З картаю паляка – па-за чаргой, астатнія чакаюць. Як беларусы атрымліваюць польскія візы

Польская віза ў беларускім пашпарце. Варшава, Польшча. 31 траўня 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

У чэрвені Польшча чарговы раз памяняла сістэму запісу на атрыманне польскай візы. З гэтага моманту беларусы сталі ў чаргу і спрабуюць зразумець логіку ў выдачы слотаў на падачу дакументаў. Тым часам уладальнікам карты паляка зноў дазволілі атрымліваць тэрміны, мінаючы гэтую чаргу. Паглядзелі, колькі часу цяпер даводзіцца чакаць польскія візы і ці ёсць іншыя варыянты.

«Якім чынам ідзе чарга, застаецца загадкай»

З 8 чэрвеня візавыя цэнтры Польшчы сталі запісваць беларусаў на падачу дакументаў на візу паводле новай сістэмы: праз спіс чакання і верыфікацыю. Заяўку на падачу дакументаў уносяць у спіс чакання, а потым, калі падыходзіць чарга, дасылаюць так званыя слоты – даты, калі можна падаць дакументы. Гэта могуць быць некалькі тэрмінаў на выбар ці адзін канкрэтны. Калі з’явіцца вольны слот, для запісу на падачу даецца 48 гадзінаў. У адрозненне ад, напрыклад, візавага цэнтру Італіі, зразумець, калі хоць прыкладна прыйдзе чарга для падачы на візу Польшчы, немагчыма: замест парадкавага нумару выдаюць код.

Як пішуць беларусы ў чатах, дзе абмяркоўваюцца розныя візавыя пытанні, тым, да каго чарга ўжо дайшла, даюць слоты на падачу на найбліжэйшыя некалькі тыдняў, плюс перыядычна выскокваюць хуткія «адмоўныя» слоты. Але якім чынам ідзе чарга, застаецца загадкай.

«Калега запісваўся 8 чэрвеня на візу тыпу С у Менск. 6 ліпеня прыйшла спасылка на выбар слотаў, ён ужо падаўся. Як раздаюцца слоты, наагул няясна», – пішуць людзі ў чатах. 

«Я ў Менску жыву. Запісалася 8 чэрвеня. Чакаю дасюль. Цікава, вядома, колькі чалавек за гэты час прынялі».

«Я рэгістравалася 13 чэрвеня ў Менску на візу С. Пакуль глуха»

У астатніх гарадах час чакання не меншы. Шмат хто, запісаўшыся на падачу 8–9 чэрвеня, адразу пасля ўвядзення новых правілаў, на канец ліпеня слотаў не атрымаў.

«Для інфармацыі, калі не позна. Гомель – глуха, як у танку. Чакаю з 8 чэрвеня», – пішуць беларусы ў чатах.

«Можа, хто-небудзь хто ў Гомлі жыве і падыдзе ў ВЦ на Пушкіна, каб паглядзець, яны працуюць наагул ці ў іх рамонт, пералік, каранцін або яшчэ што-небудзь? Пры запісе ў чаргу з 8 чэрвеня не запрашаюць на падачу на турвізы».

Але так не ўва ўсіх, таму людзі ў чатах здзіўляюцца размеркаваннем слотаў. 

«Падаваўся ў Гомлі на турвізу 8 чэрвеня. Слоты з’явіліся 20 ліпеня, абраў падачу на 27 ліпеня».

«Падаваўся на турыстычны шэнген 10 чэрвеня ў Магілёве. 13 ліпеня далі адзіны слот на 15 ліпеня. Выбару не было, толькі адна дата і адзін прамежак часу».

«Падаваўся на турызм у Пінску 8 чэрвеня. 30 ліпеня прыйшлі слоты з выбарам датаў 3–14 жніўня».

«Ліда, віза С. Стаў у спіс чакання 13 чэрвеня, слоты абраў 30 ліпеня. Падача будзе 3 жніўня».

«Горадня, віза С. У спіс чакання сталі ў першы дзень, 8 чэрвеня. Спасылка на слоты прыйшла 29 ліпеня. Выбар датаў – з 3 да 7 жніўня». 

Візавы цэнтр Польшчы ў Менску на вуліцы Бабруйскай 6. Менск, Беларусь. Крыніца: yandex.by

Уладальнікі карты паляка: чаканне – тыдзень ці два

Схема падачы дакументаў на візу змянілася і для ўладальнікаў дзейнай карты паляка. Для іх ізноў увялі паскораны парадак, які раней адмянілі (увялі 4 жніўня 2025 года, крыху менш як праз год, у чэрвені 2026-га, спынілі). І цяпер ён ізноў запрацаваў – з 20 ліпеня 2026 года.

Цяпер беларусы з картаю паляка, якія жывуць у Менскам консульскай акрузе (гэта Менская, Гомельская, Віцебская і Магілёўская вобласці) не менш за апошнія шэсць месяцаў, ізноў могуць падаваць заявы на візу на электронную пошту polonia.wk.minsk@msz.gov.pl. Для паскоранага запісу трэба будзе прыкласці да ліста даведку аб рэгістрацыі з АГіМу (дзейсная месяц, іншыя даведкі не падыдуць) і карту паляка.

Мяркуючы з таго, што пішуць у чатах, сярэдні тэрмін чакання для ўладальнікаў карты паляка складае адзін – два тыдні.

«Напісала ліст 21.07, 29.07 прыйшла дата на 13.08», – дзеляцца беларусы досведам у тэматычных чатах. 

«Я пісала ў траўні, яшчэ да адмены. Дзесьці праз дзён 20 мне прызначылі дату на 16 ліпеня. 30 ліпеня забіраю пашпарт з візай».

«Я адправіла ліст 20 ліпеня, даведку з АГіМу даслала 22-га. Праз тыдзень мне адказалі «Чакайце чаргу». Вось дагэтуль чакаю».

«Адправіла 21 ліпеня ліст, 23-га мяне запрасілі на 7 жніўня».

Гэта прыкладна столькі ж, колькі чакалі ўладальнікі карты паляка і раней, да адмены паскоранага парадку: «Горадня, стала ў спіс чакання 17 чэрвеня. Спасылка на слоты прыйшла 22 ліпеня, слоты – з 28 да 31 ліпеня».

Між тым 30 ліпеня Польшча паведаміла, што прыпыняе прыём заявак на падаўжэнне карты паляка праз «арганізацыйныя прычыны»:

«Паведамляем, што з 1 да 31 жніўня 2026 года консульскі аддзел і аддзел польскай дыяспары амбасады Польшчы ў Менску часова спыняюць прыём заявак на атрыманне карты паляка». 

Карта паляка – дакумент, які пацвярджае прыналежнасць да польскай нацыі. 14 траўня 2019 года. Фота: Lukasz Bochman / East News

Візы бацькам і пенсіянерам: сістэма працуе, але канкрэтыкі мала 

Акрамя карты паляка, ёсць і іншыя выключэнні, якія дапамагаюць атрымаць візу хутчэй. Напрыклад, калі вам больш за 60 гадоў і на руках ёсць запрашэнне ад блізкіх сваякоў – грамадзян Польшча, вы з сужэнкаю ці сужэнцам таксама можаце запісацца ў консула праз электронную пошту minsk.wk.wizy@msz.gov.pl. У тэме ліста неабходна адзначыць: запрашэнне UW 60+. У дадатку да ліста абавязкова прымацаваць копію запрашэння, зарэгістраванага ў Ваяводскай управе, а таксама напісаць свае поўныя пашпартныя звесткі і нумар тэлефона.

Таксама ў 2024 годзе Міністэрства замежных справаў Польшчы ўвяло спрошчаны парадак запісу на візу для блізкіх сваякоў беларусаў, якія атрымалі ў Польшчы міжнародную ахову. Для атрымання слоту таксама можна напісаць на пошту консульства і залучыць копіі дакументаў наконт статусу таго, хто запрашае (напрыклад, дазвол на жыхарства на падставе абароны) і дакументы пра наяўнасць сямейных сувязяў. 

Што з запісам у іншых візавых цэнтрах?

Людзі ў чатах адзначаюць, што атрыманне польскай візы – «крайні выпадак», калі не можаце чакаць чаргі ў больш «лаяльныя» візавыя цэнтры: Італіі, Іспаніі, Нямеччыны ці Францыі.

Мала таго, што чэргі доўгія, для польскай турвізы трэба аплата жытла, а адсотак аднаразовых візаў, паводле водгукаў, вельмі высокі. Згодна з статыстыкаю за 2025-ы, Польшча за год выдала крыху менш за 20 тысячаў шэнгенскіх візаў грамадзянам Беларусі, саступіўшы Італіі (50,7 тысячы) і Нямеччыне (41,6 тысячы). 

Візавы цэнтр TLScontact, дзе прымаюцца дакументы на візы ў Італію і Вялікаю Брытанію. Менск, Беларусь. Фота: Tochka.by

З іншых даступных для самастойнай падачы на візу краінаў у беларусаў застаецца Італія, Іспанія і Францыя.

Нямеччына стала выдаваць візы пад даты паездкі, а чарга расцягнулася на два гады. У астатніх краінах крайне нізкая імавернасць запісацца самастойна, але большая імавернасць атрымаць візу пад паездку і правяранне ўсіх рэзервацыяў.

Адна з самых зразумелых і даступных сістэмаў рэзервавання датаў – у Італіі. Плюс краіна не скупіцца на тэрміны: з 50,7 тысячы выдадзеных у 2025 годзе візаў шматразовымі аказаліся 50,2 тысячы. Падаць дакументы на турыстычную шэнгенскую візу Італіі можна праз візавы цэнтр VFS Global у Менску ці наўпрост праз амбасаду Італіі (але лавіць слоты туды вельмі цяжка). Разглядаюць заявы доўга – у сярэднім ад трох тыдняў да месяца.

З траўня 2026 года VFS Global цалкам абнавіў сістэму. Цяпер слоты размяркоўваюцца сістэмай аўтаматычна ў парадку чаргі. Паводле нумароў можна прыкладна разумець, як яна прасоўваецца. З моманту рэгістрацыі да атрымання ліста са спасылкаю на выбар даты праходзіць у сярэднім да 3,5 месяца.

Францыя сёлета змяніла сістэму падачы на турыстычныя візы. У прыярытэтным парадку цяпер разглядаюцца заяўкі з запрашэннямі выключна ад блізкіх сваякоў з Францыі. Калі за тры месяцы вам не далі слоту, ваш кабінет анулюецца і ўсё трэба пачынаць з пачатку. Мяркуючы з водгукаў, з першага разу мала хто атрымаў слот. Частая практыка – кароткія візы нават з запрашэннямі. 

«Стварылі кабінет з анкетамі 13 лютага, два разы кабінет «злятаў». На трэці раз прыйшоў слот на 13 ліпеня. Ужо 17 ліпеня забрала пашпарты (вельмі хутка). Усе квіткі і рэзервацыі выкупленыя, поўны пакет дакументаў. У пашпарце была нямецкая віза, у 2025 годзе ездзіла з ёй у Францыю і паказвала доказы. Вынік: віза на 15 дзён пад паездку».

Але ёсць і шчаслівыя выпадкі, калі візу давалі нават на 5 гадоў.

Іспанія нічога не мяняла. Слоты на падачу ў Менску часта выкідваюцца хвалямі (два разы на месяц на два тыдні наперад), разбіраюць іх максімум за сем хвілінаў. Галоўны мінус Іспаніі ў тым, што краіна найчасцей выдае кароткатэрміновыя шэнгенскія візы «пад даты паездкі» максімум да 3 месяцаў, адсотак выдачы мультывізы настолькі мізэрны, што здаецца выключэннем з правілаў.

Наяўнасць мінулых іспанскіх візаў ці доўгіх шэнгенаў (ад года і вышэй), выкарыстаных без парушэнняў, дазваляе прэтэндаваць на мультывізу тэрмінам ад трох месяцаў да паўгода. І з улікам адпраўкі пашпартоў у Маскву чакаць візу можна да 60 дзён.

Тэса Анэйда, belsat.eu