Фэст TUTAKA: “Пасля выступаў будзем збіраць сцэну па кавалках”

Фестываль абуджаных TUTAKA распачаўся ва ўрочышчы Барык каля вёскі Гарадок пад Беластокам. Разнастайная праграма – ад дыскусій і майстар-класаў да музычных выступаў – ладзіцца цягам 3 дзён: ад пятніцы і да нядзелі. Пра адметнасці сёлетняга оўпэн-эйра „Радыё Рацыя“ расказала сувядоўца імпрэзы Крысціна Дробыш.

Р.Р.: Якія цікавінкі чакаюць нас на фэсце?

Крысціна Дробыш: Па-першае, у фэсту “Тутака” з’явіўся свой інстаграм, свой фэйсбук, Па-другое, будзе новы мерч, усялякі цікавы, будзе ўсе гэтыя дні, колькі будзе працаваць інфапункт. Адметная рыса таксама тое, што праграма ў вялікай ступені складалася дзякуючы непасрэдна падпісчыкам сацсетак “Тутакі”. Арганізатары ўлічылі заўвагі і што павыбіралі падпісчыкі – тое і будзе. Насамрэч праграма вельмі вялікая на кожны густ, будзе і для дзяцей, і для дарослых: розныя дыскусіі, сацыяльная тэматыка, не будуць абмінутыя і палітвязні. Будуць паказы кіно, будуць чытанні, акрылавыя маляванні на тварах і традыцыйныя рэчы – пляценне павукоў і таму падобнае.

На сайце Тутакі можна азнаёміцца з усёй праграмай. Будуць і літаратурныя сустрэчы і досыць вялікі кніжны кірмаш. І традыцыйныя песні, традыцыйныя спевы, будзе жывы стрым спадара Кныровіча. І ня толькі. Сачыце ўважліва за сацсеткамі – будзе вельмі цікава. Будуць прэзентацыі кніг і нават куццю згатуем…

Праграма вельмі насычаная, класна і тое, што музыкаў выбіралі дзякуючы галасаванню. Таму гучнае вяртанне “Крамбамбулі”. “Дай дарогу”, “Дзецюкі” – я маральна рыхтуюся да таго, што будзем збіраць сцэну па кавалках. І гурты класныя і жывыя выступы – гэта заўсёды звыш. Мы гатовыя…

Адна з сама адметных рысаў – гэта тое, што гэта юбілейны, ужо пяты фэст!

Р.Р.: Што для цябе наогул гэты фэст, які ты вядзеш ужо не першы год? І разам з тым – ці ёсць нейкая адмысловая падрыхтоўка?

Крысціна Дробыш: Канешне, маральная найперш. Я неяк сказала нашай камандзе – што гэта выходныя, пасля якіх патрэбныя выходныя. Канешне гэта вельмі цяжка, таму што ты знаходзішся ў рэжыме працоўным некалькі содняў запар. Для мяне гэта праца ў кайф, якую ты чакаеш, разумеючы, што на гэтыя тры дні ў год я магу адкласці ўсе іншыя працы. Для мяне фэст Тутака – гэта таксама заўсёды здзіўленне – якога чорта я зноў буду стаяць на гэтай сцэне. Але мне вельмі прыемна, што я зноў буду там. Тое, што ты адчуваеш сябе на такой вялікай сцэне, якая прымала столькі музыкаў, бачыла столькі ўсяго і ты маеш гонар на ёй стаяць, бачыць усіх гэтых людзей. Я спадзяюся, што ў гэтым годзе нас будзе яшчэ болей, таму што і пашырылася тэрыторыя і будзе яшчэ больш месца для намётаў. мы пастараліся ўлічыць і з мінулых гадоў розныя нюансы. Каб усім было зручна, кайфова, рэлаксова і цікава.

Цалком слухайце гутарку тут:

Больш інфармацыі пра фэст на яго сайце: https://tutakafest.org/be/

Марына Савіцкая, racyja.com