Разам з Ірынай Зімнёвай, дырэктаркай моўнага цэнтра, які кансультуе па картах паляка і адукацыі ў Польшчы, былі таксама затрыманыя два яе намеснікі: іх пасля допытаў адпусцілі дадому, а Зімнёву будуць судзіць па адміністрацыйным артыкуле за «хуліганства», піша citydog.io.
Як паведамляюць праваабаронцы, падчас ператрусу ў галоўным офісе дасталі ўсе кампутары. Саму Ірыну Зімнёву будуць судзіць па арт. 19.1 КаАП (хуліганства), бо ў яе тэлефоне былі знойдзеныя выявы ў бел-чырвона-белых колерах, а таксама выява з тэкстам «перамагай зло дабром».
Нагадаем, пра затрыманне дырэктаркі «СлаўЦэнтра» стала вядома ў сераду, 12 красавіка. Цэнтр славянскіх моў і культур, якім кіруе Ірына Зімнёва, акрамя моўных курсаў таксама дае кансультацыі па атрыманні карты паляка і паступленні ў польскія ВНУ.
Пакуль галоўны офіс зачынены, супрацоўнікі працягваюць працаваць.
budzma.org паводле citydog.io