Стваральнікаў ініцыятывы «Сумленныя людзі» прызналі «тэрарыстамі»

Размова пра чатырох чалавек.

Стваральнікаў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Сумленныя людзі» ўнеслі ў абноўлены спіс КДБ асоб, якіх беларускія ўлады прызнаюць «тэрарыстамі».

Гаворка ідзе пра Алену Жываглод (Жылачкіну), Зарыну Сарокіну, Алега Давыдчыка і Цімафея Малахоўскага. 

Іх раней абвінавацілі паводле артыкулаў аб стварэнні «экстрэмісцкага» фарміравання (частка 3 артыкула 361‑1 КК), абразе Лукашэнкі (артыкул 368 КК), распальванні варожасці (артыкул 130 КК), паклёпе на Лукашэнку (артыкул 367 КК), дыскрэдытацыі Беларусі (артыкул 369‑1 КК), а таксама ў закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (артыкул 361 КК).

22 студзеня іх завочна асудзілі на 8‑10 гадоў пазбаўлення волі.

У «спіс тэрарыстаў» таксама ўключылі 57‑гадовую ўраджэнку Вінніцы Аксану Вальвачову, якую ў Беларусі асудзілі за каментары ў тэлеграме.

nashaniva.com