
Пра закрыццё «Дома творцаў» і беларускага шэлтэра ў Варшаве Сяржук Доўгушаў паведаміў на сваё старонцы ў Фэйсбук.
Творца патлумачыў сваё рашэнне тым, што хоча прысвяціць час сабе, сваёй сям’і і блізкім: «Я прыняў рашэнне аб закрыцці Дома творцаў і Беларускага шэлтара ў Варшаве.
З 2021 года я займаўся дапамогай, сацыяльна-дабрачыннай дзейнасцю, і вось мой рэсурс скончыўся. Цяпер я хачу дапамагчы сабе, быць больш са сваёй сям’ёй і блізкімі.
Я думаю, кожны памятае і ўзгадвае тую дапамогу, тыя месяцы бясплатнага пражывання ў нашых дамах. Усю тую сяброўскую дабрыню, утульнасць, хатнія, часам вельмі творчыя сустрэчы і вечары. Хай усё гэта застанецца ў цёплых, шчырых і добрых успамінах», — адзначыў Сяржук Доўгушаў.
Ён падзякаваў камандзе, гаспадарам, адміністратарам, валанцёрам і ўсім беларусам, хто падтрымліваў існаванне дамоў і шэлтараў. Пры магчымасці падзякую кожнаму асабіста.
«Здаецца, гэта цэлая гісторыя, палова жыцця… Дадам, што фундацыя «Дом творцаў» будзе існаваць далей разам з іншымі творчымі праектамі», — напісаў Сяржук Доўгушаў.
