Прадзюсар фільма пра беларускія пратэсты: «У Мінску страх абсалютна ва ўсіх людзей проста рэзаў вочы»

З чым сутыкаліся дакументалісты пасля 2020 года, працуючы ў Беларусі. Ізраільцянін Раман Коўган — пра сем дзён у Мінску, якія яго ўзрушылі.

Раман Коўган

— Вельмі шмат людзей і ў нас у Ізраілі, і ў іншых краінах, па вялікім рахунку, не адрозніваюць Казахстан ад Беларусі, тым больш яны не разумеюць, што там за пратэсты былі, чаго хоча народ. Так узнікла ідэя стварыць фільм для «чайнікаў», каб растлумачыць нерускамоўнай аўдыторыі, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі, — тлумачыць прадзюсар з Ізраіля Раман Коўган.

Разам з журналісткай Ксеніяй Святловай і рэжысёрам Міхаілам Вексэлем ён зняў дакументальны фільм «Жанчыны, якія трымалі кветкі».

Прэм’ера адбылася ў кастрычніку 2021 года. Фільм паспелі адзначыць узнагародамі на чатырох фестывалях, але пасля пачатку вайны ва Украіне паказы былі прыпыненыя.

І вось у сакавіку 2023 года ў Тэль-Авіве ў АНУ — Музеі габрэйскага народа — зноў паказалі фільм пра беларускія пратэсты. І гледачы зноў дзякавалі яго стваральнікам.

Пра тое, як гэта — здымаць дакументальнае кіно пра падзеі ў Беларусі, адправіўшыся прама туды ў 2021 годзе, і якое ўражанне на замежнікаў робіць наша краіна цяпер, Раман Коўган распавёў «Салідарнасці».

«Вашы жанчыны проста прыкавалі нас да экранаў»

— Так атрымалася, што гэты фільм — маё першае незалежнае кіно. Да гэтага я ў асноўным працаваў на ізраільскім тэлебачанні як прадзюсер у розных буйных праектах — і мастацкіх, і музычных, і дакументальных, — кажа суразмоўца. — З Беларуссю мяне наогул нічога не звязвае.

Калі не лічыць, што мае продкі жылі ў межах аседласці ў вашых месцах. Але ўсе яны на нейкім этапе пераехалі ў Цэнтральную Расію, дзе я і нарадзіўся.

Калі мне было 13 год, мая сям’я з’ехала ў Ізраіль, атрымалася, што ўсё свядомае жыццё я жыў у дэмакратычнай краіне. Памятаю, неяк у нулявыя вырашыў пажыць у Маскве, але вытрымаў толькі пяць год.

— А ў Беларусі вы бывалі калі-небудзь да здымак фільма?

— Не, першы раз я апынуўся ў вашай краіне падчас працы над фільмам у 2021 годзе. Насамрэч да пратэстаў 2020-га я сёе-тое ведаў ад рэпатрыянтаў з Беларусі, у тым ліку журналістаў, чуў гісторыі пра зніклых палітыкаў, пра бізнэсмэнаў, у якіх «адціскаюць» бізнэс.

У 2020 годзе разам з усімі назіраў за вашымі пратэстамі. Тады беларускія актывісты выходзілі на мітынгі па ўсім свеце, у тым ліку ў нас у Ізраілі. Аднойчы яны арганізоўвалі вялікі мітынг каля амбасады РБ, падчас якой неслі па Тэль-Авіве вялізны бел-чырвона-белы сцяг.

Мітынг беларускіх актывістаў у Тэль-Авіве. Усе фота з архіву героя

Ведаючы мяне, як чалавека, які працаваў на мітынгах раней, напрыклад, у абарону Навальнага, мяне папрасілі дапамагчы зняць відэа.

Мы ахвотна і цалкам бясплатна зрабілі гэты відэаролік, але пасля гэтага я яшчэ больш прасякнуўся вашай тэмай, пазнаёміўся з актывістамі. І чым больш я занураўся ў беларускія пратэсты, тым больш разумеў, што трэба рабіць кіно. Асабліва калі бачыў, колькі людзей не разумеюць сутнасці таго, што адбываецца.

Падрыхтоўку да здымкаў закрануў ковід, потым трэба было знайсці грошы. І тут я ўбачыў артыкул Ксеніі Святловай, які так і называўся «Жанчыны, якія трымалі кветкі».

Мы з Ксеніяй даўно знаёмыя, яна вядомая журналістка, якая пабывала ў розных гарачых кропках. Пасля артыкула я зразумеў, што сцэнар для фільма будзе пісаць яна. Мы вырашылі расказаць усю гісторыю знаходжання Лукашэнкі ва ўладзе. І тое, да чаго гэта прывяло.

— Пры гэтым усе гераіні вашага фільма — жанчыны.

— Калі пасля таго, як у жніўні 2020 года збілі мужчын і выйшлі вашы жанчыны, нас гэта вельмі ўразіла. Гэта проста прыкавала нас да экранаў: тое, як гэтыя прыгожыя жанчыны ішлі з кветкамі па вуліцах.

Нам падалося важным гэта яшчэ і таму, што постсавецкае грамадства дастаткова патрыярхальнае, а тут жанчыны бяруць у рукі пратэст, устаюць, каб абараніць свае сем’і і замяніць сваіх мужоў, кінуўшыся на амбразуру. Проста міма гэтай тэмы немагчыма было прайсці.

— Напэўна, вы не ўяўлялі, што насамрэч адбываецца ў Беларусі, інакш не адважыліся б ехаць туды ў сакавіку 2021 года.

— Да гэтага інфармацыю ў асноўным мы атрымлівалі праз медыя. Тое, што мы ўбачылі і пачулі самі, сапраўды аказалася значна больш страшным.

Экспедыцыя была ўсяго 12 дзён, пры гэтым 7 дзён мы былі ў Мінску, потым з’ездзілі ў Літву і Латвію і зноў вярнуліся ў Мінск яшчэ на пару дзён.

Гэта было напрыканцы сакавіка, якраз напярэдадні Дня Волі, калі зноў планаваліся масавыя мітынгі і пратэсты. Наш аператар, у якога быў увесь зняты матэрыял, сказаў: «Не, хлопцы, я назад у Мінск не паеду, ну яго».

Мне ж трэба было вярнуць абсталяванне, якое мы бралі ў арэнду. Насамрэч нам таксама было страшна вяртацца, але я спадзяваўся, што ўсё ж нас абароніць тое, што мы замежнікі, а Ксенія наогул былы чалец ізраільскага парламента.

«Працавалі на канспіратыўнай кватэры пры заштораных вокнах»

— Што вас напалохала, што такога вы ўбачылі за тыя сем дзён, што сталі адчуваць рэальны страх?

— Вясна 2021 года — паўгода пасля пачатку пратэстаў. Мы заспелі якраз той перыяд, калі пачаліся не проста затрыманні людзей на вуліцах, а менавіта рэпрэсіі, людзей арыштоўвалі ў іх дамах, прымушалі каяцца на камеру, а потым ім прад’яўлялі крымінальныя абвінавачанні, якія пагражаюць вялізнымі тэрмінамі.

Пра тое, што адбываецца, нам расказвалі не толькі нашы суправаджаючыя, але і многія з тых, каго мы проста сустракалі.

Агульнае ўражанне ад Мінска было даволі сумнае. У горадзе жыве два мільёны чалавек, а на вуліцах практычна нікога не было. Пасля таго, як нас папярэдзілі не апранаць адзенне бела-чырвоных колераў, я звяртаў увагу і амаль не бачыў на вуліцы гэтых спалучэнняў.

Наогул за шмат гадоў на тэлебачанні я працаваў у розных постсавецкіх сталіцах, у тым ліку ў Кіеве, Ташкенце, Маскве, Кішынёве. У любым горадзе выходзіш у цэнтр і бачыш натоўпы людзей.

У Менску нікога практычна не было, а па вечарах мы сустракалі вялікія групы «касманаўтаў»-амапаўцаў. Мы хадзілі па мясцовых барах, крамах, іншых установах, размаўлялі проста з усімі, хто згаджаўся, і наша меркаванне аб Беларусі, якое першапачаткова было сфарміравана толькі па зводках навін, яшчэ больш умацавалася.

Большая частка з тых, з кім размаўлялі мы, лічыць, што выбары ў іх скралі і сфальсіфікавалі. Практычна ўсе казалі аб неабходнасці змены ўлады.

— Людзі не баяліся тады гаварыць?

— Баяліся. Мы з рэжысёрам прыехалі на два дні раней за ўсю здымачную групу спецыяльна, каб пагутарыць з людзьмі і даведацца пра іх настроі.

Акрамя гэтага, трэба было загадзя перагаварыць з удзельнікамі здымкаў. У нас былі дамоўленасці з 20 гераінямі, частка з іх селебрыці, частка звычайныя людзі.

І вось мы прылятаем, я пачынаю іх абтэлефаноўваць — і 19 чалавек проста адпадае, гэта значыць адмаўляецца ўдзельнічаць! Таму што не жадаюць падстаўляць сябе і родных, таму што хтосьці змушаны быў з’ехаць.

Асабліва жанчыны баяліся, што іх будуць шантажаваць дзецьмі і такія прэцэдэнты ўжо былі. Нехта сказаў, што не можа больш паглыбляцца ў гэтую тэму, вельмі цяжка.

Ці, напрыклад, была адна юрыстка, якая абараняла палітвязняў. За некалькі тыдняў да гэтага яна дала інтэрв’ю расійскім журналістам, мы стэлефанаваліся з ёй, яна сказала, вядома, прыязджайце. А потым выйшаў выпуск праграмы з яе ўдзелам, і яна кажа, ведаеце, мяне папярэдзілі, калі я працягну даваць інтэрв’ю, мяне пазбавяць ліцэнзіі. Пасля яе ўсё роўна пазбавілі ліцэнзіі, і яна з’ехала з краіны.

Амаль усе вядомыя асобы, спартоўцы, медыйшчыкі, з якімі была папярэдняя дамоўленасць, адмовіліся з-за таго, што пачаўся новы віток жорсткіх рэпрэсій.

Увогуле, прыехаўшы, мы знайшлі, што ў нас няма гераінь і праз свае кантакты аператыўна сталі шукаць новых. Знайшлі, у тым ліку ў Літве.

Але і ў Беларусі здымалі некаторых, праўда, гэта таксама былі незвычайныя здымкі. Нават проста каб сустрэцца з чалавекам, заўсёды абгаворвалі нейкія ўмоўныя знакі для канспірацыі, што і як мусіць быць, каб можна было спыніць машыну і забраць кагосьці. Калі побач з’явіцца патруль, зразумела, спыняцца нельга і г.д.

Вядома, гэта стварала моцны эмацыйны фон. Страх абсалютна ва ўсіх людзей проста рэзаў вочы. За два дні нам прыйшлося поўнасцю памяняць лакацыі і структуру здымак.

Мы планавалі здымаць гераінь падчас прагулкі па горадзе. А ў выніку працавалі на канспіратыўнай кватэры пры заштораных вокнах.

На вуліцы запісалі толькі некалькі стэндапаў, і я не магу назваць людзей, якія дапамаглі гэта зрабіць, каб не падставіць іх. Пры гэтым мы размаўлялі на англійскай мове, і міліцыянеры, нават калі бачылі, нічога не разумелі.

І, вядома, самі гісторыі, якія расказвалі жанчыны, пра тое, як да іх ставяцца за кратамі, гэта проста «жэсць». Была дзяўчына, якая захварэла на ковід у турме, і яе перасаджвалі ў розныя камеры, каб яна заразіла як мага большую колькасць людзей.

Многія плакалі падчас інтэрв’ю. Гэта было вельмі цяжка.

«Проста ашаламіла ваша Ніна Багінская»

— Проста ашаламіла ваша Ніна Багінская, вельмі смелая жанчына. Яна, адзіная, сказала: «Мне ўсё роўна — прыходзьце, калі хочаце, я нікога не баюся, я ўжо старая», і сустракала нас у прыгожым нацыянальным вышытым адзенні.

Уражвалі гісторыі звычайных людзей. Была дзяўчына, якая расказвала, што кожны дзень апранае зручную цёмную вопратку, раскладвае ў кішэні дадатковую пару бялізны і шкарпэтак. Яна ўвесь час гатова да затрымання.

Для нас, людзей з дэмакратычнай краіны, было шокам чуць падобнае ў XXI стагоддзі: каб людзі заўсёды былі гатовы да таго, што іх могуць затрымаць, няважна, на мітынг яны ідуць ці гуляць з дзіцём.

Разумееце, у нас у Ізраілі ўвесь час праходзяць нейкія мітынгі, напрыклад, зараз ідуць пратэсты супраць судовай рэформы. Але мы, прымаючы ў іх удзел, упэўненыя, што нас не будуць біць дручкамі, не схопяць і не павязуць. А калі раптам нешта адбудзецца, мы звернемся ў суд.

— Якое ўражанне ваш фільм аказвае на гледачоў?

— Падкрэслю, гэты фільм не для тых, хто, як кажуць, у тэме, а, наадварот, для каго беларускія падзеі малазразумелыя. Гледачы былі як рускамоўныя, так і не.

Усе паказы праходзілі з вялізным поспехам. Для першага нам далі невялікую залю, але прыйшло так шмат людзей, што сядзелі ў праходах. Пасля нам ужо давалі ў некалькі разоў вялікія залы.

На першых паказах было шмат прадстаўнікоў прэсы, ізраільскага істэблішменту, палітыкаў, дыпламатаў. Пасля многія падыходзілі і казалі, што нарэшце зразумелі, што адбываецца.

— Вяртаючыся да прыгожых жанчын, на ваш погляд, што было нашай галоўнай памылкай у 2020 годзе? Сёння многія хэйцяць гэтых жанчын з кветкамі, сцвярджаючы, што замест іх павінны былі ўсё ж такі ісці мужчыны са зброяй.

— Я не лічу, што гэта было няправільна. Вашы жанчыны, вашыя людзі паказалі, што бывае мірны пратэст. Так, постфактум мы ўбачылі, што гэта не дапамагло.

Канкрэтна ў Беларусі мірны пратэст не спрацаваў, таму што ўсе таталітарныя кіраўнікі прыраўноўваюць канец сваёй улады да свайго фізічнага канца. Яны б’юцца літаральна за сваё жыццё.

На гэта ж яны настройваюць і сваіх сілавікоў. Адзін з былых супрацоўнікаў вашых праваахоўных органаў у Літве нам расказваў, што кожны дзень ім удзёўбвалі, што калі перамогуць пратэсты, то ім усім канец, і што яны павінны змагацца не за краіну і нават не за Лукашэнку, а за сваё жыццё.

На жаль, зараз беларускі парадак дня сышоў, але я лічу, што гэта няправільна.

— Ці залежыць сёння лёс Беларусі ад Украіны?

— Я не палітык і не палітолаг, але мне відавочна, што ўсё ўзаемазвязана.

Наталля Север, gazetaby.com,
пераклад budzma.org