У гэты дзень, 25 траўня, 150 гадоў таму нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі — мастак беларуска-польскага паходжання, які лічыцца адным з лепшых пейзажыстаў канца ХІХ — першай трэці ХХ стагоддзяў. Яго добра ведаюць у Польшчы і Расіі, а ў Беларусі ён амаль забыты. Пры гэтым сам Жукоўскі ніколі не забываўся на край, адкуль ён быў родам.
Расказваем пра яго пакручастае жыццё і трагічны лёс.
Пра мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулю чуў хаця б нешта нават той, хто ні разу не бываў у Мастацкім музеі ў самым сэрцы Мінска. А вось пра Станіслава Жукоўскага, які быў ягоным равеснікам і не саступаў яму па таленце, ведае далёка не кожны. Разгадка, відаць, у тым, што першаму ўдалося паспяхова пераадолець цяжкасці, якія выпалі ў першай палове ХХ стагоддзя, а другому — не.
Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся на Гарадзеншчыне ў 1873 годзе ў сям’і шляхціча, які быў пазбаўлены ўсіх сваіх уладанняў, статусу і нават прывілеяў за ўдзел у паўстанні 1863 года. Яно і не дзіва, калі глянуць шырэй на сваякоў мастака. Бо ягоны дзядзька не проста належаў да паўстанцкага руху, але ўваходзіў у лік ягоных кіраўнікоў і нават быў блізкім сябрам Кастуся Каліноўскага. Таму свой уласны родавы маёнтак сям’я Жукоўскіх была вымушаная арандаваць…
Менавіта ў тым арандаваным маёнтку, які называўся Старая Воля і знаходзіцца непадалёк ад Пружанаў, і прайшло дзяцінства ды юнацтва Жукоўскага. Ягоная маці належала да арыстакратычнага роду Вярбіцкіх з Варшавы, таму мела добрую адукацыю і выхаванне, якія з малых гадоў імкнулася перадаць і свайму сыну. Менавіта яна прывіла яму любоў да складання вершаў, малявання і музыкі.
Пачатковую адукацыю Станіслаў Жукоўскі атрымаў у Варшаўскай класічнай гімназіі, а працягнуў навучанне ў Беластоцкім рэальным вучылішчы. І менавіта ў гэты час адбылася лёсавызначальная сустрэча, якая і акрэсліла далейшы жыццёвы шлях нашага земляка. Справа ў тым, што з канца 80-х гадоў ХІХ стагоддзя ў Беластоку жыў і выкладаў расійскі мастак-італьяніст Сяргей Южанін, які стаў для пачаткоўца сапраўдным правадніком у свет мастацтва.
Жукоўскага настолькі захапіла ідэя стаць сапраўдным мастаком, што ён пайшоў на не зусім законны хітрык — падрабіў метрыку, каб паступіць у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і архітэктуры, бо быў яшчэ непаўнагадовым. Да ўсяго дадавалася воля бацькоў — тыя катэгарычна не прымалі выбар сына. Каб аплочваць вучобу і забяспечваць свой мінімальны дабрабыт, мастак вымушаны быў пісаць пейзажы на продаж. Але нягледзячы на ўсе неспрыяльныя абставіны, Станіслаў Жукоўскі адвучыўся і паспяхова скончыў гэтую навучальную ўстанову ў 1897 годзе.
Яшчэ вучнем ён праявіў свае здольнасці да мастацтва. У 1895 годзе ім было атрымана пасведчанне ад Савета Маскоўскага мастацкага таварыства і білет «для вольнага пражывання ва ўсіх гарадах Расійскай імперыі», што давала магчымасць шмат вандраваць і маляваць пейзажы з натуры. У тым самым годзе ён пачынае браць удзел у розных мастацкіх выставах. І акурат тады ім была напісана адна з самых вядомых ягоных карцін, якая называецца «Нёман».
Старт Жукоўскага быў даволі паспяховым — хуткае прызнанне сярод маладога творцы сярод калегаў, удзел у выставах, сяброўства з арыстакратыяй з дому Раманавых, прэстыжныя замовы. Ён стаў літаральна песняром старасвецкіх маёнткаў і палацаў. Бо менавіта па ягоных карцінах цяпер мы можам бачыць, як менавіта выглядалі пакоі ў тых шляхецкіх маёнтках на сконе Расійскай імперыі.
Перад Першай сусветнай вайной Жукоўскі паспеў адкрыць прыватную школу жывапісу, дзе вучыліся многія вядомыя мастакі. У тым ліку і «агитатор, горлопан, главарь» Уладзімір Маякоўскі, які пазней стане сімвалам рэвалюцыі 1917 года. Станіслаў Жукоўскі тых радыкальных пераўтварэнняў і каштоўнасцей катэгарычна не прыняў. З часам ён нават пачне падпісваць свае працы лацінкай замест кірыліцы. Зрэшты, ён са сваёй настальгіяй па мінулым таксама быў без патрэбы новай эпосе, дзе тон ужо задавалі чырвоны сцяг, трубы заводаў і маўзер.
Мастак выступаў за захаванне культурных і гістарычных каштоўнасцей, якія ў той час знішчаліся камуністамі. Ды і сам ён усё часцей пачаў падвяргацца крытыцы з боку новапаўсталых «мастацтвазнаўцаў» у скураных куртках. Таму выхад быў хіба што адзін — эміграцыя.
У 1923 годзе Станіслаў Жукоўскі разам з некалькімі аднадумцамі перабіраецца ў Польшчу, якая ў 1918 годзе не толькі змагла абвесціць сваю незалежнасць, але і потым адстаяць яе ў вайне з бальшавікамі. Не займаючыся наўпрост палітыкай, мастак праз сваю творчасць выказваў уласныя пагляды, якія збольшага карэлявалі з генеральнай лініяй Другой Рэчы Паспалітай.
Жукоўскі рэгулярна выязджаў на Гарадзеншчыну і Берасцейшчыну, дзе маляваў у любых сэрцу мясцінах — Стараволі, Гарнастаевічах, Падароску, Белавежскай пушчы. У 1937 годзе на адной з выставаў ён нават прадставіў два дзясяткі карцінаў, якія знаёмілі гледачоў з гісторыяй і культурай яго малой радзімы.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны мастак нікуды не выехаў з Варшавы, дзе стала пражываў ад моманту свайго пераезду ў Варшаву. Не мог кінуць горад, дзе напісаў палотны, якія прынеслі яму шматлікія ўзнагароды і прызнанне. У міжваенны час Музеі розных польскіх гарадоў, найперш, вядома, Варшавы і Кракава даволі ахвотна набывалі ягоныя працы. Нават у часе вайны ён працягваў займацца сваёй справай.
Калі летам 1944 года пачалося Варшаўскае паўстанне, Жукоўскі трымаў сувязь з падпольшчыкамі, якія гераічна змагаліся з немцамі. Сілы былі няроўныя, таму ў хуткім часе выступленне палякаў было жорстка падаўлена. Мастак быў арыштаваны і змешчаны ў Прушкаўскі канцлагер, дзе і загінуў у хуткім часе. Пахаваны разам з іншымі ахвярамі ў братэрскай магіле. А многія ягоныя карціны былі знішчаны акурат пачас задушэння паўстання немцамі.
Той факт, што ў Станіслава Жукоўскага прысутнічае вялікая колькасць карцін, якія тым ці іншым чынам звязаныя з нашым краем, яскрава сведчыць, што мастак лічыў Беларусь не проста месцам свайго нараджэння. Бо часам акурат такое меркаванне можна сустрэць у сеціве, прычым транслююць яго збольшага на дзіва самі ж беларусы…