Польшча стварыла новае спецпадраздзяленне на мяжы з Беларуссю

Брыгадны генерал Мечыслаў Гургелевіч і віцэ-прэм’ер, міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. PAP/Piotr Nowak

Яго мэта — змаганне з сучаснымі пагрозамі, такімі як гібрыдныя аперацыі, міграцыйны крызіс і небяспекай, звязанай з выкарыстаннем беспілотнікаў.

Віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў пра стварэнне Кампанента памежнай абароны — новай вайсковай структуры, адказнай за ахову ўсходняй і паўночна-ўсходняй межаў Польшчы. Фармаванне звязанае традыцыяй з Корпусам памежнай аховы часоў міжваеннай Польшчы. Задача новага падраздзялення — змаганне з сучаснымі пагрозамі, такімі як гібрыдныя аперацыі, міграцыйны крызіс і небяспека, звязаная з выкарыстаннем беспілотнікаў.

Структура будзе дзейнічаць у складзе Войскаў тэрытарыяльнай абароны і стане адным з элементаў праграмы «Усходні шчыт», мэта якой — умацаванне бяспекі на межах з Беларуссю і Расіяй. Праект прадугледжвае будаўніцтва абарончай інфраструктуры, развіццё сістэм назірання і павышэнне здольнасці краіны рэагаваць на крызісы.

Кампанент памежнай абароны складаецца з чатырох брыгад, адказных за ахову ключавых участкаў усходняй мяжы Польшчы. Яны будуць уключаць часці, размешчаныя ў памежных раёнах, у склад якіх увойдуць падраздзяленні лагістыкі, разведкі і спецгрупы, адказныя за выкарыстанне сучасных тэхналогій, у тым ліку беспілотных сістэм. Новая структура будзе адказваць за падтрымку ў ахове дзяржаўнай мяжы, правядзенне разведкі, забеспячэнне бяспекі інфраструктуры і хуткае рэагаванне на пагрозы. Салдаты будуць супрацоўнічаць з Памежнай службай і іншымі службамі, адказнымі за нацыянальную бяспеку.

Камандзірам Кампанента прызначаны брыгадны генерал (генерал-маёр – рэд.) Мечыслаў Гургелевіч — камандзір 1-й Падляскай брыгады Войск тэрытарыяльнай абароны са штабам у Беластоку.

вс, polskieradio.pl