14.11.: У Варшаве ўшануюць памяць Уладзіслава Ахроменкі

У суботу 14 лістапада, а 13 гадзіне ў Варшаве ў памяшканні дабрачыннай фундацыі «Дар лёсу», якая размешчана ў будынку касцёла Святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў, адбудзецца акцыя памяці беларускага пісьменніка, празаіка, кінасцэнарыста, драматурга і журналіста Уладзіслава Ахроменкі. Уладзіслаў Ахроменка памёр 9 лістапада 2018 года пасля інфаркту.

Вячаслаў Сіўчык

Гаворыць арганізатар акцыі лідар Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык:

– Гэта выдатны беларускі літаратар, журналіст. Ён таксама вельмі вядомы беларусам, бо вёў сур’ёзнае змаганне з той гэбэшнай бандай, якая сёння кіруе Беларуссю. Але гэтая банда мае сваю генезу. І Уладзіслаў быў рэпарцёрам Радыё Рацыя. Ён рабіў перадачы спачатку раз на тыдзень, а пасля — два разы на тыдзень. Яны былі заснаваныя на канкрэтнай крымінальнай справе супраць беларусаў ва Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы.

У дэмакратычнай Украіне адкрыліся архівы КДБ, і Уладзіслаў змог там працаваць. Гэтыя паходы ў архіў не дабавілі яму здароўя. Ён так быў шакаваны прачытаным, што кожны раз доўга прыходзіў у сябе. Таму што менавіта ў архіўных дакументах высвецілася бесчалавечнае аблічча дзяржавы, яе ненажэрная сутнасць і адначасова подласць людзей, якія пісалі даносы, паводле якіх знішчалі невінаватых.  

Уладзіслаў Ахроменка

racyja.com