Замежныя дыпламаты і знешнепалітычныя ведамствы еўрапейскіх краін выказаліся ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Нагадаем, 21 траўня з ініцыятывы праваабаронцаў праводзіўся Дзень салідарнасці з палітвязнямі.
«У Беларусі больш за 1500 палітвязняў. Іх трымаюць у невыносных умовах, яны страчваюць здароўе і нават жыццё, пра многіх з іх даўно няма ніякіх звестак. Вязні сумлення павінны быць неадкладна вызвалены, без усялякіх умоў, і поўнасцю рэабілітаваны», — напісаў у Twitter амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, суправадзіўшы пост хэштэгам #standwithbelarus.
МЗС Польшчы таксама апублікаваў у сваім Twitter заяву.
«У Беларусі амаль 1500 чалавек з’яўляюцца палітвязнямі. Сёння, у дзень палітвязня, мы яшчэ раз заклікаем улады Мінска вызваліць усіх затрыманых, у тым ліку Андрэя Пачобута, і спыніць далейшыя рэпрэсіі», — гаворыцца ў паведамленні.
«У спісах палітвязняў у Беларусі лічыцца больш за 1500 імёнаў. Кожная іх гісторыя — сведчанне рэпрэсій з боку беларускага рэжыму, — гаворыцца ў заяве МЗС Літвы. — У дзень палітвязня ў Беларусі мы гаворым усім несправядліва зняволеным: #WeStandByYou кожны дзень».
А міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Тсахкна апублікаваў у сваім Twitter адкрыты ліст на адрас аднаго з удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года, палітвязня Віктара Бабарыкі.
Малюнак ліста міністр суправадзіў наступным тэкстам: «Як я напісаў у лісце да Віктара Бабарыкі, ён натхняе народ Беларусі. Эстонія падтрымлівае дэмакратычныя памкненні беларускага народа і выступае за безумоўнае і неадкладнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных».
«Балатуючыся ў прэзідэнты, вы ўсведамлялі рызыкі, але ўсё роўна ішлі на іх. Вы хацелі палітычнага плюралізму для сваёй краіны, які з’яўляецца спадарожнікам дэмакратыі, правоў чалавека і асноўных свабод. Вы былі і застаяцеся крыніцай натхнення для беларусаў, якія хочуць свабодных выбараў, але атрымліваюць замест гэтага крывавыя рэпрэсіі, — гаворыцца ў лісце кіраўніка эстонскага МЗС. — Хачу вас запэўніць: свет не забыўся палітвязняў Беларусі. Мы глыбока занепакоеныя вашым здароўем і самаадчуваннем і жадаем усім вам, нягледзячы на жорсткія катаванні ў руках баязлівага рэжыму, сілы і спакою духу. Я перакананы, што хутка дэмакратыя здабудзе сілу і героі выйдуць на волю, каб пабудаваць Беларусь, якая будзе належаць да еўрапейскай сям’і. Мы разам з вамі!»
ЗША заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні дзяржсакратара Злучаных Штатаў Энтані Блінкена, апублікаваным у Twitter.
«Мы асуджаем утрыманне пад вартай больш за 1500 зняволеных, якія ўтрымліваюцца рэжымам Лукашэнкі. Мы заклікаем да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і падтрымліваем імкненне беларускага народа да дэмакратычнай будучыні», — напісаў ён.