
Яго пакінулі на свабодзе, але пры гэтым ні завесці тэлефонны нумар, ні карыстацца банкаўскай карткай ён не можа.
Да паслявыбарчых пратэстаў 2020 года Анатоль Вайцяхоўскі з сям’ёй жыў у Баранавічах, пэўны час працаваў на раённым вузле электрасувязі. У сярэдзіне 1990‑х стаў адным з заснавальнікаў мясцовай газеты «Шаг». Гэта адна з першых прыватных газет горада і некалі адна з самых папулярных, яе наклад сягаў 11 тысяч экзэмпляраў. Пазней яна перафарматавалася ў чыста рэкламную.
У пачатку 2000‑х Вайцяхоўскі сышоў з журналістыкі, стаў прадпрымальнікам. Ён займаўся медыцынай і таварамі для здароўя. У 2023 годзе яго затрымаў ГУБАЗіК — за тое, што Анатоль пакідаў у тэлеграме каментарыі супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў, але калі яго выпусцілі, ён аператыўна эвакуяваўся за мяжу пры дапамозе «Байсола», жыў у Беластоку.
У пачатку 2026 года Вайцяхоўскі праз камісію па вяртанні вярнуўся ў Беларусь.
Нягледзячы на тое, што ён зняўся ў прапагандысцкім фільме БТ, яго судзілі па чатырох палітычных крыміналках:
- ч. 3 арт. 361 КК — «заклікі да санкцый»,
- ч. 2 арт. 367 КК — «паклёп на Лукашэнку»,
- ч. 2 арт. 368 КК — «абраза Лукашэнкі»,
- ч. 1 арт. 361‑4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Мінімум, які ён мог атрымаць па гэтых артыкулах, — чатыры гады калоніі. Аднак Вайцяхоўскаму далі хатнюю хімію.
