Мікола Купава: “З “Песні пра зубра” пачалося наша новае Адраджэнне”

500 гадоў таму ў тагачаснай польскай сталіцы Кракаве выйшла ў свет знакамітая “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, у якой расказвалася пра атулены пушчамі край у міжрэччы Дняпра і Нёмана, дзе ладзіліся паляванні на магутнага, нябачанага ў еўрапейскіх сталіцах звера. Напісаная на лаціне паэма была даступная ўсёй адукаванай Еўропе і выклікала захапленне тагачаснай еўрапейскай знаці. Чаму ж на радзіме, у Беларусі, пра гэты шэдэўр нічога не ведалі чатыры з паловай стагоддзі?

Пра Гусоўскага і яго галоўны твор «Народная Воля» пагутарыла з мастаком Міколам Купавам, які падрыхтаваў да выдання ілюстраваны насценны каляндар на 2023 год, прысвечаны 500-м угодкам “Песні пра зубра”.

Мікола Купава

– Спадар Мікола, што з сябе ўяўляе ваш каляндар?

– Задума была такая – прадставіць у ім творы беларускіх мастакоў на тэму “Мікола Гусоўскі і яго час”. Усё ж 500 гадоў “Песні пра зубра” – знакавая дата для Беларусі. У календары змешчаны рэпрадукцыі карцін і выявы твораў Арлена Кашкурэвіча (ён – першы ілюстратар паэмы), Міхася Басалыгі, Аляксея Марачкіна, Генадзя Асташонка, Льва і Сяргея Гумілеўскіх, Паўла Татарнікава, Уладзіміра Крукоўскага, Алеся Ксяндзова, Алеся Шатэрніка. Таксама я ўключыў творы старых майстроў – Яна Матэйкі, Тамаша Макоўскага, Антона Каменскага… Каляндар у пачатку года выйшаў у выдавецтве “Тэхналогія” па папярэдняй падпісцы. Беручы пад увагу, што наклад зусім невялікі, можна ўжо сёння сказаць, што гэта – бібліяграфічная рэдкасць.

– Чым імя Гусоўскага вагомае для беларускай культуры? Пісаў на лацінскай мове, паэму сваю выдаў у Кракаве…

– Але ж ён сын беларускай зямлі! Хоць і невядома дакладна месца яго нараджэння (паселішчаў з назвамі Усава, Гусаў, Уса ў Беларусі нямала), але, несумненна, паэт з Гусава – з нашага краю. Цяпер, здаецца, з гэтым усе пагадзіліся. А раней і палякі прэтэндавалі, і літоўцы, і ўкраінцы. Літоўцы асабліва актыўна. Расставіла ўсе кропкі над “і” выстава, якую сёння можна ўжо назваць гістарычнай. Зладзілі яе мы, беларускія мастакі, у 1980 годзе, тады якраз адзначалася 500-годдзе самога Гусоўскага. Бо мы і тады ўжо разумелі, што Гусоўскі – наш. І “Песня пра зубра” – помнік старажытнай беларускай літаратуры. Гусоўскі ж у паэме прызнаўся, што засвойваў грамату па кнігах, пісаных кірыліцай. І прыгадваў, як “спадзеючыся на каня, глыбокую плынь Дняпра пераплываў, калі звер уцякаў праз воды”. Некаторыя даследчыкі на падставе гэтых слоў рабілі выснову, што Гусоўскі з Магілёўшчыны. Але паляванні тады вандравалі ад пушчы да пушчы. Паэт, відаць, быў сынам ляснічага. Дарэчы, у тагачасным Вялікім Княстве Літоўскім было каля сотні пушчаў, вялікіх і малых. Самая ўсходняя знаходзілася на Віцебшчыне, у ваколіцах цяперашняга Гарадка.

Партрэт Міколы Гусоўскага. Мастак Яўген Кулік. 1980 год

– Дык у Гарадку стаіць помнік палясоўшчыку Тарасу – герою знакамітай паэмы “Тарас на Парнасе”.

– Во-во, так што пушчанскія традыцыі там даўнія. І, потым, не забывайма, што “Песня пра зубра” пісалася для папы рымскага Льва X, які любіў мастацтва, цікавіўся Вялікім Княствам. Гэта значыць, што ВКЛ тады было цывілізаванай дзяржавай, ніякім чынам не задворкамі Еўропы. Па легендзе, паэма Гусоўскага была своеасаблівым дадаткам да чучала зубра, падараванага папу.

– Нядаўна падобны падарунак – чучала льва – прыбыў у Беларусь з Зімбабвэ. Ды нешта не знайшлося зімбабвійскага паэта, каб “песню пра льва”напісаў…

– Відаць, не знайшлося (смяецца). Паэму на ўзроўні Гусоўскага напісаць не так проста. Гэта геніяльны твор. Гэта – наш скарб. Тры постаці, на якіх, як на трох кітах, трымаецца наша Сярэднявечча – Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі і Ян Вісліцкі, аўтар знакамітай “Прускай вайны” (1516). Дарэчы, я зрабіў да гэтай паэмы малюнкі, але яна ўжо восем гадоў ляжыць без руху ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.

– Добра, што ў свой час выйшла “Песня пра зубра” (трыма выданнямі – агульны наклад 25.000 асобнікаў). Сёння і яна ляжала б.

– Я помню, як паэма ў 1973 годзе выйшла ўпершыню – у перакладзе Язэпа Семяжона, з графікай Арлена Кашкурэвіча. Я тады вучыўся на трэцім курсе Тэатральна-мастацкага інстытута. Гэта была вялікая падзея. На працу Арлена Міхайлавіча мы глядзелі з зайздрасцю і павагай. Кашкурэвіч увогуле геній кніжнай ілюстрацыі, аздобленыя ім кнігі – унікумы.

– Не менш знакавым было і выданне 1980 года, праілюстраванае Яўгенам Куліком. На яго і сёння палююць калекцыянеры-бібліяфілы.

– Помню, калі Яўгену выпаў такі ганаровы выдавецкі заказ, паўстала адна праблема, якую ён вынес на сяброўскае абмеркаванне – як павінен выглядаць Гусоўскі? Тады Аляксей Марачкін, Генадзь Сакалоў-Кубай, Віктар Маркавец і я прыйшлі да яго ў майстэрню, што месцілася насупраць КДБ на славутым “Паддашку”, і Кулік паказаў свае накіды. Мы паглядзелі і пагадзіліся – вобраз быў знойдзены ўдала. Ён быў узяты за аснову другімі мастакамі, удзельнікамі будучай выставы. Ну, каб разнабою не было. Кожнаму былі раздадзены тэматычныя планы, удзельнічала каля паўсотні творцаў.

– А па-мойму, Яўген Кулік асабліва нічога не шукаў, выява Гусоўскага падобная на аўтапартрэт мастака. Кулік самога сябе намаляваў!

– Згодзен, падабенства відавочнае. Дык хіба сам Яўген – не сярэднееўрапейскі тыпаж? У кнізе яшчэ-сяго таго пазнаць можна. Скажам, маладзіца з немаўлём на руках – гэта светлай памяці Наталля Санько. Спачатку яе Міхась Раманюк у нацыянальных строях сфатаграфаваў, а потым па здымку Кулік маляваў ілюстрацыю. Так што адносна беларускага нацыянальнага вобраза, кніга “Песня пра зубра” 1980 года выдання – адна з самых праўдзівых.

– У кнізе сустракаюцца выявы Пагоні. У 1980 годзе гэта не выклікáла пярэчанняў?

– Выклікáла! На выставе кніга і арыгіналы малюнкаў былі выстаўлены на адмысловым стэндзе. Прыстаўлены да мастакоў ідэалагічны работнік усё  задакументаваў, прыйшоў да тагачаснага старшыні Саюза мастакоў Уладзіміра Стальмашонка і кажа: “Як вы такое маглі дапусціць? Там жа шаснаццаць Пагоняў!”. А Стальмашонак у адказ: “Ну і што? Гэта ж наша гісторыя. Пагоня – дзяржаўны сімвал таго часу”. На гэтым пытанне было знята. Увогуле, тая выстава засведчыла ўсяму свету, хто мы такія. З дапамогай Гусоўскага мы прадэманстравалі, што Беларусь – Еўропа, што беларусы – асобны народ,  нічым не горшы за другія народы. Бо выстава паказвала не калгасна-саўгасную будзёншчыну, а залаты век нашай гісторыі.

– Чуткі пра тую выставу гадоў пяць па Мінску хадзілі.

– Таму што ўсё было прадумана загадзя: выстава да 500-годдзя Гусоўскага, выданне кнігі, вечарына ў тэатры Янкі Купалы, якую наладзілі Мінскі гаркам партыі і Саюз пісьменнікаў. Помню, вёў яе Максім Танк, выступаў Язэп Семяжон. Дадам пра кнігу: Яўген Кулік выбраў адпаведную, “пад старажытную”, паперу, вялікі фармат, для кнігі быў зроблены спецыяльны футарал. Тады гэта называлася палепшаным паліграфічным выкананнем. Мастак кожны раздзел распачаў загалоўнай літарай з зубром, паказаў вялікага князя Вітаўта як мудрага дзяржаўнага дзеяча, які сядзіць на троне пад Пагоняй. І кніга сталася  помнікам не толькі Гусоўскаму, але і Куліку.

Юбілейны каляндар

– Існуе, калі не памыляюся, тры пераклады “Песні пра зубра” – Язэпа Семяжона, Наталлі Арсенневай і Уладзіміра Шатона.  Вам які найбольш падабаецца?

– Адназначна семяжонаўскі. “Неяк у Рыме пры сціжме людзей незлічонай / Сведкам відовішча быў я – бою быкоў на арэне… / Хтосьці сказаў: “Як у нас на зубрынай аблаве”. / Ну, дык пакрочым на поўнач, у нетры лясныя…”. Паэтычна, урачыста, мова даступная. Семяжон, безумоўна, майстра. Можна сказаць, што з выставы памяці Гусоўскага і з “Песні пра зубра”, аздобленай Яўгенам Куліком, пачалося наша новае Адраджэнне. Помню, як неўзабаве пасля ўгодкаў у Мінску з’явілася вуліца Міколы Гусоўскага – як вынік святочных мерапрыемстваў. А потым, як грыбы пасля дажджу, пачалі расці розныя нефармальныя суполкі.

– Чым актуальная напісаная 500 гадоў таму “Песня пра зубра”?

 Яна папулярызуе гісторыю і культуру Беларусі ў свеце, апявае нацыянальны патрыятызм, услаўляе дзейную, свабодную і мужную асобу. Як пісаў даследчык Віктар Дарашкевіч, у “Песні пра зубра” “жыве душа беларускага народа”. Зубр у паэме – сімвал радзімы, яе магутнасці. Да таго ж, паэма – выразна антываенны твор. Вось паслухайце: “Войны! Злачынная справа – вайна выклікае / гнеў мой і слёзы, і боль. Без падтрымкі, бясконца / Войны вядзём мы за ўвесь безудзельны свяшчэнны / Брацкі саюз хрысціянства з навалай з усходу”. Хіба гэтыя радкі сёння не актуальныя? Яшчэ як актуальныя!

– Але чаму прызнанне да Гусоўскага на радзіме прыйшло так запознена – ажно праз чатырыста пяцьдзясят гадоў?

– Так, раней яго ацанілі ў Польшчы, яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Перакладчык паэмы на польскую мову Ян Каспровіч паставіў Гусоўскага поруч з Адамам Міцкевічам. Што да Беларусі, то прызнанне адбылося б значна раней, калі б Беларусь была незалежнай дзяржавай, а не расійскай калоніяй (у царскай Расіі, а потым у СССР). Вядома, гэта анамалія, гэта ненармальна, што цэлыя стагоддзі мы не ведалі пра Гусоўскага. Як не ведалі і пра астатнюю нашу лацінамоўную літаратуру, а яна – найбагацейшая, там дзясяткі імёнаў: Сымон Будны, Андрэй Рымша, Саламон Рысінскі, Гальяш Пельгрымоўскі, той жа Ян Вісліцкі…

– Ці вядома вам, як 500-годдзе “Песні пра зубра” збіраецца адзначыць дзяржава?

– Нічога нікому невядома. Трэба, што магчыма, рабіць хоць грамадскімі высілкамі. Паколькі я ў гэта ўжо ўвязаўся, падрыхтаваўшы каляндар, то мушу працягваць. У планах зрабіць канцэрт, таму што, напрыклад, у “Харошак” ёсць цэлае аддзяленне – з паляваннем на зубра, з арыгінальнай музыкай, цяпер я спрабую дамовіцца з Валянцінай Гаявой. Думаю, што павінна падключыцца Акадэмія навук і правесці навуковую канферэнцыю, Іван Саверчанка ў курсе, паабяцаў дапамогу. Ну і юбілейная мастацкая выстава ў нас запланавана – хочам па магчымасці зрабіць рэканструкцыю той, ужо легендарнай, і новых твораў нямала з’явілася. Мастакі рыхтуюцца, ёсць проста шыкоўныя працы. Скажам, вядомы наш скульптар Алесь Шатэрнік адмыслова на выставе прадставіць праект помніка Гусоўскаму. Я перакананы, што аўтару “Песні пра зубра” ў беларускай сталіцы абавязкова павінен стаяць велічны помнік!

Міхась Скобла, nv-onlilne.info