр Генадзь Гарбук, піша Сяргей Шапран для planetabelarus.by..
А яшчэ паэт, як кажуць, мілосцю Божай — Рыгор Барадулін. І калі ў 2009-2010 гадах мы разам рабілі кнігу «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным», пасівелы паэт, які большую частку жыцця, 55 год, пражыў у Мінску, усё адно пастаянна вяртаўся ў нашых размовах да Ушачаў (Вушача казаў ён). «Я штодзённа прыгадваю кожную сцежку, памятаю яшчэ паўнаводнай нашую рэчку і тыя месцы, якіх даўно ўжо няма, — гаварыў. — У памяці пастаянна ўсплываюць твары і галасы, якія бачыў і чуў у маленстве».
Гэты аповед — пра тую Вушачу, якая была ў памяці народнага паэта і якую цяпер можна знайсці хіба толькі на старонках кнігі «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным».
Зрэшты, месцам яго нараджэння былі зусім не Ушачы, а хутар Верасоўка, або, як ласкава называў яго дзядзька Рыгор, Верасовачка. (Хай гэтае дзядзька Рыгор не прагучыць фамільярна — гэтак звяртацца да яго прасіў сам паэт; прызвычаіцца да гэтага было цяжка, аднак затое пасля немагчыма было называць яго Рыгорам Іванавічам).
Ён меркаваў, што назва Верасоўка паходзіла ад вераса, што рос там у гады ягонага маленства. Зрэшты, хутара даўно ўжо няма — яго ліквідавалі ў 1937-м, перасяліўшы гаспадароў ва Ушачу і запісаўшы пасля ў пашпарт паэта месцам нараджэння не Верасоўку, а вёску Гарадок II Востраў-Сарочынскага сельсавета. «Хаця дзе тое Сарочына было! — распавядаў Барадулін. — Некалі той Востраў-Сарочынскі сельсавет называўся проста Востраў Сарочынскі, пасля — Сарочына вёска. А ўсё таму, што ў савецкія часы нельга было пісаць, што нехта нарадзіўся на хутары: калі хутаранін, дык гэта як не член партыі — амаль абразлівае слова! Вось і выдумалі, быццам нашая Верасовачка і колькі хутароў паблізу гэта і ёсць Гарадок ІІ».
«Ці мама расказвала, ці сам запомніў»
Калі ліквідавалі Верасоўку, дом, які пабудаваў бацька паэта, хлеў і пуню перавезлі ва Ушачы. Хата была невялікая, накрытая драніцамі. Будучаму паэту было ўсяго два гады, але першыя ўспаміны былі звязаныя з Верасоўкай. «Зараз ужо дакладна не памятаю — ці мама мне расказвала, ці сам запомніў, як спрабаваў злавіць бусла, па-вушацку — буцяна, — распавядаў Барадулін. — Буця, буцян… Бусел — гэта выглядала неяк ледзь не літаратурна. Дарэчы, ведаеце, ёсць такая дзіцячая цвялілачка: “Буцян-буцян даўганосы, прапіў боты, а сам босы”? Вось я ганяўся за тым буцяном, і было мне дужа смешна, таму што падпускаў ён вельмі блізка, але ў апошні момант адлятаў. А мне ўсё хацелася за хвост злавіць таго буцяна! Гэта, так бы мовіць, была мая першая мара — злавіць жар-птушку».
А яшчэ ён памятаў карову і ката Мірона, які, калі карова выходзіла на луг, ішоў следам, гэта называлася: пасвіў кот Мірон карову. Наогул, паэт, нават пасівеўшы, па-ранейшаму памятаў хатніх жывёл са свайго далёкага дзяцінства: «Адну карову звалі Гілёня, — гаварыў, — ад слова “гіль”, чырвонае, у нас яшчэ гаварылі: “Загілела яму” — гэта значыць загарэлася. Былі й іншыя каровы: Лысоня (з лысінкай белай), Гарбалыска (у яе на спіне белая плямка была), Букетка, Гвяздоня… Аднак Лысоня больш за ўсё запомнілася. Гэта і былі мае першыя дзіцячыя ўражанні і мае першыя сябры: кот, сабака, бусел ды вожыкі, ці той жа самы жаўранак, які спяваў зусім па-іншаму, чым усё жыццё пасля. Усё яно было сваё і роднае…»
На радзіме маленства
Аднак даўно няма не толькі хутара, але і бацькоўскай хаты — той дом, што перавезлі ва Ушачы, у вайну спалілі немцы. «Хата ж была дагледжаная, бацька мой быў з рукамі, — прыгадваў Барадулін. — Туды і пасялілі Лабанка — кіраўніка партызанскага руху, Героя Савецкага Саюзу, камандзіра брыгады — ужо не памятаю ўсіх яго званняў. Мы ж месціліся ў суседняй хаце. І калі партызаны пачалі хутка адступаць, пакінулі там нейкія правады, антэну, а немцы паглядзелі — якую хату паліць? — канешне ж, нашу!.. Мы прыйшлі ўжо на пагарэлішча. Пасля нам далі недабудаваны хлеў. Новую хату мама сама ставіла, з тэлеграфных слупоў…»
Гэты дом, які добра вядомы па фотаздымках Валянціна Ждановіча і малюнках Васіля Быкава, таксама прастаяў нядоўга — пасля смерці Акуліны Андрэеўны ў 1971 годзе ён неўзабаве прыйшоў у заняпад, і паэт пабудаваў на ягоным месцы двухпавярховы дом з чырвонай цэглы.
Напамінам пра бацькоў засталіся маміны яблыні ды вяз, які перад вайной пасадзіў бацька, што ў тую самую вайну загінуў у партызанах. Да апошняга часу на вязы было відаць шпакоўню, якая, некалі там прымацаваная, паднялася пад неба разам з вязам. Тут жа расце і бяроза, якую паэт пасадзіў, калі памерла любая бабуля Малання…
На радзіме маленства
Ачужэлі долы і высі.
Знаёмыя дрэвы яшчэ засталіся.
Рыгор Барадулін быў перакананы, што ў доме жыве дамавік (хатнік, як казаў дзядзька Рыгор), што пераехаў з хутара, каб вартаваць хату. Паэт нават імя ягонае ведаў, але ніколі не называў, бо, тлумачыў, услых такое казаць нельга.
У гасцях у Барадуліна
Яго дзіцячая памяць захавала і Ваўчэнскае возера, побач з якім знаходзілася Верасоўка.
«Некалі над тым возерам месціўся панскі дом з белай цэглы, рэшткі якой яшчэ заставаліся пасля вайны і калі збіраліся ў ягады, звычайна гаварылі: “Каля белага дома”. Але цяпер ужо ніхто пра тое не ведае, — распавядаў паэт для кнігі “Тры мяхі…” і дадаваў:
— Ці ёсць у нас яшчэ адно возера — Вечалле, сапраўды дужа велічнае, там вечнасць спынілася. Але мне ўсё-ткі бліжэй Ваўчэнскае… Гэта ж там Брыль вёз на спіне Караткевіча, а Валодзя пытаўся: “Янка, табе не цяжка?”».
Пра Янку Брыля і Уладзіміра Караткевіча, блізкага свайго сябра, Барадулін не раз казаў. Гаварыў, напрыклад, як яны разам хавалі ва Ушачах машынапіс рамана «Каласы пад сярпом тваім», які цэнзура, «зарэзаўшы», патрабавала кардынальна перапрацаваць. (Той машынапіс — дзве таўшчэзныя папкі — мы пасля знойдзем з Барадуліным, калі будзем разбіраць ягоны хатні архіў у Мінску.)
Уладзімір Караткевіч неаднойчы бываў ва Ушачах, чаму сведчаннем цяпер не толькі ўспаміны Барадуліна, але і фотаздымкі: вось на адным разам Караткевіч з Барадуліным і ягонымі дачкой і маці; на другім — апошняе развітанне з Акулінай Андрэеўнай, Караткевіч нясе вячка труны… Пішучы пазней пра паэзію сябра і згадаўшы народную песню «Шчыравала ў бары пчала…», Уладзімір Сямёнавіч пачне аповед з успаміна пра маці Рыгора Барадуліна: «Я не ведаю, мой дружа, ці пяеш ты гэтую песню дакладна так, як я? Але гэта агульная. Наша песня. І так шкада, што Маці твая, мая другая Мама, Куліна Андрэеўна, той песні не дапела.
Калі ласка, не чакай асаблівай ухвалы ў свой адрас. Усе мы — і ты і я — нічога не варты перад талентамі нашых маці. Усё ў нас — ад іх. Толькі ад іх.
Я не меў гонару ведаць твайго бацьку (хіба што на фота ў маленькай тваёй ушацкай хаціне), але маці тваю з найпрыгажэйшымі ў свеце вачыма — я ведаў. І дужа яе любіў — між іншым — і за тое, што яна нарадзіла гэткага таленавітага сына…»
Бываў ва Ушачах і іншы блізкі барадулінскі сябар — паэт Генадзь Бураўкін, якога, па словах дзядзькі Рыгора, мама заўсёды ставіла ў прыклад, называючы пры гэтым самога Рыгора «галамежкай». Менавіта Генадзя Бураўкіна Акуліна Андрэеўна папрасіла перад смерцю не пакідаць сына аднаго.
А Васіль Быкаў жыў за добры дзясятак з гакам кіламетраў у вёсцы Бычкі і аднойчы пехатой пракрочыў гэты шлях, каб наранні ўбачыць сябра. Было гэта летам 1964 года. Пасля Быкаў не раз яшчэ прыязджаў ва Ушачы, бо паблізу, у вёсцы Ваўчо, жылі ягоныя родная сястра Валянціна і маці. Адзін з суседзяў Барадуліна потым доўга яшчэ хваліўся: «З маёй студні піў ваду Быкаў!» Увогуле, у гасцінным доме Рыгора Барадуліна бывалі многія — не толькі Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч і Генадзь Бураўкін — тут гасцявалі Міхась Стральцоў і Янка Брыль, літаратурны крытык Ванкарэм Нікіфаровіч, балгарскі літаратуразнаўца Георгі Вылчаў, бард Алесь Камоцкі і паэт Міхась Скобла, пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк, мастак Барыс Забораў, якога пасля эміграцыі ў Парыж чакала сусветная вядомасць.
«Ад Полацка пачаўся свет…»
Але што яшчэ тычыць дзіцячых успамінаў: Барадулін згадваў, што Полацк упершыню ўбачыў толькі пасля вайны: «У нас звычайна ўжывалі не “паехаць у Полацк”, а “паехаць у горад”, не называючы Полацка, таму што Полацк і ўяўляў горад, — распавядаў. — Мне там аперацыю рабілі. Пасля ж вайны было многа патронаў, і вось мы, малыя, чым займаліся: заганялі ў пень патрон, пасля цвік, затым трэба было нагнуць цвік шапкай да капсуля і тады бухнуць абухом сякеры — патрон страляў. І вось я зрабіў гэтак, але адзін патрон не ўзарваўся, а мне ж цікава, я нагнуўся і — лясь!.. У мяне нос роўны быў, а тут я загнаў асколак, і той пачаў гніць. Мяне павезлі ў ваенны шпіталь у Полацк… Так што першае ўражанне ад Полацка — ваенны шпіталь і ў мяне выцягваюць асколак… Полацк помніцца старажытнай веліччу і нейкай духоўнасцю, хоць ён і быў знішчаны і саветызаваны, Сафійка разбурана, але душа цягнулася туды. Гэта быў першы горад, які я ўбачыў у сваім жыцці. Пасля Полацка іншыя гарады ўжо не здаваліся такімі… Першае ўражанне, канешне, ашаламляльнае! Каменныя вуліцы — у параўнанні з нашай вушацкай Каменнай вуліцай, якую пасля назвалі Школьнай…»
Цемем нацыі назваў пасля Барадулін Полацк і напісаў: «Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет…»
Між іншым, што тычыць вуліцы Каменнай (іншым разам Барадулін прадставіў яе Каменскай): называлася яна так, па словах паэта, бо ішла ўбок пасёлка Камена. Пасля яе пераназвалі ў Калінінскую, затым — у Школьную. «Назвы мяняюць гэтак жа, як і мову, — гаварыў дзядзька Рыгор. — А тая ж Каменская вуліца была некалі брукаваная! Цяпер ад таго бруку застаўся толькі маленькі кавалачак, але і той хочуць асфальтам накрыць! А колькі ж ног, капытоў прайшло па тых камянях, колькі колаў пракацілася, а як накрыюць асфальтам, дык усё ў зямлю пойдзе».
Пасталеўшы і шмат павандраваўшы па свеце, Рыгор Барадулін гаварыў, што бліжэй за ўсе краіны свету яму ўсё ж Прыбалтыка і найперш — Латвія.
Яна была блізкая і сваім гатычным стылем (які маленькі Рыгор бачыў улетку кожны дзень, калі бег на рэчку міма разбуранага касцёла Святога Лаўрэна, што будзе адноўлены яшчэ пры жыцці паэта, у 2004-м) і тым фактам, што латышом быў ягоны дзед Андрэй Галвіньш, якога царскія пісары запісалі Галавіным (таму і Акуліну Андрэеўну называлі ва Ушачах Латышачкай). «Натура была дужа шырокая, — паэт распавядаў пра свайго дзеда нязменна з добрай усмешкай. — Ён збіраў грошы, каб купіць каменны дом у Полацку, але пачаў піць і калі вяртаўся з карчмы, клаўся на той бок, дзе ў кішэні былі ключы ад шафы, у якой грошы былі схаваны. Аднойчы, пакуль дзед Андрэй спаў, бабуля Малання, якая нешта западозрыла, ключы ўзяла і ў шафу паглядзела, а там — пуста! Прапіў грошы. Відаць, там яшчэ і карты былі, таму што немагчыма за якія-небудзь пару тыдняў прапіць каменны дом! І вымушаны былі дзед з бабуляй пераехаць пад Вушачы, дзе памешчыца пані Кацярына млын трымала. Вось так і атрымалася, што бабуля мая вярнулася практычна на радзіму, таму што яе вёска Гайкі ад Вушачаў блізка была. Бабуліна ж прозвішча было Гайко».
Увогуле, па словах дзядзькі Рыгора, на Ушаччыне ў ранейшыя часы існавалі цэлыя латышскія пасяленні. Так, напрыклад, латышы жылі ў вёсцы Вацлавова, аднак у 1930-я гады савецкая ўлада высяліла іх у Сібір.
«Песні матчыны з Вушаччыны»
У школу будучы народны паэт пайшоў у 1944-м, калі яму было дзевяць год. Класы былі вялікія — па сорак чалавек з гакам, і — тры-чатыры першыя класы. Хадзіць у школу Рыгору было практычна цераз двор. Тая школа і цяпер яшчэ ёсць ва Ушачах, раней яна называлася чырвоная, бо была пабудаваная з чырвонай цэглы. Школьнікам Рыгор любіў маляванне і беларускую і рускую мовы, да таго ж быў выдатнікам па нямецкай. «За мяне рашалі задачы, а я пераклад рабіў. Так што перакладчыкам я стаў раней», — жартаваў ён і сведчыў, што ў тыя часы яшчэ жывая была, як казаў, вушацкая мова.
Ён пасля ўсё жыццё збіраў ушацкія словы і прымаўкі. Збіраў ад маці ды ад сваякоў, каб напрыканцы жыцця выдаць дзве выніковыя свае кнігі: «Вушацкі словазбор» і «Песні матчыны з Вушаччыны».
І гаварыў для кнігі «Тры мяхі…»: «Маёй паэтычнай школай і тамамі паэзіі для мяне была мая мама, яе песні і казкі. Нашая мясцовасць, можа, не надта багатая на ўраджай, але багатая на старажытныя паганскія традыцыі, на паданні, на легенды, песні». А іншым разам дадаваў: «Наогул кажучы, словы вушацкія вельмі адметныя. І вушацкая мова, магу вам сказаць, гэта амаль самастойная мова… хай і не самастойная, аднак, вельмі цікавая, з асаблівай падсветкай. Мова ў нас праветраная, яна шмат узяла ў балтаў, немцаў і яўрэяў. Скажам, была ў нас страва — путра (дзеля гэтага трэба было аржаную муку размяшаць, да вечара яна засалодзіцца, а пасля ўжо ў дзежку, дзе хлеб — трэба ж, каб яна ўкісла). Ці, напрыклад, шырынка па-вушацку крок называлася. І вось калі піянерам давалі каманду: “Піянеры, крок раўняй!” — усе хлопчыкі глядзелі на свае шырынкі і рагаталі. Пра вушацкую мову я магу гаварыць днямі… Сам я кожную раніцу прачынаюся з вушацкім словам ці прымаўкай, ці вось еду — і словы мне самі прыходзяць. Яны з мяне як камяні з зямлі выходзяць — усе гэтыя частушкі, песні… Маміны словы яшчэ з начы прыходзяць да мяне, падымаюць і садзяць за стол».
Як гусі ўратавалі Рым, а Рым уратаваў Барадуліна
Жывучы ў Мінску, паэт у апошнія гады ўсё часцей згадваў Ушачы. «Я ў Мінску чужы, — гаварыў, — у мяне даўно адчуванне, што ў горадзе жыву быццам у камандзіроўцы ці як у заезджым двары. Мне тут няўтульна, я не прыжыўся ў Мінску і ўжо не прыжывуся… Таму і душой, і думкамі, і ўспамінамі я на сваёй радзіме. Я — не тут.
У Вушачы мае карані, там практычна ўся мая радня. І душа мая там. У Вушачы я кожны дзень хаджу на возера, гуляю ў лесе, я там і на Вялікдзень, і на Каляды, і на куццю… Усё-ткі мне больш даспадобы самота і адзінота, а з гадамі — усё больш…
Вушача — гэта, канешне, мара… Я хацеў бы адзін гадавы цыкл пажыць разам з прыродай, таму што адчуванне адарванасці прыводзіць да нервовасці і хвароб. Але з другога боку… Я не хачу параўноўваць, аднак Шагал увесь час у сваіх думках жыў у Віцебску. “Віцебск — гэта мой Парыж”, — гаварыў ён. Але Шагал баяўся прыязджаць у Віцебск, таму што не хацеў згубіць свае ўражанні…»
Гэтаксама і Рыгор Барадулін хацеў і разам з тым баяўся вяртацца ў мястэчка свайго маленства, дзе, па яго словах, акрамя яблынь маміных ды бацькоўскага вяза нічога свайго ўжо не было. І як і ягоны зямляк Марк Шагал усё жыццё згадваў у сваіх карцінах Віцебск, так Барадулін прыгадваў Вушачы, нават у часе вандроўкі ў Ватыкан да Папы Рымскага Яна Паўла ІІ пачуў наранні ў самым цэнтры Рыма зязюлю, што кукавала быццам, казала: у Вушачы.
Пераклаўшы «Рымскі трыпціх» Яна Паўла ІІ і вярнуўшыся на радзіму, паэт, каб аддзячыць Папу Рымскаму, напісаў адказам «Рымскі дыпціх» «Узрушэнне», дзе зноў згадаў Вушачу, паяднаўшы яе з Рымам:
Можа, з Беларусі гусі шэрыя Рым уратавалі. І таму так На змярканні потайна вячэрае Лустай поўні Пілігрымскі смутак. І нашчадкі тых гусей далёкія Ў вырай рупяцца Над нашым краем. Думкі звечарэлымі аблокамі Ўслед плывуць. Анёлы трызняць раем. Тут спакоем сена сноў растрэсена. Кнігаўка Над кнігай лёсу плача. — Рым! — Рыпіць расчулена бярэзіна. Шэпча стрыманы чарот: — Ву-ша-ча…
Між іншым, яшчэ падчас працы на «Рымскім дыпціхам» паэт ледзь не загінуў, бо, жывучы ў тыя дні ва Ушачах, надосвітку спрасонку выйшаў у адчыненыя дзверы з другога паверха (справа ў тым, што хоць балконныя дзверы ёсць у доме, але балкона няма — гэткі дом пабудавалі гора-будаўнікі). Паэт быў перакананы, што тым разам Бог збярог яго, каб ён мог скончыць працу над «Рымскім дыпціхам».
Запавет
Рыгор Барадулін напісаў амаль за дваццаць год да смерці:
Калі я адыду, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне.
І гаварыў, калі мы рабілі кнігу «Тры мяхі…», што хоча быць пахаваным разам з мамай ва Ушачах. «Мне спакойна будзе з мамай, на Бутаўскім могільніку, — тлумачыў. — З гэтай зямлі я прыйшоў — у гэтую зямлю пайду».
Пра смерць ён і тады, і пазней казаў неаднойчы. Гэтая тэма ў апошнія гады літаральна панавала ў ягонай паэзіі.
…І чую,
Як маркотна плача,
Пакуль маркоўнік не прычах.
І адчуваю,
Як Вушача
Змяркаецца ў маіх вачах.
І як не вырвецца з сяродкі
Душа —
Яе гукнулі продкі.
Гэтая тэма шматкроць усплывала ў нашых тагачасных размовах, гэты і іншыя вершы нярэдка гучалі, калі мы рабілі кнігу «Тры мяхі…».
Зрэшты, падводзячы фінальную рысу пад жыццём, якое ён дажываў, і прыходзячы часам да несуцяшальных вынікаў, Рыгор Барадулін усё адно гаварыў у той нашай з ім агульнай кнізе: «Я лічу, што нарадзіўся ў той час і, канешне, толькі ў гэтай краіне павінен быў нарадзіцца. І калі б у мяне быў такі выбар, я б не сумняваўся і сказаў: толькі тут, менавіта тут. І менавіта на Вушаччыне».
Сяргей Шапран, planetabelarus.by,
фота: аўтара, Сяргея Плыткевіча і з хатняга архіва Рыгора Барадуліна