
Кіраўніца беларускага хабу «Прастора» у Кракаве Кацярына пачула стрэлы, калі ішла на сустрэчу беларускай супольнасьці. «Мы ўсе ў шоку», — кажа Кацярына. Беларускі гід у Кракаве Глеб Ляпейка кажа, што ён станоўча ўражаны тым, як спрацавалі польскія службы і як паводзяць сябе людзі.
«Стараліся быць усе разам і падтрымліваць адно аднаго»
У суботу, 7 лістапада, Кацярына ішла ў памяшканьне хабу «Прастора», якое знаходзіцца ў цэнтры Кракава. Беларусы плянавалі ўшанаваць памяць памерлых продкаў, зладзіць традыцыйную дзядоўскую вячэру. Па дарозе яна пачула стрэлы.
«Я пачула нейкія стрэлы, але падумала, што ў нас у горадзе вельмі часта нешта адбываецца: нейкія фэстывалі, канцэрты. Бачу, што бягуць людзі, але мой мозг не адразу мог успрыняць, што гэта нейкая небясьпека. Я пачала пытацца, што адбываецца, але мне ніхто не адказваў — людзі проста беглі. Толькі замежнікі па-ангельску сказалі, што страляюць», — расказвае Кацярына.
Яна вырашыла ня бегчы разам з натоўпам, а схавацца.
«Я ацаніла, што мне бліжэй будзе забегчы ў нашу камяніцу, чым бегчы разам з усім натоўпам. У нас цяпер ідзе рамонт фасаду, і я падумала, што хутчэй будзе схавацца за канструкцыямі гэтай будоўлі. Прыбегла туды. Памятаю, што было каля безь пяці тры», — кажа суразмоўца.
Ужо знаходзячыся ў бясьпецы, яна пачула, як на месца прыяжджае паліцыя і гучаць сыгналы сырэнаў.
У беларускай «Прасторы» ў гэты час пачалі зьбірацца людзі, якія прыйшлі на дзядоўскую вячэру. Яны сачылі за навінамі і стараліся падтрымліваць адно аднаго.
«Мы проста ня верылі, што гэта адбываецца. Стараліся быць усе разам, падтрымліваць адно аднаго, адказваць блізкім і сябрам, якія пісалі і пыталіся, як мы», — расказвае Кацярына.
Пазьней, калі людзі пачалі разыходзіцца па дамах, цэнтар гораду быў ачэплены паліцыяй.
Як Кракаў перажывае наступствы страляніны
Беларускі гід у Кракаве Глеб Ляпейка кажа, што на наступны дзень пасьля трагедыі ў горадзе было даволі спакойна. Паводле яго, ён станоўча ўражаны тым, як спрацавалі службы і як паводзяць сябе людзі:
«З таго, што я бачу, усё даволі спакойна. Я пад прыемным уражаньнем ад таго, як спрацавалі службы і як сябе паводзяць людзі. З прычыны жалобы ўсе мерапрыемствы адмененыя, людзі проста шпацыруюць па вуліцы. Сёньня сонечнае надвор’е. Ніякай панікі ня бачу, у сацсетках у тым ліку. Агулам на вуліцы нібы цішэй за звычайна, але гэта мне так можа здавацца».
Сам ён падчас страляніны знаходзіўся далёка ад цэнтру гораду, але падзеі ўсё роўна моцна яго закранулі. А 15-й гадзіне, калі ў цэнтры адбываўся напад, Глеб пачынаў экскурсію па могілках.
«Мы нават не чулі нічога. І гэта сюррэалістычны досьвед — праводзіць такі шпацыр падчас тэракту ў цэнтры», — расказвае ён.
Пасьля экскурсіі Глеб, які раней працаваў журналістам, узяўся зьбіраць правераную інфармацыю, каб дапамагчы людзям разабрацца ў тым, што адбылося, і не дапусьціць распаўсюду чутак.
«Як былы журналіст, хаця былых не бывае, пасьля экскурсіі сеў зьбіраць правераную інфармацыю, каб менш разыходзіліся чуткі. Цяжка на сэрцы ад усяго гэтага, а мозг пачынаў выдумляць сцэнары, як я мог апынуцца ў цэнтры. Я там амаль кожны дзень бываю. Сёньня ўжо лягчэй», — кажа Глеб Ляпейка.
Што вядома пра страляніну ў Кракаве
Страляніна адбылася 7 лістапада каля трэцяй гадзіны дня ў раёне галоўнай рынкавай плошчы Кракава. Паводле польскай паліцыі, мужчына страляў па выпадковых людзях з аўтамабіля, які рухаўся.
Загінулі шэсьць чалавек — чатыры жанчыны і двое мужчын. Сярод загінулых былі грамадзяне Польшчы і Вялікай Брытаніі. Яшчэ 15 чалавек атрымалі раненьні. Сярод пацярпелых былі замежнікі і двое паліцыянтаў. Стан аднаго з паліцыянтаў ацэньваўся як крытычны.
Нападніка, 24-гадовага грамадзяніна Польшчы, затрымалі пасьля перастрэлкі з паліцыяй. Ён быў паранены і трапіў у шпіталь. Паводле польскага міністра ўнутраных справаў Марціна Кервіньскага, ёсьць прыкметы таго, што мужчына захапляўся крайне правымі ідэалёгіямі і меў радыкальныя ультранацыяналістычныя погляды.
Пасьля нападу ў доме затрыманага ў горадзе Астровец-Сьвентакшысki знайшлі целы яшчэ трох чалавек — бацькоў і сястры нападніка.
Польскія ўлады расьсьледуюць абставіны і матывы нападу. 8 і 9 лістапада ў Польшчы абвешчаныя днямі нацыянальнай жалобы.
