У вандроўкі па беларускай мінуўшчыне «водзіць» падлеткаў у Беластоку гісторык Уладзімір Арлоў

Цягам ужо больш за два месяцы ў Беластоку знакаміты гісторык Уладзімір Арлоў праводзіць заняткі ў сваёй гістарычнай школе для падлеткаў. Вербальныя вандроўкі ў мінулае заканчваюцца віктарынай і прызамі, піша «Радыё Ўнэт».

Хоць заяўленая мэтавая аўдыторыя гістарычнай школы Уладзіміра Арлова – падлеткі ад 12 гадоў і старэй, на заняткі, якія адбываюцца два разы на месяц, прыходзяць і дарослыя. Бо расповяды пры слаўную беларускую мінуўшчыну з вуснаў дасведчанага спецыяліста – гэта каштоўнасць, якую не варта абыходзіць увагай. І тут цяжка не пагадзіцца са спадаром Уладзімірам, што гістарычнай памяць здольная аб’яднаць народ, даць яму сілу ў цяжкія часы. Больш за тое, гэтая памяць разам з мовай народа абароніць дзяржаву лепей за любую армію, з чаго і ўзнікла ідэя стварыць гістарычную школу ў Беластоку.

Апошняй на даны момант вандроўкай па беларускай мінуўшчыне з Уладзімірам Арловым стала падарожжа ў свет вялікалітоўскіх рыцараў і бітвы пад Оршай, якая неад’емна звязана з імем князя Канстанціна Астрожскага. Гісторык распавёў пра абарону Вялікага княства Літоўскага ад татараў і Масковіі, якая на той час ужо вызвалілася з-пад улады Залатой Арды, але па сутнасці зрабілася яе адбіткам – і па пабудове дзяржаўнай структуры, і па ідэі панавання над усім светам, што, па меркаванні Уладзіміра Арлова, знайшло выражэнне ў формуле «Масква – Трэці Рым, а чацвёртаму не бываць».

На ўроку гаварылася пра рыцарскія законы і правілы, пра рыцарскую зброю і, канешне, рыцарскія турніры.

Як адзначае Уладзімір Арлоў, пакуль цяжка сказаць аб нейкіх папярэдніх выніках яго навучальных вандровак, бо школа ўсё ж такі не так даўно пачалася, але ён мяркуе, што заняткі будуць працягвацца, прычым нават у наступным навучальным годзе. Сваіх слухачоў ён акрэслівае як даволі дасведчаных, якія не баяцца ўступаць у спрэчкі і палеміку. Дарэчы, Уладзімір Арлоў чытае лекцыі не толькі ў Беластоку.

Варта прызнаць, што такія вандроўкі па гісторыі знаходзяць водгук у тых, на каго яны арыентаваны. Некалькі прыйшоўшых паслухаць гісторыка падлеткаў, асабліва стаўшых прызёрамі віктарыны з пытаннямі па тэме ўрока, далі станоўчыя водгукі.

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

radiounet.fm