«Гэта не проста пашпарт, гэта рай». Як прапаганда пужае беларусаў пазбаўленнем грамадзянства?

Беларускія пашпарты. Фота: Белсат

Вось ужо некалькі месяцаў прапаганда палохае, што нелаяльных беларусаў пачнуць пазбаўляць грамадзянства. Хаця ёсць артыкул Канстытуцыі, які кажа: «Ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь». Гэта толькі пагрозы ці ўлады сапраўды пойдуць на такое? Але – дзеля чаго? Чаго яны хочуць дабіцца?

Кампанія забірання ў беларусаў замежжа грамадзянства ідзе ўжо некалькі месяцаў, яе ўзначальваюць галоўныя галасы прапаганды – такія, як Грыгорый Азаронак. Аднак у канцы верасня – пачатку кастрычніка акцыя выйшла на новы ўзровень. Пакуль ідэя падаецца як набор меркаванняў, тэма, якую нібыта «абмяркоўваюць у беларускім грамадстве». Нядаўна нават знялі цэлы фільм «Выгнанне з раю». І гэта нават не метафара, бо там аўтарка, прапагандыстка Ксенія Лебедзева, на поўным сур’ёзе называе Беларусь раем:

«Гэта не проста пашпарт, гэта рай, у якім ты павінен жыць паводле яго правілаў. І калі ты парушаеш гэтыя правілы свядома – рызыкуеш быць выгнаным з раю назаўсёды».

Фільмік, дарэчы, прэтэндуе на нібыта рэпрэзентацыю розных меркаванняў. Адны ўдзельнікі, такія, як калісьці балцкі неапаганец, а цяпер камуніст-інтэрнацыяналіст Аляксей Дзермант, кажуць, што трэба расстрэльваць, як у Паўночнай Карэі, іншыя, «лагодныя» – не, пазбаўляць грамадзянства не варта: можа, яны яшчэ вернуцца ў Беларусь.

Але ў прыхільнікаў гэтай ідэі ёсць адна праблемка – артыкул 10 Канстытуцыі кажа, што «ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь альбо права змяніць грамадзянства».

Хіба гэта праблемка ў краіне, дзе не «іногда, а всегда не до законов»? Насамрэч юрыдычная магчымасць ужо існуе. 11 ліпеня 2023 года ўступілі ў моц папраўкі да Закону аб грамадзянстве. Яны дазваляюць спыняць беларускае грамадзянства ў дачыненні поўнагадовых беларусаў, якія перабываюць за мяжой і маюць прысуд, што ўступіў у моц, за пэўныя злачынствы, звязаныя з «экстрэмізмам» або нанясеннем шкоды інтарэсам дзяржавы. Норма можа закранаць нават тых, хто атрымаў грамадзянства пры нараджэнні.

Але – калі вы няўважліва пачулі галоўнае слова, то я звярну на яго вашую ўвагу. «Спыняць»! Папраўкі дазваляюць спыняць грамадзянства, а не пазбаўляць.

Удзельнікі акцыі трымаюць вялікі бел-чырвона-белы сцяг падчас акцыі «Дзень годнасці». Варшава, Польшча. 9 жніўня 2026 года. Фота: Белсат

Аднак мы ведаем афіцыйных беларускіх юрыстаў. Няма такога парушэння Канстытуцыі, якога яны не абгрунтавалі б. Былы старшыня Канстытуцыйнага Суда і адзін з аўтараў цяперашняга Асноўнага Закону Рыгор Васілевіч вось што кажа ў гэтым прапагандысцкім фільме:

«Так, можна сказаць, што ў артыкуле 10 Канстытуцыі ідзецца пра тое, што не дапускаецца пазбаўленне грамадзянства. Але трэба разумець: усе артыкулы Канстытуцыі трэба ўспрымаць ва ўзаемасувязі. Артыкул 10 звязаны з артыкулам 23, дзе сказана, што дапускаецца абмежаванне правоў і свабодаў (у тым ліку права на грамадзянства) у інтарэсах запэўнівання нацыянальнай бяспекі і грамадскага парадку».

Як бачым, папраўкі ў закон былі прынятыя яшчэ ў 2023 годзе, але дасюль не ўжываліся – прынамсі публічна пакуль невядома пра такія выпадкі ў дачыненні апанентаў рэжыму.

Задоўга да сённяшніх падзеяў, у 2010 годзе, беларускага грамадзянства пазбавілі журналіста Паўла Шарамета. Афіцыйнаю прычынаю сталася наяўнасць у яго расейскага грамадзянства.

Юрыст і палітычны дзеяч Алесь Міхалевіч у эфіры «Еўрарадыё» ацаніў ідэю ўладаў пазбаўляць беларусаў грамадзянства з гледзішча міжнародных канвенцыяў, якія падпісвала Беларусь:

«Што гэта такое з гледзішча міжнародных канвенцый і з гледзішча правоў чалавека? Безумоўна, гэта жудаснае парушэнне ўсяго, гэта паводле закону немагчыма. Калі ў чалавека грамадзянства пры нараджэнні, яго пазбавіць законным чынам немагчыма. Хіба калі ёсць доказы наяўнасці другога грамадзянства, бо існуе забарона падвойнага. Таму гэта жудаснае парушэнне ўсіх фундаментальных правоў».

Што можа чакаць тых беларусаў, якіх пазбавяць грамадзянства? Паводле Алеся Міхалевіча, у базу Інтэрполу адразу пойдзе інфармацыя, што пашпарт ануляваны. Гэта можа выклікаць праблемы пры праходжанні памежнага кантролю – асабліва небяспечным гэта будзе для тых, хто застаецца за межамі Еўразвязу.

Але, напрыклад, для беларусаў, якія маюць міжнародную абарону, гэта ўжо не мае істотнага значэння. Асобы, якія займаюцца ў эміграцыі палітычнай ці грамадскаю, культурніцкаю дзейнасцю, журналісты, грамадска-палітычныя дзяячы пераважна ўжо маюць статус уцекача альбо дазвол на жыхарства.

Плюс – усё больш беларусаў, у якіх скончыліся тэрміны дзеяння беларускага пашпарта, а працягнуць яго немагчыма. Нагадаем: у верасні 2023 года Аляксандр Лукашэнка прыняў адмысловы ўказ, у выніку якога беларускія амбасады і консульствы афіцыйна пазбаўленыя права працягваць тэрмін дзеяння пашпартоў і выдаваць новыя дакументы грамадзянам, якія стала ці часова жывуць за мяжою.

Аднак пры пацверджанай адсутнасці іншага грамадзянства існуе Канвенцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, якая прадугледжвае і дае магчымасць такім асобам нават у адносна недэмакратычных краінах мець нейкі прававы статус.

Карацей, выглядае, што рэальнай практычнай шкоды тым апанентам рэжыму, якіх Лукашэнка называе «збеглымі», пастанова аб пазбаўленні іх грамадзянства нанесці не можа. Для чаго тады ўсё гэта?

Вось што мяркуе праўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк:

«Пазбаўленне грамадзянства – хутчэй, сімвалічны крок, каб паказаць тым, хто застаецца жыць у Беларусі: і так будзе з кожным, хто пойдзе супраць нас, мы цябе выкінем у Польшчу, і там ты памрэш пад плотам ад жабрацтва. Што яны падкрэсліваюць у сваіх перадачах».

Мне падаецца, у гэтым галоўнае – яшчэ адным гучным паказальным «аргументам» прымусіць беларусаў баяцца выступаць супраць уладаў. Да таго ж гэта адпавядае таму ідэалагічнаму кокану, у які загнала сябе цяперашняя ўлада.

На сёння пакуль невядома, ці ўлады ўжо пастанавілі пазбавіць грамадзянства знаных апазіцыянераў або пачаць масавую кампанію. Але нельга і лічыць пагрозу пустою: прававая аснова існуе, а завочныя прысуды могуць стварыць неабходныя фармальныя ўмовы.

Магчымы сцэнар – выбарачнае выкарыстанне да асобных найбольш знаных палітычных дзеячаў, калі ўлады захочуць зрабіць паказальны прыклад. А можа, і не будзе нават гэтага, бо Менск не захоча лішні раз пагаршаць стасункі з Захадам і, наадварот, захоча выставіць адсутнасць такіх дзеянняў як сведчанне свайго гуманізму.

Але – пачнуць пазбаўляць ці не пачнуць – гісторыя паставіць сваю кропку.

Нацысцкі рэжым пазбаўляў грамадзянства асобаў, якіх пераследаваў паводле палітычных, расавых і рэлігійных прыкметаў. Пасля вайны ў артыкуле 116(2) Асноўнага Закону ФРГ замацавалі права такіх асобаў ды іхных нашчадкаў на аднаўленне грамадзянства.

5–16 жніўня 1990 года прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падпісаў указ аб вяртанні савецкага грамадзянства групе выгнаных пісьменнікаў, навукоўцаў, мастакоў і праваабаронцаў. Сярод іх быў і лаўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Аляксандр Салжаніцын, якога пазбавілі грамадзянства ў 1974 годзе і прымусова выслалі з СССР.

Так што калі цяперашнія антыбеларускія ўлады і пачнуць пазбаўляць беларусаў грамадзянства – прыйдзе час, калі ўсё гэта вернуць назад.

Віталь Цыгакоў, belsat.eu