На канале «Newsmax Україна» будзе перадача пра Беларусь

Ва Украіне пачаў тэставае вяшчанне канал «Newsmax Україна». Штотыдзень на канале будзе выходзіць перадача, прысвечаная падзеям у ды вакол Беларусі. Весці перадачу будзе аналітык Ігар Тышкевіч. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

Вяшчанне будзе весціся на рэгіён, і канал будзе даступны ў тым ліку ў Беларусі. «Беларусы ў Беларусі — вось патэнцыйная частка мэтавай групы. Іншыя — гледачы з Украіны ды суседніх краінаў. Задача — даць максімальна шырокі зрэз па падзеях. Прымусіць думаць самім, а не прапанаваць генеральную лінію партыі», — піша Ігар Тышкевіч.

Першы выпуск ужо можна паглядзець на ютубе. Госці выпуска — Зміцер Шчыгельскі і Валер Кавалеўскі.

Наконт мовы

Беларускай мовы ў перадачы пакуль не будзе. Вядоўца размаўляцьме па-ўкраінску, а госці — па-ўкраінску, па-расейску ці па-ангельску. Ігар Тышкевіч тлумачыць, што прычына таму выключна тэхнічная: «кожны запіс праграмы пасля выхаду на нармальны (а не тэставы) эфір будзе перакладацца на 4-5 моваў для вяшчання ў рэгіёне. На жаль, перакладу з/на беларускую фірма, што надае такія паслугі, пакуль не забяспечвае». Аналітык выказвае спадзеў, што рашэнне гэтай праблемы будзе знойдзена.

budzma.org