У 42-ю гадавіну трагічнай смерці капелана «Салідарнасці» на тэрыторыі будаўніцтва Музея благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі ў Акопах прайшла афіцыйная прэс-канферэнцыя. Прадстаўнікі ўладаў паведамілі, што будаўнічыя працы выкананы ўжо на 60 адсоткаў.

Як адзначыў маршалак Падляшскага ваяводства Лукаш Пракорым, адкрыццё музея стане цэнтральнай падзеяй 2027 года, які абвешчаны Годам ксяндза Ежы Папялушкі:
– Мы, як ваяводства, да канца гэтага году хочам пачаць працу па стварэнні экспазіцыі музея, і на 80-ыя ўгодкі з дня нараджэння, 14 верасня, мы зможам адкрыць музей. Таксама нагадваю, што ваяводскі Сеймік у чэрвені абвясціў 2027 год – Годам благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі.

Паводле слоў міністра сельскай гаспадаркі Стэфана Краеўскага, будучы музей на бацькаўшчыне святара мае вялікае значэнне для захавання яго спадчыны і духоўнага выхавання будучых пакаленняў.
Кажа Стэфан Краеўскі:
– У Акопах – не ў Варшаве і не ў Беластоку – з яго малой радзімы будзем пашыраць памяць пра благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушку, які для многіх быў, ёсць і, спадзяюся, будзе ўзорам для пераймання яго нязломнасці.
Паралельна з пабудовай музея ўпарадкоўваецца і прылеглая тэрыторыя: будуецца дарога даезду, паркоўка ды месца для роздумаў у суседнім лесе. Завяршэнне асноўных будаўнічых прац запланавана да травень 2027 года, а афіцыйнае адкрыццё музея адбудзецца ў верасні 2027 года, акурат да 80-й гадавіны з дня нараджэння ксяндза Ежы Папялушкі.





