Журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі», які напісаў артыкул пра забітага айцішніка Аляксандра Зельцэра, асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі. Але асудзілі яго за абразу Лукашэнкі. Сваю віну Генадзь Мажэйка не прызнаў, піша «Новы Час».
У Гарадскім судзе Мінска 23 сакавіка асудзілі палітзняволенага Генадзя Мажэйку паводле ч.1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»), ч.1 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэкса.
Суддзя Таццяна Фалькоўская прызначыла Генадзю тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Як гучала абвінавачанне Генадзю
Згодна з тэкстам абвінавачання, «Генадзь Мажэйка, праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці, з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года па кастрычнік 2021-га здзейсніў шэраг злачынстваў».
Выказванні журналіста ў інтэрнэце ў бок Лукашэнкі суд расцаніў, як «негатыўныя, непрыстойныя, недапушчальныя».
Таксама Генадзю ставяць у віну, што ён, знаходзячыся на сустрэчы з выбаршчыкамі, якую ладзіў дэпутат Валер Варанецкі, «падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў сустрэчы, праводзіў агітацыю супраць дзеючай улады, парушаючы агульначалавечую мараль».
Дзяржабвінаваўца працытаваў выказванні палітзняволенага ў бок Лукашэнкі на сустрэчы з выбаршчыкамі: «З аўтаматам бегаць (…) хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць (…) гэта звар’яцелы вырадак».
Нагадаем, Генадзя затрымалі ў Маскве 1 кастрычніка 2021 года. Згодна з папярэднімі звесткамі, затрыманне звязана з артыкулам «Камсамольскай праўды», дзе ён пісаў пра загінулага Андрэя Зельцэра.
Андрэй Зельцэр загінуў падчас перастрэлкі з супрацоўнікамі КДБ на вуліцы Якубоўскага ў Мінску. Журналіст пагутарыў з аднакласніцай айцішніка, якая распавяла пра яго школьныя гады і станоўча пра яго адгукалася.
Пасля выхаду матэрыялу Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакіравала доступ да сайта kp.by. Як заявілі ў ведамстве, гэта было зроблена на падставе рашэння міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры ўрадзе ў сувязі з размяшчэннем на сайце «інфармацыі, здольнай прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам».
Падтрымаць палітвязня можна лістамі, паштоўкамі і пераводамі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Генадзь Мікалаевіч Мажэйка.