Дзецям эмігрантаў дазволяць паступаць у віленскую гімназію Скарыны, нягледзячы на новыя правілы

Плакаты да канферэнцыі «Ад XVI стагоддзя да XXI стагоддзя», прысвечаная гісторыі кнігадрукавання ў Вялікім Княстве Літоўскім, у віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны. Вільня, Літва. 13 лістапада 2025 года. Фота: Skorinosgimnazija.lt

Віленскае гарадское самакіраванне пацвердзіла, што змены ў правілах прыёму не створаць перашкодаў для паступлення ў гімназію імя Францішка Скарыны ў 2027/28 навучальным годзе дзяцей з краінаў па-за Еўразвязам, якія маюць права на часовае або сталае пражыванне ў Літве.

Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве паведаміла аб атрыманні афіцыйнага адказу Адміністрацыі Віленскага гарадскога самакіравання ад 9 лістапада 2026 года (№ A51-191710/26) на зварот Асацыяцыі ад 2 кастрычніка 2026 года (№ A50-36839/26). Паводле Асацыяцыі, беларускія сем’і атрымалі афіцыйнае пацверджанне права на паступленне ў гімназію дзяцей эмігрантаў, якія не маюць літоўскага грамадзянства; гэты адказ дазваляе больш упэўнена планаваць адукацыю дзяцей.

У жніўні 2026 года Віленская гарадская рада ўнесла чарговыя змены ў парадак прыёму ў школы, тлумачыць Асацыяцыя. Новая рэдакцыя аднаго з пунктаў выклікала занепакоенасць датычна магчымасці паступлення ў гімназію дзяцей без літоўскага грамадзянства. У адказе пацвердзілі, што:

  • змены не паўплываюць негатыўна на прыём у гімназію дзяцей з краінаў па-за Еўразвязам, якія маюць права на часовае або пастаяннае пражыванне ў Літве;
  • дзеці, якія цяпер наведваюць падрыхтоўчую групу ў гімназіі, змогуць прэтэндаваць на паступленне ў першыя класы;
  • самакіраванне імкнецца забяспечыць бесперапынную дзейнасць гімназіі, спалучыўшы інтэграцыю і навучанне на дзяржаўнай мове з магчымасцю вывучэння беларускай мовы і захавання беларускай ідэнтычнасці.

Мінулыя змены ў статут гімназіі былі ўнесеныя віленскімі ўладамі ў сакавіку. Мовамі навучання гімназіі зрабілі літоўскую і беларускую. Віцэ-мэр Вільні Вітаўтас Міталас казаў: «Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і надалей змогуць вывучаць сваю родную мову, але асноўнай мовай прадметаў, паколькі на гэтай мове здаюцца іспыты, будзе дзяржаўная літоўская мова». Прынамсі адзін з бацькоў, які размаўляў з медыямі, выказаў надзею на тое, што гэта не прывядзе да выціскання з гімназіі беларускай мовы.

Асацыяцыя беларускіх бацькоў раней публікавала вынікі апытання беларускіх сем’яў у Літве: сярод бацькоў пабачылі попыт на мадэль, у якой дзіця магло б вывучаць беларускую мову і адначасова атрымліваць моцную літоўскую без дамешку іншых моваў. Частка бацькоў хацела б бачыць дзяцей у школе з навучаннем цалкам на літоўскай мове, але іх стрымлівае моўны бар’ер і страх перад цяжкасцямі поўнага паглыблення ў літоўскамоўнае асяроддзе. Незалежна ад таго, на якой мове дзеці вучацца цяпер, ніводзін з 91 рэспандэнтаў не назваў расейскую мову ідэальным пажаданым варыянтам.

Пры гэтым, паводле таго ж апытання, 68,1 % рэспандэнтаў паведамілі, што іхныя дзеці пераважна або выключна карыстаюцца расейскай моваю. Для 78 % дзяцей беларуская не ёсць асноўнай моваю зносінаў, хаця частка з іх карыстаецца ёю рэгулярна. 91 % бацькоў лічаць важным, каб іхныя дзеці вывучалі беларускую мову дзеля захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Але 86 % лічаць важным вывучэнне літоўскай мовы для паспяховага далейшага жыцця дзяцей у Літве.

Алесь Наваборскі, belsat.eu