Роўна 90 гадоў таму савецкія ўлады стварылі «Палітычную камісію для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы», зрабіўшы чарговы крок у справе пазбаўлення беларусаў нацыянальнай ідэнтычнасці. Усе сябры ганебнай камісіі будуць рэпрэсаваныя сваімі ж паплечнікамі ў 1937-38 гадах. «Новы Час» узгадвае тыя падзеі.
«Бальшавіцкая дзяржава, якая ўпершыню ў гісторыі ажыццяўляла эксперымент па стварэнню новага грамадства і новага чалавека, разглядала і мову як аб’ект адмысловых маніпуляцый, накіраваных на дасягненне пэўных, зусім не лінгвістычных мэтаў. Важным кірункам такіх маніпуляцый з 1930 года было замацаванне рускага ўплыву ў нормах літаратурных моў іншых народаў СССР. Гэта падвышала культурную гамагеннасць сярод народаў савецкай імперыі, прыглушала іх памкненні да сепаратызму, спрыяла іх культурнай і моўнай асіміляцыі. Ахвярай такой палітыкі з 1930-х гадоў зрабілася і беларуская мова», — пісаў у кнізе «Два стандарты беларускай літаратурнай мовы» мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук Ігар Клімаў.
«Палітычная камісія для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы» ставіла на мэту перапрацоўку акадэмічнага праекту рэформы беларускага правапісу 1933 года. Першапачатковы праект быў распрацаваны групай навукоўцаў Інстытуна мовазнаўства імя Якуба Коласа і вылучаўся адназначным русіфікацыйным ухілам. Тым не менш, бальшавікі «зверху» палічылі яго недастаткова крыважэрлым, таму і склікалі «палітычную камісію» з надзейных таварышаў, што зрабілі нашу максімальна падобнай да расійскай. Як не складана здагадацца, ніводнага лінгвіста ў новай, ідэалагічна правільнай камісіі, не было — сапраўды, а навошта?
Дык хто вырашаў лёс беларускай мовы?
У «палітычную камісію» 1933 года ўвайшлі 6 чалавек незайздроснага лёсу.
Мікалай Галадзед — чалец ВКП(б) з 1918 году. У 1921-1924 былы студэнт рабфака Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту стаў старшынём выканкаму Горацкага савету, таксама быў старшынём тройкі па барацьбе з бандытызмам. У 1925-м даслужыўся да пасады Другога сакратара ЦК КП(б)Б. А З 1927 ПА 1937 год працаваў Старшынём Саўнаркаму БССР. Мікалай Галадзед быў узнагароджаны ордэнам Леніна, што не зберагло яго, як і многіх іншых, ад арышту, які адбыўся ў 1937-м годзе у Маскве. Падчас допыту ў будынку НКУС няшчасны выкінуўся з вакна 5-га паверха.
У лістападзе 1955 года галоўная ваенная пракуратура зрабіла даведку, дзе адзначалася:
«…Галадзед 14 чэрвеня быў этапаваны ў гор. Мінск і 21 чэрвеня выкінуўся з будынку МУС праз вакно пятага паверху і разбіўся, ня даўшы ніякіх паказанняў».
Рэабілітаваны генэральным пракурорам СССР 22 сакавіка 1956.
Таксама ў «палітычную камісію» па вынішчэнні беларускага з беларускай мовы ўвайшоў Аляксандр Чарвякоў.
У 1917-м Аляксандр Чарвяк (такім было ягонае сапраўднае прозвішча) быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. У 1918-м годзе быў прызначаны камісарам па беларускіх справах (Белнацкам) пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасьцяў РСФСР. Тады ж наркам па справах нацыянальнасьцяў Іосіф Сталін параіў Алесю Чарвяку зьмяніць прозьвішча на Чарвякоў – і той паслухаўся. Чалец Цэнтральнага бюро ЦК КП(б) Беларусі (1920-1924), ЦК КП(б) Беларусі (1924-1937). У чэрвені 1937 году на XVI з’ездзе КП(б) Беларусі быў падвергнуты рэзкай крытыцы за недастатковую працу па зьнішчэньні «ворагаў народу». У прамове падчас з’езду выступіў у абарону асуджанага Мікалая Галадзеда і Зьмітра Прышчэпава. Падчас перапынку ў з’ездзе застрэліўся ў сваім кабінэце, пакінуўшы перадсмяротную запіску супярэчліва-адваротнага зьместу: «Я сыходжу з жыцьця, праклінаючы ўсіх ворагаў народа, я праклінаю беларускіх фашыстаў, агентаў польскага імпэрыялізму». Рэабілітаваны ў 1957 годзе.
Нядоўгі жыццёвы шлях чакаў і наступнага сябра «палітычнай камісіі» — Васіля Шаранговіча.
Ён паходзіць з беларускай сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю. Да 1917 года працаваў на чыгунцы ў Маладзечна слесарам. З 1917 года — чалец РСДРП(б). З 1918 году служыў у Чырвонай арміі, а ў 1919-м быў накіраваны на падпольную працу ў Мінскую губэрню. У 1920-м арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны а розных звестках да 10 альбо 20 гадоў катаргі.У 1921-м абменены Савецкім урадам і прызначаны намеснікам наркаму юстыцыі БССР. З 1926 году быў на прафсаюзнай рабоце ў Сыбіры. У 1931-1934 — сябра Прэзыдыўму ЦВК БССР. З гэтай пасады неабцяжараны добрай адукацыяй Шаранговіч і ўвайшоў у «палітычную камісію для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы».
У 1934-м годзе ён атрымаў прызначэньне ўпаўнаважаным камісіі партыйнага кантролю ў Казахстан. А пасля адкліканьня Гікалы Крэмль вярнуў Васіля Шаранговіча на радзіму і прызначыў яго першым сакратаром ЦК КП(б) Беларусі. Менавіта на час ягонай працы першым сакратаром партыі прыпадае гібель калегаў па «палітчнай камісіі» — старшыні Вярхоўнага Савета БССР Аляксандра Чарвякова і старшыні Саўнаркаму Мікалая Галадзеда.
У чэрвені 1937 на XVI зьезьдзе КП(б) БССР (тым самым, падчас ягога загінуў Аляксандр Чарвякоў) Васіль Шаранговіч абвясьціў:
«Мы павінны зьнішчыць дашчэнту рэшткі япона-нямецкіх і польскіх шпіёнаў і дывярсантаў, астаткі трацкісцка-бухарынскай банды і нацыяналістычнай падалі, раструшчыць і сьцерці іх у парашок, як бы яны ні маскіраваліся, у якую б дзіру ні хаваліся».
Палымяная прамова не ўратавала Шаранговіча. 27 ліпеня 1937 года ён быў арыштаваны. Васіля Шаранговіча судзілі па справе «праватрацкісцкага антысавецкага блёку» з групай, якую ўзначальваў Бухарын. Судовы працэс быў адкрыты, справаздачы пасяджэнняў змяшчаліся ў друку.
Асуджаны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 13 сакавіка 1938 года за «ўдзел у контрарэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня. У апошнім слове Васіль Шаранговіч прамовіў:
«Я прачуў увесь кашмар здзейсьненых мной здрадніцкіх, падступных злачынстваў супраць савецкага народу, супраць Савецкай краіны. Кожны такі, як я, безумоўна будзе раздушаны ўсёй магутнасьцю савецкай улады».
15 сакавіка 1938 году расстраляны. Рэабілітаваны 19 сьнежня 1957 года.
Біяграфія ураджэнец Капылі Аляксандра Чарнушэвіча вядомая не надта падрабязна, аднак уражвае шэрагам высокіх пасадаў.
З 1922 года працаваў загаднікам аддзелаў Бабруйскага і Віцебскага акруговых камітэтаў партыі, культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б. У 1932-1933 — сакратар Мінскага гаркаму КП(б)Б. З 1933 па 1936 – наркам асветы БССР. У 1931-1934 чалец Бюро ЦК. Сябра Прэзыдыўму ЦВК БССР (1935-1936)… У 1937-м годзе расстраляны.
Рэабілітаваны ў 1956-м.
Мінчук Андрэй Александровіч з маладосці трансляваў максімальна антыбеларускія погляды.
Тым не менш, фармальна лічыцца адзіным беларускім літаратарам, што трапіў у «палітычную камісію для перагляду расійска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы». Тады, у 1933-м годзе, яму было 27. І не дарма — бо па рэформе атрымаў пасаду дырэктара Інстытуту мовы Беларускай Акадэміі навук, намесніка старшыні праўленьня Саюзу савецкіх пісьменьнікаў (ССП) БССР (1934), чальца-карэспандэнта БАН, чальца ЦВК БССР.
У 1930-я публічна выступаў з крытыкай творчасці Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, нашаніўцаў.
У 1935-м годзе ён выступіў у ССП БССР з дакладам «Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце ў БССР», дзе акрэсьліў наступныя мэты выступу:
«Я пытался вскрыть классовые корни полонизации, указал множество примеров, как враги полонизмами и словами <…> созданными по националистическому образцу <…> старались оторвать белорусский язык от языка братского русского народа».
Таксама пад ягонай рэдакцыяй у 1934-м годзе выйшла кніга «Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы», у якой сцвярджаліся ў якасці іншамоўных адпаведнікаў для слова «Беларусь» расійскацэнтрычныя формы (анг. White-Russia, франц. Russie Blanche, ням. Weissrussland).
Вось такія спецыялісты ўкладалі правілы, па якіх сёння вывучаюць беларускую мову школьнікі.
Як ні стараўся выдатнік партыі сцвердзіць сваю прыхільнасць, у 2 ліпеня 1938 года ён быў арыштаваны і асуджаны на 15 гадоў лягераў. У 1947 годзе выйшаў на волю, зноў быў арыштаваны 26 лютага 1949-га і сасланы ў Краснаярскі край.
Рэабілітаваны ў 1955 годзе.
Апошні з сябраў «палітычнай камісіі» — паляк Тамаш Домбаль.
Да Першай сусветнай вайны вывучаў медыцыну ў Ягелонскім універсітэц і права ў Венскім універсітэце. У верасні 1920 года ўступіў у Камуністычную партыю Польшчы, і ў ліпені 1921-га разам з паалечнікамі сфарміраваў у польскім Сейме фракцыю камуністаў. У лістападзе таго ж года за антыдзяржаўную дзейнасць пазбаўлены дэпутацкай недатыкальнасці, арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў турмы. У 1923-м у межах абмену вязнямі паміж Польшчай і СССР выехаў у краіну саветаў.
У Маскве займаўся стварэннем Сялянскага інтэрнацыянала. У 1932-м годзе Тамаш Домбаль быў прызначаны дырэктарам Інстытута эканомікі і першым віцэ-прэзідэнтам Беларускай Акадэміі Навук, таксама працаваў дырэктарам Інстытута эканомікі АН БССР, быў сябрам ЦК КП(б) Беларусі, а таксама ЦВК БССР.
Свае апошнія гады Тамаш Домбаль правёў Маскве, дзе рэдагаваў газету на польскай мове «Савецкая трыбуна» («Trybuna Radziecka»), а таксама загадваў кафедрай Маскоўскага інстытута механізацыі і электрыфікацыі імя Молатава.
Арыштаваны 29 снежня 1936 года па справе так званай «Польскай ваеннай арганізацыі». Не вытрымаўшы допытаў і катаванняў, абгаварыў таварышаў яшчэ па польскім рэвалюцыйным руху, што прывяло і да іх арыштаў і смерці, рэпрэсій супраць чальцоў іх сямей. У жніўні 1937 года быў расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955-м.