«Дэмакратычная Беларусь – гарантыя бяспекі для ўсяго рэгіёну»

28 красавіка Святлана Ціханоўская наведала Ваенную акадэмію імя генерала Ёнаса Жамайціса ў Вільнюсе, дзе сустрэлася з начальнікам штаба акадэміі Дэнісам Старыковічусам.

Што важнага падкрэсліла ў сваёй прамове Ціханоўская:

– заклікала не паддавацца правакацыям і маніпуляцыям рэжыму, адрозніваць беларускі народ ад прарасійскай улады:

«Беларусы паважаюць Літву, яе гісторыю, культуру і цэласнасць. Мы павінны адкінуць і прадухіляць усе спробы ўбіць клін паміж нашымі народамі. Гісторыя – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і ўмацоўвае».

– надала асаблівую ўвагу пытанням бяспекі і сучасным выклікам:

«Гібрыдныя атакі супраць Літвы, Польшчы і Латвіі, выкарыстанне мігрантаў – гэта інструменты помсты рэжыму за вашую прынцыповую пазіцыю. Але мы разумеем, дзе сапраўдная пагроза. Наш агульны вораг – гэта дыктатура Лукашэнкі і расійскі імперыялізм».

– падкрэсліла, што перамога Украіны адкрые шлях і для вольнай Беларусі, і для трывалай бяспекі ва ўсім рэгіёне:

«Барацьба за Украіну – гэта барацьба і за Беларусь, і за ўсю Еўропу. Толькі вольная і дэмакратычная Беларусь стане надзейным суседам і гарантам бяспекі для Літвы».

– адзначыла глыбіню гістарычнай сувязі і салідарнасці паміж народамі:

«У 1991 годзе беларусы стаялі побач з літоўцамі каля парламента і тэлевежы, абараняючы вашую свабоду. У 2020 годзе літоўцы ўзяліся за рукі ў Ланцугу Свабоды, падтрымліваючы беларускі народ. Нашыя гісторыі і барацьба цесна звязаныя».

– падзякавала Літве за падтрымку:

«Літва – сапраўдны сябар і прыклад для беларусаў. Вы ведаеце, што такое змагацца за свабоду. Вы адкрылі свае дзверы і сэрцы для тысяч беларусаў, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў».

Сустрэча завяршылася дыскусіяй з афіцэрамі і прадстаўнікамі акадэміі, падчас якой беларуская лідарка адказала на пытанні пра падтрымку Украіны, барацьбу з гібрыднымі пагрозамі, мірныя перамовы па Украіне, а таксама працу дэмакратычных сілаў Беларусі. 

tsikhanouskaya.org