Святлана Ціханоўская пракаментавала прысуд Паўлу Белавусу: «Гэта прысуд усім беларусам, якія мараць пра сапраўдную беларускую Беларусь… для якіх Беларусь перадусім».
Святлана Ціханоўская выказалася наконт прысуду дырэктару symbal.by: «Сёння Паўлу Белавусу вынеслі прысуд – 13 гадоў зняволення. Людзі, якія ахвотна прымуць страту незалежнасці і далучэнне Беларусі да Расіі, вынеслі прысуд чалавеку, для якога Беларусь перадусім. Павел Белавус больш за 10 гадоў развіваў праекты ў сферы беларускай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці.
Гэта прысуд не толькі Паўлу — гэта прысуд усім беларусам, якія мараць пра сапраўдную беларускую Беларусь. Краіну, дзе ведаюць сваю гісторыю, шануюць свае традыцыі, маюць нацыянальную годнасць, карыстаюцца роднай мовай. Усё гэта цяпер з’яўляецца для рэжыму «экстрэмізмам».
У Паўла Белавуса на волі засталася жонка Кацярына і двое маленькіх дзяцей. У іх сям’і канфіскавалі машыны і нават частку бытавой тэхнікі. Пасля прысуду могуць апісаць і канфіскаваць абсалютна ўсё ў доме – ад кававаркі да мікрахвалёўкі.
Святлана Ціханоўская папрасіла дапамагчы сям’і Паўла — дзеля таго, каб аплаціць працу адвакатаў і набыць неабходныя рэчы для жыцця сям’і.
Нагадаем, Паўла затрымалі 15 лістапада 2021 года. Судовы працэс над ім пачаўся 20 лютага і праходзіў у закрытым рэжыме. Працэс вяла суддзя Жана Брысіна.
Па версіі абвінавачання, Белавус «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, скіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». У Следчым камітэце заявілі, што Павел Белавус падпісаў не менш як 12 дамоў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі і «стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да радзімы».
35-гадоваму Паўлу Белавусу было прад’яўлена абвінавачанне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 356 («Здрада дзяржаве»);
- ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
- ч. 3 арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»);
- ч. 1 арт. 361-1 («Кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем»).