
Колькі ў Беларусі палітвязняў? Каго вызваляюць, каго садзяць? Як зразумець, хто «палітычны»? Ці праўда, што за нешта перасталі караць, а за штосьці пачалі? Праваабаронцы расказалі «Белсату», як гэта высвятляюць. Галоўнае: «адлігі» няма, нават калі пра рэпрэсіі кажуць менш.
Маштабныя палітычныя рэпрэсіі трываюць у Беларусі больш за шэсць гадоў. Суразмоўцы «Белсату» пагаджаюцца: ніякай «адлігі» ў Беларусі няма, нават калі для вонкавага назіральніка рэпрэсіі менш бачныя. Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў ліпені прэзентаваў даклад «Схаваныя рэпрэсіі ў Беларусі 2020–2026». Што значыць «схаваныя рэпрэсіі» і як з гэтым утойваннем змагаюцца?
Гэта не «адліга» – проста ўзровень рэпрэсіяў не небывалы
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка тлумачыць «Белсату»: тое, што ўлады Беларусі пачалі старанна хаваць рэпрэсіі ад насельніцтва Беларусі і беларусаў за межамі, ад праваабаронцаў і міжнародных арганізацыяў, гэта незвычайная з’ява:
«Улады з аднаго боку нагнятаюць страх перад рэпрэсіямі ў грамадстве, а з другога боку хаваюць дакладныя звесткі, – кажа Сапелка. – Гэта працуе часам на карысць дзяржаве, таму што з’яўляюцца такія выказванні, быццам там памяняла рэпрэсіяў і гэтак далей».
«Калі мы пачынаем параўноўваць нейкія аб’ектыўныя дадзеныя, нават тыя нешматлікія, якія ў нас ёсць, то бачым: так, можа, па нейкіх там крытэрах і паменшылі гэтыя рэпрэсіі, але яны па-ранейшаму засталіся на крытычна вялікім узроўні».
У 2022 годзе, згадвае Сапелка, казалі пра небывалы крызіс правоў чалавека. Цяпер ён проста «не небывалы». Было 1500 палітвязняў, стала менш за 1000, але для ўсіх беларусаў працягваецца «гульня на мінным полі».
Парламенцкая асамблея АБСЕ ў нядаўняй рэзалюцыі называла вызваленне адных палітвязняў і набор іншых «ратацыяй закладнікаў».
Аперацыйная дырэктарка фонду BYSOL Ганна Дапшэвічуце ўдакладніла ў размове з «Белсатам», што гэтая «ратацыя» была бачная з першага выпадку масавых вызваленняў з выдварэннем: «Адкрываюцца новыя крымінальныя справы, прыдумваюцца новыя падставы для рэпрэсій, пераслед па „старых“ справах нікуды не знікае». Яна папярэджвае:
«Мы фіксуем выпадкі, калі людзі нібыта ездзілі ў Беларусь і назад, і ўсё было ў парадку, але на дзясяты раз знаходзілася падстава, праз якую яны станавіліся ахвярамі рэпрэсіяў».
Людзі маглі ўжо і забыць, што яны лайкалі пяць гадоў таму, і не ведаць, што сёння гэта «экстрэмісцкія матэрыялы», дапускае Дапшэвічуце. І палітычныя рэпрэсіі – гэта не толькі пакаранне за пратэсты 2020 года ці нацыянальную сімволіку, але і пераслед за публічныя абмеркаванні дзеянняў улады, за антываенную пазіцыю, за кантакты з людзьмі за межамі Беларусі, нават проста за роднасныя сувязі з актывістамі.
Экспертка Беларускага хельсінкскага камітэту Кацярына Дзяйкала ў каментары «Бесату» адзначыла, што з палітвязнямі адбываецца не «ратацыя» ў простым сэнсе – не наўмысная замена адных на іншых:
«Рэжым усё роўна саджаў бы новых людзей, нават калі б увогуле нікога не вызваляў. Бо менавіта так працуе рэпрэсіўны апарат. Ён увесь час павінен быць у тонусе і трымаць у тонусе грамадства».
Сапелка сумна смяецца з таго, як кажуць: пашанцавала, калі яны ўсяго толькі трапілі на «хатнюю хімію» – абмежаванне волі без скіравання ў папраўчую ўстанову. Канешне, гэта не калонія, але гэта ўсё адно зламанае жыццё. А бывае, кажуць, што пашанцавала калі зняволены выйшаў на волю, а не атрымаў дадатковы тэрмін праз сумнавядомы арт. 411 КК РБ. Або кажуць: пашанцавала, што на волі – не памёр ці не памерла ў калоніі!
Пра некаторыя аспекты рэпрэсіяў вядома амаль усё
У розных галінах розны аб’ём даступнай інфармацыі, адказвае Сапелка. Не сакрэт, што «Вясна» часта просіць чытачоў у сацсетках расказваць пра рэпрэсіі і пра лёсы канкрэтных людзей.
«Калі адкрыць наш Telegram-канал…» – па кароткай паўзе Сапелка дадае агаворку: «…калі гэта бяспечна». За кантакт з праваабаронцамі, названымі «экстрэмісцкімі фармаваннямі», у Беларусі могуць пакараць.
Праз забарону праваабаронцаў і незалежных медыяў людзі могуць не ведаць нават, да чаго ім варта рыхтавацца, і не ведаць аб магчымасці звяртацца да тых праваабаронцаў, заўважае Дапшэвічуце. А выпадкі рэпрэсіяў па-ранейшаму бываюць жорсткімі і мала адрознымі ад таго, што было 5–6 гадоў таму.
Праваабаронцы ўсё адно заклікаюць усіх паведамляць ім пра рэпрэсіі, калі гэта бяспечна рабіць і калі гэта не пагоршыць становішча ахвяры. Як кажа Сапелка, «ад гэтага выбудоўваюцца шмат якія працэсы». Праваабарончыя арганізацыі старанна дакументуюць у тым ліку гісторыі людзей, якія выйшлі на волю.
Наконт крымінальнага пераследу праваабаронцы добра інфармаваныя, лічыць Сапелка. На ягоную думку, яны ведаюць бліжэй да 90 % палітычных крымінальных справаў. Шмат вядома і пра палітычны адміністратыўны пераслед. У публічных спісах палітычных зняволеных, лічыць ён, не хапае хіба пары дзясяткаў палітвязняў – у тым ліку тых, чые імёны ведаюць:
«Можа, мы не ведаем кожнае імя, але мы ведаем тэндэнцыі».
Прадстаўніца «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава тлумачыць «Белсату»: праваабарончая супольнасць валодае значнай часткай інфармацыі пра рэпрэсіі, аднак разумее і межы сваёй дасведчанасці.
«Безумоўна, мы не можам сцвярджаць, што ведаем пра ўсе выпадкі, – прызнае Фёдарава. – Мы не мелі магчымасці пагутарыць з кожным чалавекам, які сутыкнуўся з палітычным пераследам, таму частка інфармацыі можа заставацца па-за нашай увагай. Гэта датычыцца найперш тых людзей, чые выпадкі яшчэ не былі задакументаваныя. Разам з тым ужо сёння мы валодаем вельмі вялікім аб’ёмам інфармацыі. Яна паступае з розных крыніц, якія часта пацвярджаюць і дапаўняюць адна адну».
Дапшэвічуце перакананая, што палітычна рэпрэсаваных значна больш, чым ведаюць праваабаронцы:
«Прычыны, праз якія на чалавека можа абрынуцца палітычна матываваная ўвага, занадта вар’яцкія. Тое, што, на думку беларускай дзяржавы, не павінен рабіць грамадзянін сваёй краіны, для звычайнага чалавека з’яўляецца нармальным жыццём».
«Нават калі сёння мы будзем ведаць 100 % інфармацыі пра рэпрэсіі, заўтра гэта можа ператварыцца ў 10 % разумення таго, што адбываецца».
Хто палітвязень, а хто не?
Вызначаць, ці праўда чалавек палітычны зняволены, бывае складана. На самым першым этапе справы могуць аналізаваць валанцёры, але калі трапляюцца складаныя выпадкі, то падключаюцца людзі з адпаведным досведам і адукацыяй, расказвае Сапелка.
Напрыклад, калі справа тычыцца «Абразы Лукашэнкі», праваабаронцаў не вельмі цікавіць, як менавіта абразілі Лукашэнку, бо яны ў прынцыпе за дэкрыміналізацыю гэткіх справаў. Калі гаворка пра «Распальванне варожасці», «Рэабілітацыю нацызму» ці «Адмаўлення генацыду беларускага народу», то за гэта могуць судзіць як сапраўдных неанацыстаў, так і тых, хто не выходзіў за межы свабоды меркаванняў.
Бываюць і цяжэйшыя выпадкі, як з палітычным пераследам праз непалітычныя артыкулы – напрыклад, як было з Віктарам Бабарыкам. А можа быць і наадварот: кімсьці зацікавіліся праз грамадска-палітычную актыўнасць, але чалавек здзейсніў рэальныя злачынствы. Часцяком юрыстам і экспертам даводзіцца праводзіць вялікую працу, каб назваць чалавека палітвязнем.
У пэўных выпадках бывае дастаткова паглядзець на тое, у якіх умовах утрымліваюць чалавека падчас следства і адбывання пакарання:
«Важна ацэньваць не толькі артыкул абвінавачання, але і тое, як дзяржава фактычна абыходзілася з чалавекам на ўсіх этапах крымінальнага пераследу і адбывання пакарання», – падкрэслівае Фёдарава.
Зняволеных па-ранейшаму ставяць на 10-ы прафілактычны ўлік («схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці»), што на практыцы азначае сумнавядомую «жоўтую бірку». Калі падчас допытаў асноўная ўвага надавалася пытанням, звязаным з палітычнымі справамі (напрыклад, са «справай Гаюна» або іншымі аналагічнымі), калі чалавека ўтрымліваюць у тых жа ўмовах, што палітвязняў, гэта можа сведчыць пра наяўнасць палітычнага пераследу.
Некаторыя рэпрэсіі застаюцца менш заўважнымі
Сапелка адзначае: праваабаронцы «Вясны» ведаюць менш пра некаторыя аспекты рэпрэсіяў. Так, ахвяры працоўных рэпрэсіяў менш расказваюць пра сябе, ды і звальненні часцяком адбываюцца «па шэрых схемах» – фармальна па дамове з наймальнікам. Аб рэпрэсіях у адукацыі ці культуры сама «Вясна» можа ведаць менш за спецыялізаваныя праваабарончыя арганізацыі, але з гэтымі арганізацыямі трымае кантакт.
Фёдарава заўважае, што часта не хапае інфармацыі пра людзей, якія яшчэ знаходзяцца ў месцах несвабоды; пра тых, каго пасля асуджэння паводле арт. 411 КК РБ паўторна накіроўваюць адбываць пакаранне; пра людзей, якія застаюцца ў Беларусі, бо магчымасці бяспечнай камунікацыі з імі вельмі абмежаваныя.
Дзяйкала наракае: часта размовы пра ўзровень рэпрэсіяў зводзяцца да крымінальнага і адміністратыўнага пераследу, а гэта няпоўная карціна.
«Рэпрэсіі ў Беларусі вельмі шматпластовыя, – кажа Дзяйкала. – Акрамя ператрусаў, затрыманняў і зняволенняў, існуе велізарны сацыяльна-эканамічны пласт рэпрэсіяў, які ахоплівае значна большую колькасць людзей».
«Дзяржава наўмысна стварыла ўмовы, якія робяць сацыяльна-эканамічнае жыццё ў краіне для людзей, якіх яна лічыць нелаяльнымі, непаўнавартасным, а часам практычна немагчымым».
З 2023 года на заканадаўчым узроўні замацаваная забарона як мінімум на 8 прафесіяў для пакараных паводле «палітычных» артыкулаў (у тым ліку адміністратыўных). Змяняюцца правілы прыёму на працу, правілы атэстацыі і этычныя кодэксы. На працоўных месцах ладзяць размовы з супрацоўнікамі КДБ. Ужываюцца «чорныя спісы». Для тых, каго ў няволі ўнеслі ў спісы «экстрэмістаў» ці «тэрарыстаў» ёсць фактычная забарона на працаўладкаванне ў шэрагу сфераў, фінансавыя абмежаванні. Пастаянна пашыраецца заканадаўства, якое дазваляе дыскрымінаваць беларусаў з замежным відам на жыхарства. Цяпер, напрыклад, усе яны павінны здаваць адбіткі пальцаў. Усё гэта – рэпрэсіі, падкрэслівае суразмоўца.
«Пашыраецца практыка „спадарожных рэпрэсіяў“ – гэтае азначэнне БХК увёў у сваім апошнім аглядзе тэндэнцыяў заканадаўства. Ён азначае, што ўлады становяцца ўсё менш выбарачнымі ў плане „пабочных ахвяраў“», – расказвае Дзяйкала.
«Цэліўшы ў „палітычных“, яны прымаюць рэпрэсіўныя захады, якія закранаюць усіх, хто побач і ўвогуле не мае ніякага дачынення да палітыкі».
Так, «экстрэмісцкімі» назвалі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, у якім вучыліся тысячы людзей, і чаты сваякоў зняволеных – у тым ліку «звычайных», не палітычных.
Ёсць і трансгранічныя рэпрэсіі: не толькі завочныя суды, але і «пашпартны ўказ», і фактычнае пазбаўленне права распараджацца маёмасцю ў Беларусі.
«Маштаб бальшыні рэпрэсіяў мы, на жаль, не можам ацаніць дастаткова дакладна, бо дзяржава наўмысна хавае неабходныя для гэтага крыніцы інфармацыі», – рэзюмуе Дзяйкала.
Яна падзяляе схаваныя рэпрэсіі на тыя, аб якіх няма інфармацыі, і тыя, якія называе латэнтнымі: ціск у сферы працаўладкавання ці адукацыі, сацыяльная стыгматызацыя і гэтак далей.
Як праваабаронцы даведваюцца пра затрыманні, прысуды і вызваленні?
Сапелка прызнае: калі праваабаронцы вымушана апынуліся за межамі Беларусі, стала цяжэй здабываць інфармацыю пра затрыманні, суды, змест справаў. Але падкрэслівае: «Не немагчыма».
«Па-першае, працуе салідарнасць, – тлумачыць Сапелка. – Па-другое, у нас ёсць інфармацыя ад тых зняволеных, якія вызваляюцца: яны распавядаюць пра тых, хто застаўся за кратамі. Ёсць сведчанне знаёмых, блізкіх ці не вельмі блізкіх знаёмых; тых, хто трапляе пад пераслед, ну і гэтак далей».
Праваабаронцы таксама ладзяць маніторынг незалежных медыяў і інфармацыі ад дзяржавы, глядзяць на ўскосныя прыкметы, адсочваюць «экстрэмісцкае» заканадаўства, спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» (пры чым, кажа Сапелка,у «спісе экстрэмістаў» на прыблізна дзве тысячы людзей менш, чым вядома праваабаронцам пра асуджаных у «экстрэмісцкіх» справах).
Часам улады абвяшчаюць пра вызваленні па «памілаванні» – не называюць імёнаў, а толькі пішуць, што частка вызваленых «асуджаныя за злачынствы экстрэмісцкага напрамку». У такіх выпадках праваабаронцы ўжываюць розныя каналы, расказвае Сапелка. Гэта блізкія і нават далёкія знаёмыя зняволеных, часам і самі вызваленыя. «Ці іншым чынам», – асцярожна кажа Сапелка. Ёсць рэчы, якіх праваабаронцы не раскрываюць, каб не падставіць людзей пад пераслед.
Ці праўда, што за выяўленыя на мяжы «экстрэмісцкія падпіскі» больш не садзяць?
Падчас праверак на мяжы некаторых людзей, у якіх знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі, сталі адпускаць, а не адпраўляць у ізалятары, расказала нядаўна «Наша ніва». Пішуць, ужо каля двух месяцаў тых, у каго знайшлі выпадкова пакінутыя падпіскі на незалежныя медыі ці палітычных актывістаў, толькі адвозяць у РАУС і выпісваюць папярэджанне. Ці могуць праваабаронцы аператыўна спраўдзіць такія звесткі?
Сапелка разважае: гэта залежыць ад таго, што лічыць «аператыўным». Наўрад ці такое ўдасца праверыць цягам некалькіх дзён. Але праваабаронцы ўважліва ставяцца да праверкі самой гэтай інфармацыі і таго, ці складаецца шырокая тэндэнцыя.
«Ведаеце, гэтыя практыкі бываюць вельмі часовыя, – дадае Сапелка пра затрыманні на мяжы. – Можа, сёння вось далі такое ўказанне, каб не афармлялі адміністрацыйныя справы».
Дапшэвічуце таксама сумняецца, што назіранне «Нашай нівы» карэктнае: калі сёння нікога не пасадзілі, гэта не значыць, што нікога не пасадзяць заўтра. І калі не затрымалі на мяжы, гэта не значыць, што сілавікі не прыедуць дамоў да чалавека праз некалькі дзён – такая тактыка «гэта класіка», кажа прадстаўніца BYSOL. Яна заклікае не верыць такім аптымістычным навінам, калі яны не паходзяць ад праваабаронцаў.
Пра гэтую канкрэтную сітуацыю на мяжы «Вясна» таксама заклікала чытачоў у сацсетках паведамляць тое, што ім вядома. Цяпер найчасцей прапануюць звязвацца з імі ў Telegram – пісаць на акаўнт @Viasnainfo.
Што рабіць, калі трэба эвакуявацца з Беларусі
Калі абвяшчаюць пра чарговую хвалю вызваленняў, BYSOL чакае зваротаў па эвакуацыю, а не рассылае прапановы аб дапамозе. Дапшэвічуце тлумачыць:
«Праактыўныя дзеянні з нашага боку ў гэтым выпадку, на жаль, могуць каштаваць чалавеку свабоды».
На сайце Bysol.org у раздзеле «Атрымаць дапамогу» ёсць спасылка на простую форму для заявак: там дастаткова апісаць пагрозу і сфармуляваць запыт на дапамогу; пажадана запампаваць дакументы, якія пацвярджаюць рэпрэсіі ці прынамсі актывісцкую дзейнасць. У любой незразумелай сітуацыі з эвакуацыяй варта пісаць на «Гарачую лінію» BYSOL: @help_bysol у Telegram.
BYSOL, на жаль, не можа аказаць падтрымку ў эвакуацыі ўсім – усе праграмы накіраваныя менавіта на рэпрэсаваных. Верыфікацыю праводзяць і для таго, каб не прайшлі заяўкі ад прадстаўнікоў сілавых структураў ці тых, хто пад іхным назіраннем.
Дапшэвічуце кажа, што BYSOL мае інструменты, каб пераканацца ў праўдзівасці гісторыі ці праверыць сапраўднасць дакументаў, можа каардынавацца з іншымі праваабарончымі арганізацыямі, запытаць ад заяўніка дадатковыя дакументы. Дадае: «Ёсць яшчэ пару сакрэцікаў, пра якія нельга казаць з меркаванняў бяспекі». Агулам жа BYSOL мае сродкі, каб мець пэўнасць, што аказваюць дапамогу тым, каму яна напраўду патрэбная.
